У Нікольскім кафедральным саборы Бабруйска адбылося асвячэнне Бабруйскай іконы Божай Маці «Адзігітрыя»
10 жніўня 202110 жніўня, у дзень святкавання Смаленскай іконы Божай Маці, названай «Адзігітрыя» (Шляхаводніца), у Нікольскім кафедральным саборы Бабруйска адбылося асвячэнне Бабруйскай іконы Божай Маці «Адзігітрыя».
Узначаліў богаслужэнне епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім. Яго Праасвяшчэснтву саслужылі клірыкі Бабруйскай епархіі.
Богаслужэбныя спевы выканаў хор Мікольскага кафедральнага сабора.
Абраз Божай Маці «Адзігітрыя», паводле падання Царквы, быў напісаны апосталам і евангелістам Лукой пры зямным жыцці Прасвятой Багародзіцы. З Візантыі іканаграфічны тып Адзігітрыі трапляе на Русь, дзе па месцы стварэння, знаходжання або цудоўнага яўлення падобныя іконы атрымлівалі назвы: Смаленская, Ціхвінская, Іверская, Казанская, Сяміязерная, Тарапецкая.
З дагматычнага пункту гледжання асноўны сэнс гэтага вобраза — з'яўленне ў свет Нябеснага Цара і Суддзі і пакланенне царскаму Немаўляці. Абраз «Адзігітрыі» быў часткай іканаграфічнага сюжэту «Пакланенне вешчуноў», шырока распаўсюджанага ў раннехрысціянскім мастацтве, дзе Прасвятая Багародзіца паказвае на народжанага Богадзіцяця Хрыста, Які ёсць шлях да Царства Нябеснага. Ікона Божай Маці «Адзігітрыя» — адна з галоўных святынь Рускай Праваслаўнай Царквы. Вернікі атрымлівалі і атрымліваюць ад яе багатую благадатную дапамогу.