У Мінскай духоўнай акадэміі адбыўся семінар «Гісторыя Праваслаўя роднага краю: вопыт і методыка вывучэння»
03 красавіка 2017Па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, 30 сакавіка 2017 года ў Мінскай духоўнай акадэміі адбыўся семінар «Гісторыя Праваслаўя роднага краю: вопыт і методыка вывучэння», у якім прынялі ўдзел праваслаўныя святары, супрацоўнікі бібліятэк, выдавецтваў, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі.
Семінар прайшоў пад кіраўніцтвам іерэя Аляксія Хацеева, намесніка старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы; Аляксандры Кравец, загадчыцы аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання УА «Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства»; Вольгі Рынкевіч, галоўнага бібліятэкара НІА бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Для ўдзельнікаў форуму была арганізавана выстава кніг па праваслаўнаму краязнаўству з фонду Выдавецкай рады Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі: Сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, УА «Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства».
Тэма праваслаўнага краязнаўства знаходзіць жывы водгук у педагогаў і навучэнцаў, таму што дазваляе абудзіць у чалавеку цікавасць да гісторыі сваёй сям'і, роду, роднага краю. Як адзначаюць педагогі, у апошнія гады на конкурсы па краязнаўстве прыходзіць усё больш работ, прысвечаных вывучэнню гісторыі праваслаўных храмаў, даследаванню лёсаў святароў, якія выконвалі сваю місію ў розныя, часам няпростыя перыяды нашай гісторыі. Вывучэнне гісторыі роднага краю робіць успрыманне жыцця багатым, аб'ёмным, фармуе пачуццё датычнасці да свайго народа, пачуццё сапраўднага патрыятызму.
Семінар «Гісторыя Праваслаўя роднага краю: вопыт і методыка вывучэння» быў накіраваны перш за ўсё на ўзаемны абмен яго ўдзельнікаў вопытам краязнаўчай працы.
Аляксандра Кравец, загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання УА «Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства», расказала ў сваім выступленні аб праваслаўным краязнаўстве ў сістэме адукацыйнага працэсу.
Вось ужо больш за дзесяць гадоў Рэспубліканскі цэнтр праводзіць акцыю «Жыву ў Беларусі i тым ганаруся», у ходзе якой праходзяць розныя конкурсы, семінары, вядзецца пошукавая работа навучэнцаў па зборы звестак аб сваёй сям'і, родзе, аб сваёй малой радзіме. Хлопцы здзяйсняюць паходы, экспедыцыі, даглядаюць за магіламі воінаў, помнікамі культуры. Вядзецца даследчая праца з выкарыстаннем архіваў храмаў, збіраюцца вусныя сведчанні мясцовых жыхароў. Сакрэт поспеху такой педагагічнай дзейнасці — у актыўных формах работы, якія дазваляюць адвесці дзяцей ад гаджэтаў, прыцягнуць да ўдзелу ў рэальных справах, паказаць высокія сэнсы жыцця чалавека.
Іерэй Аляксій Хацееў, намеснік старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, выступіў з дакладам «Барысавы камяні — сведкі княжацкай набожнасці». Святар, распавядаючы пра гэтыя незвычайныя культавыя аб'екты глыбокай старажытнасці, з'яўленне якіх паданне звязвае з імем полацкага князя Барыса Усяславіча (заснавальніка горада Барысава), выказаў версію паходжання гэтых камянёў, звязаную з глыбокім шанаваннем крыжа полацкімі князямі.
Таццяна Варанчук, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынга ДУ «Слуцкая раённая цэнтральная бібліятэка», у сваім выступленні на тэму «Праваслаўнае краязнаўства як адзін са шляхоў духоўнага развіцця асобы: вопыт бібліятэчнай дзейнасці» распавяла аб разнастайных і сучасных формах работы па праваслаўнаму краязнаўству. Пры актыўным удзеле супрацоўнікаў бібліятэкі выходзяць у эфір радыёперадачы, праводзяцца бібліярэйсы, ажыццяўляецца выдавецкая дзейнасць, створана электронная краязнаўчая калекцыя («7 цудаў Слуцка», «Слуцкае Евангелле — святыня. Слуцка»), працуе сайт бібліятэкі, які змяшчае шмат краязнаўчай інфармацыі.
Галіна Юркевіч, бібліятэкар манастырскай бібліятэкі пры Богаяўленскім Куцеінскім мужчынскім манастыры ў Оршы, распавяла аб багатай і значнай гісторыі манастыра, які быў заснаваны ў 1623 годзе. Куцеінскі манастыр з'яўляўся апорай Праваслаўя ў нялёгкія гады гвалтоўнага закрыцця многіх праваслаўных храмаў. У манастыры на працягу двух гадоў падвізаўся ў якасці паслушніка будучы беларускі святы — прападобнамучанік Афанасій Брэсцкі. Пры садзейнічанні манастыра ў Куцейна была створана друкарня, у якой у 1631 годзе Спірыдонам Собалем быў надрукаваны першы беларускі буквар.
Вольга Рынкевіч, галоўны бібліятэкар НДА бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, намеснік старшыні Каардынацыйнага савета па бібліятэчнай дзейнасці пры Сінадальным аддзеле рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, звярнула ўвагу прысутных на правілы стварэння і афармлення конкурсных работ у намінацыі «Гісторыя Праваслаўя роднага краю» Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання».
