У Нацыянальны інстытут адукацыі перададзены выданні Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святых Мяфодзія і Кірыла і партнёрскай арганізацыі з Расійскай Федэрацыі

30 жніўня 2021

top.jpg

Напярэдадні пачатку новага навучальнага года старшыня праўлення МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» святар Святаслаў Рагальскі перадаў у навукова-метадычную ўстанову «Нацыянальны інстытут адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь» выданні Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра і партнёрскай арганізацыі з Расійскай Федэрацыі.

У Нацыянальны інстытут адукацыі было перададзена выданне «Я ёсць», рэалізаванае ў рамках праекта для аказання дапамогі дзецям-інвалідам і людзям з асаблівасцямі фізічнага і псіха-эмацыйнага развіцця, а таксама з ДЦП і аўтызмам.​ Аўтарам кнігі стаў 15-гадовы хлопчык з Брэста Данііл Мазоль, які пакутуе на ДЦП. Нягледзячы на ўсе складанасці і цяжкасці, якія яму давялося пераадолець, ён падрыхтаваў сваю кнігу апавяданняў і назваў яе «Я ёсць». Выданне зборніка стала пачаткам аднайменнага праекта, які стартаваў 1 верасня мінулага года.

Таксама ў Нацыянальны інстытут адукацыі былі перададзены перыядычныя выданні партнёра Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра — Нацыянальнага інстытута развіцця камунікацый (Расійская Федэрацыя, горад Масква): часопісы «Чалавек і свет. Дыялог№», выпуск якога прысвечаны Рэспубліцы Беларусь і «Перспектыва. Пакаленне пошуку», які распавядае пра жыццёвы шлях маладых людзей, якія ўжо дабіліся значных поспехаў у жыцці і прафесійнай дзейнасці.

Як адзначыла дырэктар НМУ «Нацыянальны інстытут адукацыі» Валянціна Гінчук, дадзеныя выданні могуць быць паспяхова выкарыстаны ў адукацыйнай і конкурснай працы з установамі адукацыі ў надыходзячым навучальным годзе.

christeducenter.by/Church.by