У Мінску адбыўся рэспубліканскі семінар «Педагагічныя ўмовы рэалізацыі інавацыйных праектаў духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа»

31 кастрычніка 2022

top.jpg

Па благаславенню Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, 27 кастрычніка 2022 года ў рамках праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2020-2025 гады адбыўся рэспубліканскі семінар «Педагагічныя ўмовы рэалізацыі інавацыйных праектаў духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа».

Мерапрыемства праходзіла ў Белай зале Нацыянальнага мемарыяльнага комплексу «Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі».

У семінары прынялі ўдзел каля 80 чалавек з усіх абласцей Беларусі і горада Мінска — кіраўнікі ўстаноў адукацыі, інавацыйных пляцовак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, якія рэалізуюць праект «Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасобасных зносін дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя».

Да ўдзельнікаў семінара звярнуўся протаіерэй Фёдар Поўны, старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтву са свецкімі ўстановамі адукацыі. У сваім выступеніі айцец Фёдар раскрыў актуальнасць выкладання факультатыва «Асновы праваслаўнай культуры» ў сучасных умовах.

Перад удзельнікамі семінара выступіў доктар філасофскіх навук, прафесар Осіпаў Аляксей Іванавіч, які акрэсліў метадалагічныя асновы духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа.

Фінькевіч Людміла Уладзіміраўна, дацэнт кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі ДУА «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка», кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт, кансультант праекта, асвятліла праблему псіхолага-педагагічных умоў рэалізацыі інавацыйнага праекта і духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў ва ўстановах адукацыі.

Паляшчук Наталля Вікенцьеўна, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы ДНУ «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі», кандыдат філалагічных навук, дацэнт, абмалявала шырокую займальную панараму традыцыйнай праваслаўнай духоўнасці і маральных традыцый беларускага народа ў гістарычных помніках пісьменства беларусаў.

Для ўдзельнікаў семінара быў падрыхтаваны агляд педагагічнага вопыту рэалізацыі інавацыйнага праекта ва ўстановах адукацыі «Гімназія г. Калінкавічы» (Жукава Валянціна Уладзіміраўна, дырэктар), «Яслі-сад № 108 г. Гродна» (Шлімакова Алена Аляксандраўна, загадчык), «Яслі-сад № 108 г. Магілёў» (Сотнікава Людміла Віктараўна, загадчык), «Яслі-сад № 5 г. Бабруйска» (Жукоўская Таццяна Юр'еўна, загадчык).

Затым для ўдзельнікаў семінара была арганізавана экскурсія па храме, яго крыпце і музею.

 edu.church.by/Church.by

Чытайце нас у TelegramViberInstagramВКонтакте