Таксама Вольга Аляксандраўна расказала аб унікальным выданні, створаным бібліятэкай мінскага храма святой праведнай Сафіі Слуцкай — кнізе «Белая Русь пад Покрывам Прасвятой Багародзіцы», у якой сабраны звесткі пра з'яўленне на нашай зямлі цудатворных абразоў Божай Маці і створана карта Беларусі з указаннем месцаў гэтых яўленняў.
Ала Шаршнёва, магістр педагагічных навук, выхавальнік ДУА «Магілёўскі абласны ліцэй № 4 горада Крычава», падзялілася вопытам фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму ў навучэнцаў праз царкоўна-гістарычнае краязнаўства.
Навучэнцы ліцэя пад кіраўніцтвам Алы Іванаўны правялі даследаванне жыцця настаяцеля Пакроўскага храма Крычава — святара Іаана Захарчанкі (1890-1979), складзенае на аснове ўспамінаў яго дачкі. У ходзе іх працы над даследчым краязнаўчым праектам нарадзілася сумесная ідэя аб унясенні прапановы аб перайменаванні вуліцы Касманаўтаў, на якой у Крычаве размешчаны Пакроўскі храм, у вуліцу Захарчанкі. Сабраныя звесткі пра свяшчэнніка былі перададзены ў Магілёўскую епархію.
Вольга Бакунович, бібліятэкар бібліятэкі-філіяла № 3 імя Янкі Купалы ДУК «Полацкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», падзялілася сваім вопытам выкарыстання краязнаўчых даследаванняў у духоўна-асветніцкай працы з навучэнцамі. Па яе словах, вельмі цікавым і пазнавальным для выхаванцаў полацкага кадэцкага вучылішча стала азнаямленне з даследаваннямі аб героях Айчыннай вайны 1812 года і кнігай «Бітва пры Полацку ў 1812 годзе». Вывучэнне гэтай яркай старонкі ў гісторыі Белай Русі мае вельмі важнае значэнне ў выхаванні патрыятызму ў будучых абаронцаў нашай Радзімы.
Алена Багдановіч, метадыст аддзела турызму, краязнаўства і экскурсій дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі «Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі» Віцебскай вобласці, распавяла аб практычных аспектах праваслаўнага краязнаўства ў установе дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Сярод іншага яна выказала думку аб тым, што дакрананне да святога не павінна быць дадатковай школьнай нагрузкай. Гэты кірунак выхаваўчай працы закліканы пашыраць і паглыбляць дзяржаўныя ўстановы дадатковай адукацыі.
Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі праводзіць Краязнаўчыя вучнёўскія чытанні, краязнаўчыя інтэрнэт-квэсты («Полацкі лабірынт», «Вароты гісторыі»), рэальныя квэсты па горадзе. Існуе адмысловы сайт «Краязнаўца-даследчык Полацкай зямлі», выдадзеная брашура «Праваслаўныя маршруты Полацкай зямлі».
Ірына Аляксеенка, настаўнік гісторыі, кіраўнік музея «Гісторыя Праваслаўя» ДУА «Сярэдняя школа № 12 горада Жлобіна», падзялілася вопытам стварэння і працы школьнага музея. У музеі некалькі экспазіцый — «Праваслаўная ікона», «Праваслаўныя храмы Жлобіншчыны», «Малітвасловы», «Праваслаўныя паштоўкі», «Царскія вароты», «Двунадзесятыя святы». Існуе і спецыяльны куток імя протаіерэя Канстанціна Манько — святара, які прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну. Экспанаты музея дапамагаюць настаўнікам і школьнікам пры правядзенні даследчых работ, круглых сталоў, віктарын, штогадовага свята праваслаўнай кнігі.
Руслан Воюш, педагог дадатковай адукацыі ДУА «Сярэдняя школа №1 горада Полацка», выступіў з дакладам «Праваслаўныя прыходы Полацкай епархіі як цэнтры па захаванні памяці аб падзеях Першай сусветнай вайны». Руслан Валер'евіч арганізуе паходы для старшакласнікаў па месцах бітваў Першай сусветнай вайны. Глыбокае ўражанне на хлопцаў робяць іх уласныя даследаванні аб капелане Нікодзіме, свяшчэнніку 18-й пяхотнай дывізіі, які прапанаваў увекавечыць адмысловымі мемарыяльнымі каменнымі плітамі «За веру, Цара і Айчыну» памяць загінуўшых афіцэраў і ніжніх чыноў дывізіі. Гэтыя пліты, якія захаваліся да нашых дзён, даследуюцца і ўзнаўляюцца, імёны загінуўшых герояў перадаюцца для памінання ў храмы.
Пры падвядзенні вынікаў семінара Аляксандра Кравец выказала прапанову аб правядзенні падобных семінараў для школьнікаў, таму што праваслаўнае краязнаўства зараз становіцца ўсё больш папулярным. Вольга Рынкевіч падзякавала ўсім удзельнікам семінара за вельмі важную, змястоўную працу і пажадала плёну на ніве праваслаўнага асветніцтва.