У Мінску адбылася прэс-канферэнцыя «Каронавірус як выклік: адказ Беларускай Праваслаўнай Царквы»
14 красавіка 202014 красавіка 2020 года ў Мінскім епархіяльным упраўленні адбылася прэс-канферэнцыя «Каронавірус як выклік: адказ Беларускай Праваслаўнай Царквы».
У сустрэчы з журналістамі прынялі ўдзел: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і Леанід Паўлавіч Гуляка, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.
Прэс-канферэнцыя была арганізавана Сінадальным інфармацыйным аддзелам Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Звярнуўшыся да прадстаўнікоў СМІ, мітрапаліт Павел падкрэсліў, што Царква не стаіць у баку ад праблемы распаўсюджвання каронавіруса, якая хвалюе цяпер усё грамадства. Патрыяршы Экзарх нагадаў, што раней рабіліся аблёт і аб'езд межаў Мінска, а таксама аблёт межаў Беларусі з шануемымі святынямі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Падчас гэтых своеасаблівых хрэсных хадоў мітрапаліт Павел і святары ўзносілі малітвы ў паветры, а ўсе праваслаўныя, хто знаходзіўся на зямлі, маліліся аб збаўленні беларускага народа ад каронавіруснай інфекцыі і крапілі зямлю святой вадой.
Згодна з рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 9 красавіка, ва ўсіх храмах Беларускага Экзархату з 10 красавіка і да завяршэння эпідэміі штодня здзяйсняецца звон у 9, 12, 15 і 18 гадзін. Падчас гучання званоў вернікі заклікаюцца ўстаць на малітву, зацверджаную Свяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, і звярнуцца да Госпада з прашэннем аб збаўленні ад шкоднаснай пошасці.
Мітрапаліт Павел заклікаў усіх не паддавацца паніцы і адчаю, а ўскладаць надзею на ласку Божую.
— З моманту з'яўлення гэтай інфекцыі чалавецтва столькі разоў сказала словы «эпідэмія», «каронавірус», «COVID-19», «пандэмія» ... калі б усе людзі зямлі замест гэтых слоў вымавілі: «Госпадзі, памілуй! Госпадзі, прабач!», то мы б сёння, напэўна, ужо забыліся на гэты вірус, — сказаў архіпастыр.
Па словах Уладыкі Экзарха, «ужо сёння адназначна можна сказаць, што не Гасподзь стварыў гэты вірус. Каронавірус — справа рук чалавечых. Некаторыя людзі спрабуюць папракаць у з'яўленні гэтай эпідэміі Бога, але Бог тут зусім ні пры чым, таму што да Бога людзі перасталі звяртацца, усклаўшы сваё спадзяванне на саміх сябе, на сваю тэхніку, на развіццё тэхналогій. Людзі ў апошнія гады зусім забыліся пра Бога». Мітрапаліт Павел адзначыў, што сітуацыя, якая склалася, павінна падштурхнуць нас да пакаяннага роздуму і аб сэнсе жыцця чалавека на зямлі, пра хістакасць чалавечага жыцця.
Патрыяршы Экзарх асабліва заклікаў праваслаўных хрысціян маліцца за ўрачоў, якія выконваюць зараз гераічную місію, ратуючы жыцці і здароўе людзей не шкадуючы саміх сябе.
Нагадаўшы пра тое, што Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы благаславіў вернікаў устрымацца ад наведвання храмаў у гэты складаны эпідэміялагічны перыяд, мітрапаліт Павел заклікаў праваслаўных хрысціян Беларусі быць добрымі дзецьмі Маці-Царквы, праявіць пакору, рахманасць, паслухмянасць і пачуць словы Свяцейшага Патрыярха.
— Каб зберагчы нашых веруючых людзей, мы заклікаем усіх вас, дарагія браты і сёстры: як бы гэта ні было балюча — устрымайцеся, пабудзьце дома ў гэтыя дні Вялікай сядміцы і свята Пасхі! У гэтым будзе больш карысці і для вас, і для вашых блізкіх. Маліцеся дома, як гэта рабілі нашы бабулі ў гады ганенняў на Царкву. Паверце, як у нашых бабуль ніхто не змог адабраць свята Пасхі, так і ў нас ніхто не зможа адабраць Уваскрасенне Хрыстова! — сказаў Уладыка Экзарх.
Мітрапаліт Павел адзначыў, што дзеючая ў храме Благадаць Святога Духа не адмяняе законы прыроды. Ніхто з нас у здаровым розуме не будзе, нават прыходзячы ў храм, дакранацца да полымя свечкі або да аголеных правадоў. Такімі дзеяннямі чалавек спакушае Бога.
— На жаль, сёння раздаюцца галасы псеўдапастыраў, а па сутнасці сваёй — падбухторшчыкаў, якія кажуць: «Не слухайце Патрыярха, працягвайце хадзіць у храмы, нас спрабуюць ад Бога адвярнуць, ад храма адвесці...» На самой справе ні ў каго такіх мэтаў не было і няма — сказаў Патрыяршы Экзарх, падкрэсліўшы, што храмы закрывацца не будуць. Там будуць здзяйсняцца богаслужэнні. Кожны жадаючы можа далучыцца да прагляду трансляцый гэтых богаслужэнняў на тэлебачанні і ў Інтэрнэце. Унутры саміх храмаў будуць прымацца меры для выкананню неабходнай дыстанцыі паміж людзьмі, згодна з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя.
Уладыка Экзарх паведаміў аб тым, што ў Вялікую суботу будзе здзяйсняцца асвячэнне кулічоў і велікоднай ежы, але гэта будзе ажыццяўляцца пад адкрытым небам.
Мітрапаліт Павел заклікаў вернікаў таксама ўстрымацца ад наведвання могілак на Вялікдзень, нагадаўшы, што Гасподзь чуе ўсе нашы малітвы, нават выказаныя ў думках.
Далей да журналістаў звярнуўся Леанід Гуляка, які падкрэсліў, што праблема распаўсюджвання каронавіруса выклікае агульную занепакоенасць у Царквы, Дзяржавы і грамадзянскай супольнасці. Па словах Упаўнаважанага, рэкамендацыі Патрыяршага Экзарха пераклікаюцца з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя і іншых дзяржаўных структур. Леанід Гуляка падзякаваў мітрапаліта Паўла за дасягнуты высокі ўзровень дзяржаўна-царкоўнага ўзаемаразумення і пацвердзіў, што храмы закрывацца не будуць.
У завяршэнне Патрыяршы Экзарх пажадаў, каб у гэты адказны перыяд Страснога тыдня і святкавання Пасхі Хрыстовай Гасподзь наведаў кожнага з нас Сваёю Благадаццю і каб нашыя сэрцы сагравала радасць аб Уваскрэслым Хрысце — Пераможцы пекла і смерці.
Далей мітрапаліт Павел адказаў на пытанні журналістаў.
У памяць аб сустрэчы прадстаўнікам СМІ былі ўручаны падарункі ад Беларускай Праваслаўнай Царквы.