У японскім горадзе Фукуока праходзіць выстаўка, прысвечаная ўсходняму хрысціянству
07 верасня 2018У музеі пры хрысціянскім універсітэце «Сейнан-гакуін Дайгаку» ў горадзе Фукуока (Японія) праходзіць выстаўка «Сустрэча з усходнім хрысціянствам — форма малітвы і пропаведзі». паведамляе сайт прыхода свяціцеля Мікалая Японскага ў городзе Мінску. Выстаўка будзе працаваць да 20 кастрычніка 2018 года.
Універсітэт «Сейнан-гакуін Дайгаку» заснаваны ў 1916 годзе, а музей пры ім — у 2006 годзе. На першым паверсе музея размешчаны выставачныя пакоі, на другім — вялікая зала для малітвы.
Арганізатарамі выстаўкі з'яўляюцца двое маладых даследчыкаў-супрацоўнікаў музея. Падтрымку праекту аказаў праваслаўны прыход горада Сендай.
На выстаўцы прадстаўлены іконы і гістарычныя матэрыялы, якія дапамогуць наведвальнікам дакрануцца да свету Праваслаўя. Запланаваны сімпозіум, спецыяльныя экскурсіі, майстар-клас для дзяцей.
Асаблівае месца сярод экспанатаў займаюць матэрыялы пра жыццё свяціцеля Мікалая Японскага. Архіепіскап Мікалай (свецкае імя Іван Дзмітрыевіч Касаткін) прапаведаваў Праваслаўе ў Японіі, абапіраючыся на веданне японскай культуры. Менавіта з яго дзейнасці пачынаецца гісторыя праваслаўнай прысутнасці ў Краіне ўзыходзячага сонца.
Арганізатары ўдзячныя за падтрымку прадстаўнікам Праваслаўнай Царквы і маюць намер у далейшым працягваць правядзенне падобных асветніцкіх мерапрыемстваў.