У Мінску адбылася прэзентацыя дапаможніка для факультатыўных заняткаў у школах «Духоўнасць і патрыятызм»
23 жніўня 2021У Белай зале храма-помніка ў гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі, 23 жніўня 2021 года працавала секцыя «Аб'яднанне намаганняў удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў вырашэнні найважнейшай дзяржаўнай задачы выхавання грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны» Рэспубліканскага педсавета, на якую сабраліся педагогі з усіх рэгіёнаў краіны.
У рамках форуму адбылася прэзентацыя дапаможніка «Духоўнасць і патрыятызм» для факультатыўнага занятку «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму».
Новы падручнік для навучэнцаў і дапаможнік для настаўнікаў — вынік цеснага ўзаемадзеяння Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства адукацыі. Творчы калектыў аб'яднаў 21 аўтара.
Старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтву са свецкімі ўстановамі адукацыі, настаяцель прыхода храма Усіх Святых горада Мінска протаіерэй Фёдар Поўны адзначыў, што асяроддзе, дзе ажыццяўляецца працэс навучання, павінна быць выбудавана ў духу стварэння і любові. Пры гэтым ён падкрэсліў, што Царква не ўмешваецца ў адукацыйны працэс, але прапануе навучэнцам паглядзець на гісторыю краіны праз прызму Праваслаўя.
«Месца правядзення гэтай сустрэчы ў храме-помніку ў гонар Усіх святых абрана не выпадкова, бо сёлета для 5-6-х класаў мы ўводзім факультатыў па духоўна-маральным выхаванні, патрыятызму. Неабходна надаваць вялікае значэнне такім тэмам, таму што без гэтых ведаў нашым дзецям і моладзі будзе складана зарыентавацца ў сучасным свеце. Для факультатыва «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму» падрыхтавана ўсё неабходнае вучэбна-метадычнае суправаджэнне — дапаможнік для педагогаў і рабочы сшытак для навучэнцаў», — распавяла кансультант Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Ларыса Емяльянчык.
У цяперашні час вядзецца праца над слоўнікам тэрмінаў і паняццяў для педагогаў на дзвюх мовах — беларускай і рускай. Ужо праз паўгода аўтарскі калектыў, працягваючы гэта выданне, выпусціць новую кнігу і метадычны дапаможнік для настаўнікаў і навучэнцаў.
«Праца вядзецца на ўзроўні сучаснай тэхнікі. У гэтай кнізе ёсць QR-коды, з дапамогай якіх можна праслухаць урыўкі, аўдыёзапіс або праглядзець выявы, якія дапаўняюць тэму занятку. Гэта ўсё для таго, каб пры рабоце на факультатыве ўсе пачуцці дзіцяці былі мабілізаваны», — праінфармавала прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Галіна Нікалаенка.
Фота: minsknews.by