У Гомельскай епархіі пры ўдзеле Патрыяршага Экзарха адкрылі дамовы храм-музей
01 чэрвеня 2021Пры Гомельскай епархіі адкрылі дамовы храм-музей, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Экспазіцыя налічвае больш за тысячу экспанатаў. Самыя старадаўнія з іх — манеты, якія адносяцца да XII стагоддзя, а таксама абраз канца XVI стагоддзя. Часткі калекцыі па дамоўленасці выстаўляюць у музеях і бібліятэках у розных кутках вобласці.
Падчас першай экскурсіі па дамавому храму-музею госці азнаёміліся з экспанатамі і рэліквіямі. Архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан распавёў гісторыі некаторых экспанатаў. Адзін з іх — абраз Божай Маці — сабраны з трох дошчачак. Фенаменальным называюць і набор экспанатаў з гільзаў, зробленых у партызанскім атрадзе. Захавальнікі каштоўнасцяў прыйшлі да высновы, што ў некаторых атрадах былі і свае святары.
Па некаторых дадзеных, адным з абразоў, якія прадстаўлены ў музеі, благаслаўлялі на шлюб княгіню Ірыну Паскевіч. Ёсць таксама унікальныя кнігі.
Старадаўняе срэбранае кадзіла з Чонкаўскага манастыра перадала ўладыку Сцяфану прыхаджанка. Жанчына распавяла, што яно належала бацьку яе бабулі — дзяку. Доўгія гады яна захоўвала прадмет як сямейную рэліквію, але, даведаўшыся аб стварэнні музея, перадала на захоўванне.
У музеі распрацавалі пяць тэматычных экскурсій: кнігі, іконы, развіццё іканаграфіі ад старажытнарускай традыцыі да нацыянальнай беларускай школы і інш.
«Важна, каб гістарычная, культурная і духоўная спадчына ў выглядзе экспанатаў, якія звязаны з богаслужэннем, з гісторыяй Праваслаўнай Царквы, захоўваліся. Бо многае было страчана падчас вайны і іншыя перыяды. Зараз мы збіраем усё па крупінках, і ўсё больш экспанатаў паступае. Гэты працэс ідзе па ўсіх епархіях. Важна, каб у кожнай вобласці былі падобныя музеі і каб людзі, прыходзячы сюды, маглі знаёміцца з гісторыяй, дакранацца да яе. Бо адна справа, калі мы даведаемся гісторыю з кніг, іншая — калі дакранаемся да кніг са 100-200-гадовай гісторыяй, ікон, перад якімі малілася не адно пакаленне нашых продкаў. Усё гэта дапамагае зазірнуць у глыбіню стагоддзяў, падумаць пра сённяшні дзень і пра тое, якую спадчыну мы пакінем будучым пакаленням», — распавёў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Генеральны дырэктар палацава-паркавага ансамбля Румянцавых і Паскевічаў Ірына Пыркава павіншавала епархію з адкрыццём экспазіцыі: «Атрымаўся ўнікальны аб'ект. Кажуць, музей — гэта храм чалавечай памяці, а дадзены музей — гэта храм чалавечай душы. Ён мае вялікае значэнне для жыхароў Гомельскай вобласці, у першую чаргу — асветніцкае». Яна пажадала новаму музею росквіту і папаўнення фондаў.
З экспазіцыяй таксама азнаёміліся старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей і старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка.
Архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан на памяць аб наведванні Гомельскай епархіі паднёс мітрапаліту святы вобраз — ікону Усіх беларускіх святых. Такія ж абразы ўручылі і прадстаўнікам улады.