У Інстытуце тэалогіі БДУ ушанавалі памяць мітрапаліта Мелхіседэка (Паеўскага)

20 мая 2021

2021-05-17_23-21-42.jpgТрадыцыйнае штогадовае заўпакойнае богаслужэнне ў памяць мітрапаліта Мінскага і Беларускага Мелхіседэка (Паеўскага, 1879-1931) адбылося 17 мая ў дамовым храме роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія Інстытута тэалогіі БДУ.

У гэты дзень споўнілася 90 гадоў з моманту спачыну мітрапаліта Мелхіседэка — аднаго з выдатных дзеячаў Беларускай Праваслаўнай Царквы ХХ стагоддзя. А дзесяцігоддзе таму па ініцыятыве Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў у г. Мінску была ўсталявана памятная дошка з барэльефнай выявай Праасвяшчэннага Мелхіседэка на будынку Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (пр-т Незалежнасці, 24), якую асвяціў мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў). З таго часу штогод (апрача мінулага года праз пандэмію каронавірусу) 17 мая ў дамовым храме роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія Інстытута тэалогіі БДУ адбываецца заўпакойнае богаслужэнне ў памяць мітрапаліта Мелхісэдэка. На ліціі памінаюцца таксама імёны трох правячых архіерэяў Мінскай епархіі: Праасвяшчэннага Варлаама, архіепіскапа Мінскага і Тураўскага (1880-1889); Праасвяшчэннага Сімяона, епіскапа Мінскага і Тураўскага (1889-1899); Праасвяшчэннага Міхаіла, архіепіскапа Мінскага і Тураўскага (1889-1912). Яны былі пахаваны ў свой час пры архіерэйскім Пакроўскім храме, на месцы якога цяпер знаходзіцца мінскі Дом афіцэраў.

Сёлета ліцію па архіерэях адслужыў настаяцель храма протаіерэй Сергій Гардун, богаслужэбныя песнапенні выканаў хор студэнтаў Інстытута. Па сканчэнні паніхіды ў сваім слове да прысутных айцец Сергій распавёў пра лёс і абставіны жыцця мітрапаліта Мелхіседэка, якому давялося несці свой архіпастырскі крыж у надзвычай цяжкія і супярэчлівыя гады пачатку ХХ стагоддзя.

Сhurch.by