Напярэдадні Ражджаства Хрыстовага епіскапат Сербскай Царквы нагадаў пастве аб цяжкім становішчы кананічнага Праваслаўя на Украіне

05 студзеня 2019

7-0.jpg

У Калядным пасланні, падпісаным Свяцейшым Патрыярхам Сербскім Ірынеем і ўсімі іерархамі Сербскай Праваслаўнай Царквы, выказана заклапочанасць у сувязі з трагічнымі наступствамі ўмяшання нацыяналістычна настроеных палітыкаў ва ўнутранае жыццё Праваслаўнай Царквы — перш за ўсё, у Македоніі, Чарнагорыі і на Украіне.

У прыватнасці, адзначаецца, што аўтакефалія — выключна царкоўная інстытуцыя і яна павінна спрыяць развіццю і ўмацаванню адзінства паміж памеснымі Праваслачўнымі Цэрквамі. Іерархі Сербскай Царквы падкрэсліваюць недапушчальнасць спроб выкарыстання аўтакефаліі ў якасці палітычнага інструмента: У выпадку, калі па логіцы гэтага свету аўтакефалія будзе разумецца неяк інакш, як элемент дзяржаўнага суверэнітэту, нацыянальнай выключнасці і адасаблення, тады яна не спрыяе адзінству і будаванню Царквы, але правакуе самавольства і самазадаволенне. І яна становіцца, як ні парадаксальна, хулой на Святога Духа.

У дачыненні да сітуацыі ў Чарнагорыі ў Пасланні адзначана, што тыя, хто падтрымлівае раскольнікаў застаюцца сляпымі і, маючы вочы, не бачаць старажытную мітраполію Чарнагорска-Прыморскую і забываюць, што спасенне не абумоўлена тым, як хто сябе вызначае: сербам ці чарнагорцам.

Прадстаяцель і архіерэі Сербскай Праваслаўнай Царквы канстатуюць, што гэта выпрабаванне — такое ж, як і на блізкай і брацкай нам Украіне, дзе апантаныя шавіністы-русафобы, якімі завадарствуюць карумпаваныя палітыкі, пры «асіставанні» ўніятаў і, на жаль, пры некананічным саўдзеле Канстанцінопальскай Патрыярхіі, паглыбілі і пашырылі існуючыя расколы і паставілі пад сур'ёзную пагрозу адзінства Праваслаўя ў цэлым.

Асуджаючы нацыяналістычныя ідэі і настроі, якія выкарыстоўваюцца ў якасці асновы расколаў, архіпастыры нагадваюць верным, што Гасподзь Іісус Хрыстос з'явіўся ў свет як Спасіцель усіх народаў, як бы яны сябе ні называлі (Рым. 10:12) і як бы яны сябе ні ідэнтыфікавалі ў той ці іншы час. 

Служба камунікацыі АЗЦС / Church.by