Святар і валанцёры навялі парадак на месцы разбуранага храма ў адселенай вёсцы

14 чэрвеня 2021

top.jpg

14 чэрвеня ў скасаванай пасля аварыі на ЧАЭС вёсцы Старыя Грамыкі Веткаўскага раёна прайшоў своеасаблівы суботнік па навядзенні парадку ля паклоннага крыжа, устаноўленага на тэрыторыі вясковых могілак на месцы разбуранага храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.

Гэтая вёска вядомая тым, што тут нарадзіліся савецкі дыпламат і дзяржаўны дзеяч Андрэй Андрэевіч Грамыка (1909-1989) і ваенны дзеяч генерал-маёр Віктар Іванавіч Грамыка (1912-1977).

Работы па добраўпарадкаванні месца, дзе знаходзіцца частка падмурка храма, пабудаванага ў 1779 годзе, а таксама афарбоўка паклоннага крыжа, былі зробленыя сіламі вернікаў прыхода храма Праабражэння Гасподняга ў г. Ветцы па ініцыятыве кіраўніка Веткаўскага аддзялення «Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі» Шчамаровай Вольгі Аляксееўны і пад кіраўніцтвам настаяцеля храма Праабражэння Гасподняга протаіерэя Міхаіла Барысенка.

Месца, дзе стаяла царква, у дадзены час уяўляе сабой сумнае відовішча. Зараснікі буйнога пустазелля літаральна стаяць сцяной. Тут жа расце малады параснік клёну і іншых парод дрэў. Удзельнікам акцыі прыйшлося нямала папрацаваць, каб прывесці святое месца ў належны выгляд.

Згодна з праваслаўным паданнем, ангел-захавальнік даецца не толькі кожнаму новаму члену Царквы, але і кожнаму новасвячонаму храму. Ён моліцца аб кожным чалавеку, хто наведвае набажэнствы ў гэтым храме і прыносіць Богу сэрца. Ангел храма радуецца і цешыцца, калі ў даручанай яму царкве збіраецца народ, каб уславіць Госпада, смуткуе і плача, калі храм пусцее або зазнае ганьбаванне і разбурэнне. І нават у выпадку знішчэння святыні, ангел не пакідае адведзенага яго апецы прастола.

Пасля завяршэння ўборкі протаіерэй Міхаіл Барысёнак разам з прыхаджанамі здзейсніў памінальную ліцію па ўсіх памерлых жыхарах адселенай вёскі, якія чакаюць часу ўсеагульнага Уваскрасення.

Гомельская епархія / Сhurch.by