У сталічным прыходзе іконы Божай Маці «Няўпіўльная Чаша» адбыўся чын прыняцця зароку цвярозасці

12 верасня 2021

top.jpg

11 верасня 2021 года, у дзень Усекнавення галавы Прадцечы і Хрысціцеля Іаана ў прыходзе іконы Божай Маці «Няўпіўная Чаша» прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню агульнацаркоўнага Дня цвярозасці.

Падчас Бажэственнай літургіі, якую ўзначаліў настаяцель прыхода, кіраўнік Каардынацыйнага цэнтра БПЦ па супрацьдзеянні наркаманіі і алкагалізму протаіерэй Дыянісій Пясецкі, былі ўзнесены асаблівыя малітоўныя прашэнні аб тых, хто пакутуе на хваробы вінапіцця, наркаманіі і гульняманіі. Для ўсіх, хто маліўся за богаслужэннем быў урачыста зачытаны зварот Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла з нагоды Дня цвярозасці.

Па заканчэнні Бажэственнай літургіі быў здзейснены малебны спеў аб тых, хто пакутуе на хваробы алкагалізму і наркаманіі з чынам прыняцця зароку цвярозасці. У гэты дзень прыходскае таварыства «Цвярозасць» папоўніла свае шэрагі пяццю новымі членамі — братамі і сёстрамі, якія прынеслі зарок цвярозасці тэрмінам ад 1 года да цвёрдага намеру не ўжываць алкаголь усё жыццё.

Прыняцце зароку цвярозасці ў Рускай Праваслаўнай Царкве атрымала шырокае распаўсюджванне ў пачатку мінулага стагоддзя, калі расійскі рух цвярозасці налічваў звыш дзвюх тысяч праваслаўных брацтваў і таварыстваў цвярозасці. Традыцыйна, акрамя саміх залежных, абяцанні цвярозасці даюць жонкі і маці, каб праз малітвы і зварот да Госпада дапамагчы сваім сваякам супрацьстаяць гэтай цяжкай хваробе.

Пасля набажэнства члены таварыства цвярозасці за духоўнай падтрымкай і ўмацаваннем адправіліся ў паломніцтва на магілку святой блажэннай Валянціны Мінскай. Хрэсны ход з малітвамі і спевамі прайшоў ад станцыі электрычак «Пяцігор'е» да месца спачыну святой. На магілцы блажэннай матухны яшчэ раз быў адслужаны малебен за ўсіх тых, хто пакутуе цяжкімі хваробамі п'янства і наркаманіі, а таксама здзейснены спеў акафіста святой.

Напрыканцы пілігрымкі братчыкі таварыства «Цвярозасць» наведалі святую крыніцу ля вёскі Вітаўка Дзяржынскага раёна, дзе змаглі набраць святой вады і акунуцца ў купелі з малітвай аб ацаленні хвароб душэўных і цялесных.

Church.by