У Свята-Духавым кафедральным саборы Мінска ўзнеслі заўпакойныя малітвы аб жыхарах «вогненных вёсак»

24 лютага 2017

top.jpg

23 лютага 2017 года ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы па просьбе сваякоў маліліся аб нявінна забітых нацыстамі мірных жыхарах лясных вёсак Грэскага (існаваў да 1956 года) раёна Мінскай вобласці. Людзі былі расстраляныя або зажыва спаленыя. Усяго было забіта 1118 чалавек, уключаючы дзяцей, жанчын і старых.

Тады, 23 лютага 1943 года, былі спалены наступныя вёскі ў раёне дарогі Шышчыцы — Асіповічы: Адамава, Беразінец (не адноўлена), Жылін-Брод, Задоўба (не адноўлена), Крушнік (не адноўлена), Навінкі, Пераходы (не адноўлена), Пільня (не адноўлена), Палікараўка, Рудноўка (не адноўлена), Фадзееўка (не адноўлена). Усе гэтыя населеныя пункты знаходзяцца на тэрыторыі сучаснага Слуцкага раёна.

Захаваліся сведчанні ваеннага злачынства. Жыхар спаленай вёскі Пераходы. П. А. Жураўскі распавядаў: «23 лютага 1943 года на досвітку, калі людзі яшчэ спалі, немцы ўрываліся ў кожны дом, расстрэльвалі сялян, а затым падпальвалі будынак. Усё трашчала i палыхала, чуліся енкі. Так загінулі i маі дзеці, а старэйшую дачушку карнікі жывой кінулі ў агонь. Так яны знішчылі ўсю вёску. Цяпер часта паўстае перад вачыма тая страшэнная карціна».

«У мяне было шасцёра дзяцей, iх усiх немцы расстралялi. У гэты страшэнны час на руках я трымала самага меншанькага (1 год). Куля пранiзала дзiцятка i паранiла мяне ў плячо. Ад жаху, болю рухнула я на падлогу i страцiла прытомнасць. Фашысты запалiлi хату. Апрытомнела я, калi агонь ужо бушаваў ваўсю. Неяк мне ўдалося выпаўзцi. Твар i валасы абгарэлi, але, сабраўшы ўсе сiлы, дапаўзла да лесу. Там мяне ўжо заўважылi свае людзi i падабралi», — успамінала жыхарка таго ж сяла С. Н. Дардынская, якая выратавалася.

З успамінаў Е. І. Барысевіч: «Я ўраджэнка вёскі Крушнbк. Падчас вайны разам з бацькамі ў адной хаце жыла сям'я майго старэйшага брата Толіка. Раніцай бацька адправіў Толю ў лес па дровы, але той хутка вярнуўся і паведаміў, што з боку вёскі Палікараўка чутныя крыкі і стрэлы. Праз гадзіны дзве мы ўбачылі карнікаў. Бацька загадаў мне і брату бегчы ў лес: баяўся, каб нас не адправілі ў Германію... Мы чакалі бацьку, але ён не прыходзіў. Тады з суседкай Нінай пайшлі ў бок вёскі. Добра памятаю, што снег на падыходзе да вёскі быў чорны, пакрыты сажай. Мы спалохаліся і павярнулі назад... Пазней мы з братам вярнуліся да нашага дому, але ўбачылі адно папялішча. Пачалі шукаць: можа, хто застаўся жывым? Але на месцы былой хаты знайшлі толькі гузікі ад мамінай кофтачкі і папіну запальніцу, якую ён заўсёды насіў з сабой, абгарэлыя костачкі сваіх родных... На агародзе выкапалі схаваны куфар з бялізнай, дасталі чыстую навалачку і пахавалі ў ёй костачкі сваіх мілых бацькоў, жонкі Толіка і яго двух дзетак — недалёка ад роднага дома. Пасля гэтай трагедыі брат пайшоў у партызаны — помсціць ворагу».

За гады нямецкай акупацыі (1941-1944) у Беларусі карнікамі было знішчана звыш 5 295 населеных пунктаў, у шэрагу выпадкаў з усім насельніцтвам. Вынікам нямецкай палітыкі генацыду і «выпаленай зямлі» ў Беларусі сталі 2 230 000 чалавек, знішчаных за тры гады акупацыі.

Версію аб тым, што нібыта галоўную ролю ў антыпартызанскай вайне на тэрыторыі СССР гулялі войскі СС, СД і калабарацыяністы, абверг галоўны змагар з партызанамі — генэрал СС Эрых фон дэм Бах-Зялеўскі. У ходзе Нюрнбергского працэсу ў 1946 годзе ён сцвярджаў, што антыпартызанскія аперацыі на акупаванай тэрыторыі СССР праводзіліся ў асноўным войскамі вермахта, г. зн. арміяй, паколькі падраздзяленні СД і паліцыі былі малалікія.

З памінальнага прашэння аб нявінна забітых:

Яшчэ молімся аб упакаенні душ спачылых рабоў Божых, супастатамі нявінна забітых і па-пакутніцку смерць прыняўшых, іхнія імёны Ты Сам, Госпадзі, ведаеш, і аб тым, каб прабачыўся ім усялякі грэх вольны і міжвольны.

Sabor.by / Church.by