Заява Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы ў сувязі з незаконным уварваннем Канстанцінопальскага Патрыярхату на кананічную тэрыторыю Рускай Праваслаўнай Царквы

14 верасня 2018

top.jpg

Свяшчэнны Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы з глыбокім жалем і смуткам успрыняў заяву Свяшчэннага Сінода Канстанцінопальскай Праваслаўнай Царквы аб прызначэнні сваіх «экзархаў» у Кіеў. Гэтае рашэнне прынята без узгаднення з Прадстаяцелем Рускай Праваслаўнай Царквы і Блажэннейшым мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Украіны Ануфрыем — адзіным кананічным кіраўніком Праваслаўнай Царквы ва Украіне. Яно з'яўляецца грубейшым парушэннем царкоўнага права, уварваннем адной Памеснай Царквы на тэрыторыю іншай. Больш таго, Канстанцінопальскі Патрыярхат пазіцыяніруе прызначэнне «экзархаў» як этап у рэалізацыі плана прадастаўлення «аўтакефаліі» Украіне, які, згодна з яго заявамі, незваротны і будзе даведзены да канца.

Імкнучыся абгрунтаваць прэтэнзіі Канстанцінопальскага прастола на аднаўленне юрысдыкцыі над Кіеўскай мітраполіяй, прадстаўнікі Фанара заяўляюць аб тым, што Кіеўская мітраполія быццам бы ніколі і не перадавалася ў юрысдыкцыю Маскоўскага Патрыярхату. Падобныя сцверджанні не адпавядаюць рэчаіснасці і цалкам супярэчаць гістарычным фактам.

Першая кафедра Рускай Праваслаўнай Царквы, Кіеўская мітраполія, на працягу стагоддзяў складала з ёй адзінае цэлае, нягледзячы на палітычныя і гістарычныя нягоды, якія часам разрывалі адзінства Рускай Царквы. Канстанцінопальскі патрыярхат, у юрысдыкцыю якога першапачаткова ўваходзіла Руская Праваслаўная Царква, да сярэдзіны XV стагоддзя паслядоўна адстойваў яе адзінства, што пасля знайшло адлюстраванне ў тытулатуры кіеўскіх мітрапалітаў — «усяе Русі». І нават пасля фактычнага пераносу першасвяціцельскай кафедры з Кіева ва Уладзімір, а затым у Маскву мітрапаліты ўсяе Русі працягвалі называцца кіеўскімі.

Часовы падзел адзінай мітраполіі ўсяе Русі на дзве часткі звязаны з сумнымі наступствамі Ферара-Фларэнційскага сабора і пачаткам уніі з Рымам, якую Канстанцінопальская Царква спачатку прыняла, а Руская Царква адразу ж адпрэчыла. У 1448 годзе сабор епіскапаў Рускай Царквы без благаславення Канстанцінопальскага Патрыярха, які на той момант знаходзіўся ў уніі, паставіў мітрапалітам свяціцеля Іону. З гэтага часу Руская Праваслаўная Царква вядзе сваё аўтакефальнае быццё. Аднак праз дзесяць гадоў, у 1458 годзе, былы Канстанцінопальскі Патрыярх Грыгорый Мама, які знаходзіўся ў уніі і прабываў у Рыме, рукапалажыў для Кіева самастойнага мітрапаліта — уніята Грыгорыя Балгарына, падпарадкаваўшы яму тэрыторыі, якія цяпер складаюць частку Украіны, Польшчы, Літвы, Беларусі і Расіі.

Рашэннем Канстанцінопальскага сабора 1593 года з удзелам усіх чатырох усходніх патрыярхаў Маскоўская мітраполія была ўзвышана да статусу Патрыярхату. Гэты Патрыярхат аб'ядноўваў усе рускія землі, пра што сведчыць ліст патрыярха Канстанцінопальскага Паісія патрыярху Маскоўскаму Нікану ад 1654 года, у якім апошні называецца «Патрыярхам Маскоўскім, Вялікай і Малай Русі».

