Каляднае пасланне Патрыяршага Экзарха
06 студзеня 2018Ражджэственскае пасланне
мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла,
Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі,
архіпастырам, пастырам, дыяканам,
манахам і ўсім верным дзецям
Беларускай Праваслаўнай Царквы
Хваліце Госпада, усе народы,
услаўляйце Яго, усе плямёны:
Бо вялікая міласць Яго да нас,
і ісціна Гасподняя — навекі.
(Пс. 116, 1-2)
Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэснае прасвітарства, у Хрысце дыяканства, багалюбівы манаскі чын, дарагія браты і сёстры!
Сардэчна, са светлай радасцю вітаю вас і віншую з найвялікшай спасіцельнай падзеяй: прышэсцем у свет Сонца Праўды — Хрыста, Бога нашага: «Слова стала пло́ццю, і жыло́ сярод нас, і мы ба́чылі славу Яго ад Айца, славу як Адзінароднага, поўнага благада́ці і íсціны» (Ін. 1:14). Любячы Сваё стварэнне, Стварыцель і Спасіцель наш Хрыстос-Бог стаў чалавекам, ва ўсім падобным да нас, акрамя граху (1 Цім. 3:16; Яўр. 4:15). Гасподзь прынёс заблуднаму чалавецтву найвялікшы з усіх дароў — Сваю Бажэственную любоў. Прыйшоў на зямлю Сын Божы, каб выратаваць свет, вызваліць чалавека ад страху смяротнага і ад самой смерці, дараваць паўнату быцця ў Богу і жыццё вечнае кожнаму, хто пачуе заклік Яго і пойдзе услед за Ім.
У сваім пасланні апостал Павел звяртаецца да карынфскіх хрысціян, а праз іх і да кожнага з нас, з адным з такіх заклікаў: «Праслаўляйце Бога і ў це́лах вашых, і ў ду́шах вашых, якія належаць Богу» (1 Кар. 6:20). Галоўны сэнс гэтага закліку заключаецца ў тым, каб мы не толькі дзякавалі Богу і ўзносілі Яму хвалу ў малітвах і песнапеннях, але і прыносілі добры плён — справы любві і міласэрнасці на славу Божую, на славу Царквы, на карысць Бацькаўшчыны і на карысць бліжняга, несучы «цяжа́ры адзін аднаго» (Гал. 6:2) — і ў радасці, і ў бядзе.
Гасподзь запаведаў нам любіць адзін аднаго, захоўваць царкоўнае адзінства, несці людзям мір Хрыстоў і дабро, быць незласлівымі і цярплівымі, быць руплівымі ў малітве і ў служэнні слабым і абяздоленым. «Па тым пазна́юць усе, што вы Мае́ вучні, калі любоў будзеце мець памíж сабою» (Ін. 13:35), — кажа нам Спасіцель і Гасподзь — Іісус Хрыстос. Прылучаючыся да гэтай найдасканалейшай Божай любві, мы атрымліваем непераможную зброю «супраць злых духаў паднябесных» (Эф. 6:12), атрымліваем здольнасць паспяхова супрацьстаяць усім выклікам часу. Якія б спакусы і выпрабаванні ні спасцігалі нас у зямным жыцці, словы Госпада: «Я з вамі ва ўсе дні да сканчэ́ння веку» (Мф. 28:20) усяляюць у нас надзею, што Ён не пакідае нас сёння і не пакіне ў будучы час.
Закон любві, завешчаны нам Спасіцелем, ляжыць у аснове сапраўднага «адзінства духу» (Эф. 4:3). Гэты закон — аснова грамадскага жыцця і салідарнасці, сумеснай стваральнай працы і супрацоўніцтва на славу Божую і на радасць тым, хто перажывае розныя нягоды і няшчасці, хто церпіць нястачу і мае патрэбу ў нашай дапамозе і падтрымцы. Але сапраўднае яднанне народа не можа абмяжоўвацца толькі часам выпрабаванняў, яно павінна стаць неад'емнай часткай нашай хрысціянскай самасвядомасці і сапраўднага хрысціянскага жыцця.
Зноў наступіла прамяністае свята Ражджаства Хрыстовага, свята гарачай веры і непасаромленай надзеі на Промысл Божы, які вядзе да дабра кожнага чалавека. Зноў раскрываецца неба над зямлёю, зноў раздаецца ангельскае славаслоўе, што абвясціла свету «радасць вялікую, якая будзе ўсяму народу: нарадзíўся … сёння ў горадзе Давідавым Спасіцель» (Лк. 2:10-11). Разам з ангеламі мы зноў закліканы заспяваць славаслоўе народжанаму Немаўляці Хрысту і, пакланіўшыся Яму, як гэта зрабілі ўсходнія мудрацы, прынесці ў дар «фіміям» сардэчнай малітвы, «золата» добрых спраў на славу Царквы і на карысць бліжняга, «міра» ахвярнага служэння бліжнім, і, прыпаўшы да ясляў Хрыстовых, як віфлеемскія пастухі, славіць і хваліць «Бога за ўсё тое, што чулі і бачылі».
