У Гомельскай епархіі адбыўся Велікодны баль праваслаўнай моладзі

08 чэрвеня 2021

top.jpg

6 чэрвеня 2021 года адбыўся епархіяльны Велікодны баль, адна з самых захапляльных і прыгожых падзей у жыцці праваслаўнай моладзі. Велікодны баль, які стаў ужо традыцыйным, упершыню прайшоў пад адкрытым небам каля Моладзевага духоўна-асветніцкага цэнтра Гомельскай епархіі і сабраў больш за дзвесце блізкіх па духу людзей.

Па ўсмешках і светлых поглядах прысутных было відаць, што гэты баль быў доўгачаканым. Сярод удзельнікаў балю былі прадстаўнікі моладзевых суполак Гомельскай епархіі, навучэнцы педагагічнага каледжа, курсанты, выхаванцы ДУА «Улукоўская дапаможная школа-інтэрнат».

Адкрыў баль архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан. Уладыка звярнуўся да ўсіх гасцей з прывітальным словам і віншаваннямі, пажадаўшы ўсім прысутным моцы духа, добрага здароўя, духоўнай радасці і дапамогі Божай у добрых справах і пачынаннях.

Затым вядучы абвясціў першы танец, і ўсё пагрузілася ў чароўны свет грацыі, вытанчанасці і прыгажосці. Чароўныя гукі музыкі запрашалі ўдзельнікаў на вясёлую кадрылю і запальную польку.

Праграма балю ўключала два танцавальныя аддзяленні, дзе свае навыкі і ўменні змаглі прадэманстраваць не толькі пары, якія на працягу двух месяцаў наведвалі рэпетыцыі, пад кіраўніцтвам нязменнага харэографа Ігара Злобіна, але таксама і ўсе госці, якія жадалі прыняць удзел. Танцавальная частка балю была прадстаўлена мноствам розных танцаў — вальсы, менуэты і кадрылі нікога не пакінулі абыякавымі.

Падчас антракту госці маглі пагутарыць, нацешыцца ўсімі любімай музыкай, зрабіць фота ў залах цэнтра, а таксама пачаставацца халоднымі і гарачымі напоямі і прайсці на фуршэт.

Баль падарыў выдатную магчымасць адкрыць у сабе таленты, пасябраваць і ўмацавацца ў веры. Падобныя мерапрыемствы вучаць этыкету, мастацтву зносін і становяцца школай прыгожых адносін. Баль пад адкрытым небам прадаставіў унікальную магчымасць прадэманстраваць свае танцавальныя навыкі не толькі запрошаным гасцям, але і ўсім неабыякавым мінакам, якія маюць любоў да танца ў сваім сэрцы і душы.

Гомельская епархія / Сhurch.by