Уз'яднанне Кіеўскай мітраполіі з Рускай Царквой адбылося ў 1686 годзе. Пра гэта было выдадзена адпаведнае дзеянне за подпісам Патрыярха Канстанцінопальскага Дыянісія IV і членаў яго Сінода. У дакуменце няма ні слова аб часовым характары перадачы мітраполіі, аб чым цяпер беспадстаўна кажуць іерархі Канстанцінопаля. Няма сцвярджэнняў аб часовай перадачы Кіеўскай мітраполіі і ў тэкстах дзвюх іншых Грамат Патрыярха Дыянісія ад 1686 года - на імя маскоўскіх цароў, і на імя мітрапаліта Кіеўскага. Наадварот, у грамаце Патрыярха Дыянісія Маскоўскім царам 1686 года сказана аб падпарадкаванні ўсіх кіеўскіх мітрапалітаў патрыярху Маскоўскаму Іакіму і яго пераемнікам, «якія зараз і пасля яго будуць, няхай знаюць як старэйшага, які мае быць потым Патрыярха Маскоўскага, бо ад яго прымае хіратонію». Тлумачэнне прадстаўнікамі Канстанцінопальскай Царквы сэнсу згаданых дакументаў 1686 года не знаходзіць ніякага абгрунтавання ў іх тэкстах.

Да XX стагоддзя ні адна Памесная Праваслаўная Царква, уключаючы Канстанцінопальскую, не аспрэчвала юрысдыкцыю Рускай Царквы над Кіеўскай мітраполіяй. Першая спроба аспрэчыць гэтую юрысдыкцыю звязаная з прадастаўленнем Канстанцінопальскім Патрыярхатам аўтакефаліі Польскай Праваслаўнай Царкве, якая мела на той момант аўтаномны статус у складзе Рускай Праваслаўнай Царквы. У непрызнаным Рускай Царквой Томасе аб аўтакефаліі Польскай Царквы 1924 г. Канстанцінопальскі Патрыярхат без усякага абгрунтавання заявіў: «Першапачатковае адпадзенне ад нашага Прастола Кіеўскай мітраполіі і залежных ад яе Праваслаўных Цэркваў Літвы і Польшчы і далучэнне іх да Святой Маскоўскай Царквы было здзейснена не ў адпаведнасці з кананічнымі пастановамі».

На жаль, гэта толькі адзін з фактаў уварвання Канстанцінопальскага Патрыярхату ў кананічныя межы Рускай Царквы ў 1920-я і 1930-я гады. У той самы час, калі Руская царква падвяргалася бяспрыкладным па жорсткасці атэістычным ганенням, Канстанцінопальскі Патрыярхат без яе ведама і згоды распачаў некананічныя крокі ў дачыненні да аўтаномных цэркваў, якія ўваходзілі ў яе склад,  на тэрыторыі маладых дзяржаў, што сфарміраваліся на межах былой Расійскай імперыі: у 1923 годзе ператварыў аўтаномныя Цэрквы на тэрыторыі Эстоніі і Фінляндыі ва ўласныя мітраполіі, у 1924 годзе прадаставіў аўтакефалію Польскай Праваслаўнай Церкве [1], у 1936 годзе абвясціў сваю юрысдыкцыю ў Латвіі. Акрамя таго, у 1931 годзе Канстанцінопаль уключыў у сваю юрысдыкцыю рускія эмігранцкія прыходы ў Заходняй Еўропе без згоды Рускай Праваслаўнай Царквы, пераўтварыўшы іх ва ўласны часовы экзархат.

Асабліва непрывабным аказаўся ўдзел Канстанцінопальскага Патрыярхату ў спробах скінуць свяціцеля і вызнаўца Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Расіі Ціхана, кананічна абранага ў 1917 годзе. Гэтыя спробы рабілі атэістычныя ўлады ў 1920-я гады, штучна стварыўшы ў Рускай Царкве абнаўленчы, мадэрнісцкі раскол для падрыву аўтарытэту Праваслаўнай Царквы сярод вернікаў, «саветызацыі» Царквы і яе паступовага знішчэння.

