У выдавецтве Мінскай духоўнай акадэміі выйшла манаграфія па тэорыі біблейскага перакладу

07 кастрычніка 2021

282.jpg

Выдавецтва Мінскай духоўнай акадэміі выпусціла манаграфію іерэя Міхаіла Самкова «Сучасная тэорыя біблейскага перакладу: пастаноўка мэты, герменеўтыка, метадалогія».

У манаграфіі выяўляюцца перспектывы выкарыстання функцыяналісцкага падыходу (тэорыі скопаса) да перакладу Бібліі. Паказана ўзаемасувязь паміж функцыяй перакладнога тэксту (scopos), чаканнямі мэтавай аўдыторыі (сфарміраванымі герменеўтычнымі перадумовамі) і метадалогіяй стварэння перакладнога тэксту. Аўтар манаграфіі таксама прапануе новы пераклад старазапаветнай кнігі Іоны на беларускую мову і падрабязны перакладчыцкі каментарый, закліканы праілюстраваць уплыў герменеўтыкі і камунікатыўнай сітуацыі на прыняцце перакладчыцкіх рашэнняў.

Выданне з'яўляецца сёмым томам у серыі «Манаграфіі і даследаванні Мінскай духоўнай акадэміі». Рэкамендавана да публікацыі навукова-метадычным саветам Мінскай духоўнай акадэміі (пратакол № 8 ад 17 снежня 2020 года).

Рэцэнзенты:

  • Архімандрыт Сергій (Акімаў), доктар багаслоўя, прафесар;
  • Правіцкі А. С., доктар філалагічных навук, прафесар.

Адказны за выпуск: прарэктар па навуковай рабоце акадэміі дацэнт А. В. Слесараў.

Кніга арыентавана на прафесійных перакладчыкаў, біблеістаў, студэнтаў і выкладчыкаў гуманітарных спецыяльнасцяў.

(Самков Михаил, иерей. Современная теория библейского перевода: целеполагание, герменевтика, методология / иерей Михаил Викторович Самков. — Минск: Издательство Минской духовной академии, 2021. — 313 с.: (Монографии и исследования Минской духовной академии. Т. VII) ISBN 978-985-7145-47-8).

МінДА / Church.by