Праасвяшчэнныя архіпастыры, дарагія айцы, браты і сёстры, мінулы год для многіх з нас быў няпростым, але, міласцю Божай, ён прынёс і нямала духоўнай радасці. Гэты год быў адзначаны многімі важнымі падзеямі ў жыцці нашай Царквы. Ва ўсіх епархіях архіерэі, клірыкі, набожныя веруючыя людзі займаліся вырашэннем надзённых пытанняў царкоўнага жыцця: упарадкаваннем епархіяльнай і прыходскай дзейнасці, стварэннем якасна новых прыходаў, якія закліканы стаць сапраўднымі праваслаўнымі абшчынамі, здольнымі да актыўнага ўдзелу ў царкоўнай місіі, з уключэннем у іх самай актыўнай сілы грамадства — моладзі; шмат увагі надавалася развіццю сацыяльных і асветніцкіх праектаў Праваслаўнай Царквы.
Найважнейшымі тэмамі многіх нашых мерапрыемстваў і разважанняў у бягучым годзе, з'яўляліся: 100-гадовая гадавіна аднаўлення Патрыяршаства ў Рускай Праваслаўнай Царкве і абрання на Патрыяршы прастол свяціцеля Ціхана; успамін аб трагічных падзеях нашай гісторыі ў ХХ стагоддзі і аб пачатку страшных ганенняў на Царкву Хрыстову. У тыя цяжкія гады бязбожнага ліхалецця была праліта кроў многіх навамучанікаў і вызнаўцаў, якія потым былі праслаўлены ў ліку святых. Царкоўнае праслаўленне навамучанікаў і малітоўны зварот да іх мае асаблівае значэнне не толькі для захавання памяці пра трагічныя падзеі тых дзён, але яно яскрава сведчыць аб тым, што ў Бога ўсе жывыя, смерць пераможана смерцю і ўваскрасеннем Хрыстовым.
Малітва навамучанікам і вызнаўцам сагравае нашы сэрцы, умацоўвае веру ў Бога і, нагадваючы пра мінулае, заклікае нас захоўваць веру праваслаўную, каб нічога падобнага на нашай зямлі ў будучым не адбывалася.
У мінулым годзе па шматлікіх просьбах і хадайніцтве набожных вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы і асабліва Мінскай мітраполіі пачата падрыхтоўчая праца па знойдзенню святых мошчаў блажэннай Валянціны Мінскай. Заклікаю ўсіх Вас, дарагія архіпастыры, пастыры, пачэсныя інакі і інакіні, набожныя браты і сёстры ўзмацніць свае малітвы да Госпада і да Прасвятой Багародзіцы, каб Яны благаславілі Бацькаўшчыне, Царкве і ўсяму нашаму набожнаму народу адкрыць духоўны скарб — святыя мошчы блажэннай Валянціны Мінскай.
Мы верым, што знойдзенне мошчаў святых угоднікаў Божых з'яўляецца найвялікшым Божым Дарам і праявай асаблівай Божай прыхільнасці да верных людзей Сваіх. Як толькі мы станем вартымі міласці Божай і гэтага благадатнага Дару, Гасподзь пачуе нашы малітвы і выканае наша прашэнне. Знойдзенне святых мошчаў блажэннай Валянціны і прынясенне гэтай вялікай святыні ў кафедральны сабор сталіцы Белай Русі горада Мінска стане мацнейшым жыццесцвярджальным імпульсам, які засведчыць перад кожным з нас, жыхароў беларускай зямлі, пра вечнае значэнне жыцця чалавека ў веры і вернасці Богу, у імкненні выканання асноўных прынцыпаў Богам запаведанага Евангельскага закону. Перакананы, што такое сведчанне паслужыць усенароднаму ўмацаванню ў свядомасці і жыцці людзей духоўна-маральных каштоўнасцей і паспрыяе росквіту нашай Бацькаўшчыны.
Святая Праваслаўная Царква заклікае кожнага з нас без ляноты працягваць працаваць над ачышчэннем і перамяненнем сваёй душы, паколькі духоўнае змяненне самога сябе – залог і аснова для перамянення ўсяго народа нашай Бацькаўшчыны.
Дарагія і ўзлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры і пастыры, інакі і інакіні, браты і сёстры! Ад усяго сэрца з любоўю ў Хрысце зноў і зноў віншую ўсіх вас з вялікім святам Ражджаства Хрыстова і з Новым годам добрасці Гасподняй. Малітоўна жадаю вам добрага здароўя, міру, дабрабыту і невычарапальнай благадатнай дапамогі Божай у вашым жыцці, подзвігах і працы на славу Святой Царквы Хрыстовай, на карысць Бацькаўшчыны і на дабро ўсім нашым блізкім і дальнім. Амінь.
+ Павел,
мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
Ражджаство Хрыстова 2017-2018 гг.,
горад Мінск