У Гомелі адкрылася тэматычная перасоўная выстава, прысвечаная 800-годдзю святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага

31 жніўня 2021

top.jpg

У рамках II-га Міжнароднага праваслаўнага духоўна-асветніцкага фестывалю, які гэтымі днямі праходзіць у сценах Гомельскага цырка, адкрылася тэматычная перасоўная выстава, прысвечаная 800-годдзю святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага. Арганізаваная пры падтрымцы Расійскага цэнтра навукі і культуры ў горадзе Гомелі экспазіцыя расказвае пра жыццё і подзвігі святога князя — вялікага палкаводца, дыпламата, стратэга.

У традыцыю Рускай Праваслаўнай Царквы вобраз дабравернага князя Аляксандра Неўскага ўвайшоў як вобраз святога воіна, які сумясціў у сабе асабістую пабожнасць і ратныя перамогі на славу роднай Айчыны. Экспазіцыя, якая складаецца з 15 банэраў, знаёміць гасцей і наведвальнікаў выставы з раннімі гадамі жыцця князя, цікавымі фактамі з яго біяграфіі, распавядае аб Неўскай бітве і Лядовым пабоішчы, захопе лівонцамі Пскова, вялікім княжэнні з 1252 па 1263 гады. Разглядаюцца і вынікі кіравання Аляксандра Яраславіча, ацэньваецца яго асоба ў гісторыі, апавядаецца аб кананізацыі, праслаўленні, вобразе вялікага князя ў мастацтве і культуры.

Раней тэматычная выстава дэманстравалася ва ўстановах адукацыі гарадоў Гомеля, Светлагорска і Лоева. Пасля закрыцця фестывалю ў горадзе Гомелі экспазіцыя працягне сваю працу на базе навучальных устаноў Рагачова, Рэчыцы, Светлагорска, Жлобіна і Буда-Кашалёва.

Гомельская епархія/Church.by