У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» ўбачыла свет кніга «Шлях у Нябёсы. Апавяданні аб жыцці свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі»

19 жніўня 2021

da89514e409822180ac867ab6712269d_XL.jpg

У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» пабачыла свет выданне «Шлях у Нябёсы. Апавяданні аб жыцці свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі». Кніга апавяданняў, напісаная вядомым беларускім пісьменнікам Аленай Міхаленка, — адна з нямногіх, прысвечаных подзвігу мучанікаў і вызнаўцаў ХХ стагоддзя, якія паказалі подзвіг вернасці Хрысту на землях Беларусі.

Выданне для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту апавядае аб асобных эпізодах жыцця святога. Вобразныя назвы апавяданняў раскрываюць задуму аўтара — расказаць пра нябеснага заступніка горада Мінска і Беларусі:

  • Ціхая радасць дзяцінства,
  • Вучэнне — праца не лёгкая,
  • Якая ты — Белая Русь?
  • Служыць Богу — жыць з Богам,
  • Па мінскіх вуліцах ...,
  • За веру сваю,
  • Слаўнае прозвішча,
  • Памяць вечная.

Каляровыя ілюстрацыі мастака Алены Шабад узнаўляюць візуальны вобраз святога, яго асяроддзе, карцінкі з жыцця, а таксама старадаўнія мінскія вулачкі, па якіх хадзіў прасвітар Уладзімір Хіраска, многія з якіх і цяпер пазнаюцца. Ініцыятар выдання кнігі — святар Дзімітрый Ворса, настаяцель храма ў гонар свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі ў горадзе Мінску, дзе працягваецца традыцыя акармлення невідушчых. Як вядома, святар Уладзімір Хіраска вядомы сваім самаадданым служэннем сляпым дзецям, якіх навучаў у вучылішчы ісцінам праваслаўнай веры, імкнучыся ўмацаваць у іх дух бадзёрасці і змірэння. Такое служэнне нясе ў наш час і храм у гонар свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі, ствараючы сваю сістэму ўцаркаўлення невідушчых людзей.

Кніга прайшла рэцэнзаванне ў Выдавецкай Радзе Беларускай Праваслаўнай Царквы і атрымала грыф «Дапушчана да распаўсюджвання...»

izdatsovet.by/Church.by