У 1920-я гады абнаўленцы актыўна спрыялі арыштам праваслаўнага епіскапату і духавенства, пісалі на іх даносы і захоплівалі іх храмы. Патрыярх Канстанцінопальскі Грыгорый VII адкрыта падтрымаў абнаўленцаў. Яго афіцыйны прадстаўнік у Маскве архімандрыт Васіль (Дзімапула) прысутнічаў на абнаўленчых ілжэ-саборах, а ў 1924 годзе сам патрыярх Грыгорый звярнуўся да свяціцеля Ціхана з заклікам зрачыся ад патрыяршаства.

У тым жа 1924 годзе абнаўленцы апублікавалі выпіскі з пратаколаў пасяджэнняў Свяшчэннага Сінода Канстанцінопальскага Патрыярхату, атрыманыя імі ад архімандрыта Васіля (Дзімапула). Паводле выпіскі, датаванай 6 мая 1924 года, Патрыярх Грыгорый VII «па запрашэнню з боку царкоўных колаў Расійскага насельніцтва» прыняў прапанаваную яму «справу прымірэння смут і рознагалоссяў, якія адбыліся ў апошні час у тамтэйшай брацкай царкве, прызначыўшы для гэтага асаблівую патрыяршую камісію». Згаданыя ў пратаколах «царкоўныя колы расійскага насельніцтва» прадстаўлялі зусім не пакутніцкую Рускую Царкву, якая перажывала тады жорсткія ганенні з боку бязбожнай улады, а раскольніцкія групоўкі, што з гэтай самай уладай супрацоўнічалі і актыўна падтрымалі арганізаванае ёю цкаванне святога Патрыярха Ціхана.

Пра прычыны, па якіх Канстанцінопальская Царква падтрымлівала абнаўленчы раскол, заняўшы ў барацьбе з Рускай Царквой бок камуністычнага рэжыму, адкрыта казаў усё той жа архімандрыт Васіль (Дзімапула) у сваім звароце ад імя «усяго Канстанцінопальскага пралетарыяту», адрасаваным аднаму з высокіх чыноў бязбожнай улады: «адолеўшы сваіх ворагаў, перамогшы ўсе перашкоды, адужэўшы, Савецкая Расія можа цяпер адгукнуцца на просьбы пралетарыяту Блізкага Усходу, добразычлівага да яе, і тым яшчэ больш схіліць да сябе. У вашых руках... зрабіць імя Савецкай Расіі яшчэ больш папулярным на Усходзе, чым яно было раней, і я горача прашу Вас, акажыце Канстанцінопальскай Патрыярхіі вялікую паслугу, як моцны і дужы ўрад магутнай дзяржавы, тым больш што Усяленскі Патрыярх, які прызнаецца на Усходзе кіраўніком усяго праваслаўнага народа, ясна паказаў сваімі дзеяннямі прыхільнасць да савецкай улады, якую ён прызнаў». У другім лісце таму ж савецкаму чыноўніку архімандрыт Васіль тлумачыў, якую «паслугу» ён мае на ўвазе — вяртанне будынка, які належаў Канстанцінопальскаму падвор'ю ў Маскве, даход ад якога раней штогод пералічваўся ў Канстанцінопальскую Патрыярхію.

Даведаўшыся пра рашэнне Канстанцінопаля накіраваць «патрыяршую камісію» ў межы Рускай Царквы, яе адзіна законны кіраўнік Патрыярх Усерасійскі Ціхан выказаў рашучы пратэст у сувязі з некананічнымі дзеяннямі свайго сабрата. Яго словы, сказаныя без малога сто гадоў таму, актуальна гучаць і ў нашы дні: «Мы нямала збянтэжыліся і здзівіліся, што прадстаўнік Усяленскай Патрыярхіі, кіраўнік Канстанцінопальскай Царквы, без усялякіх папярэдніх зносін з Намі, як з законным прадстаўніком і галавою ўсёй Рускай Праваслаўнай Царквы, умешваецца ва ўнутранае жыццё і справы Аўтакефальнай Рускай Царквы ... ўсякая пасылка якой-небудзь камісіі без зносін са Мною, як адзіна законным і праваслаўным Першаіерархам Рускай Праваслаўнай Царквы, без Майго ведама незаконная, не будзе прынята рускім праваслаўным народам і ўнясе не заспакаенне, а яшчэ большую смуту і раскол у жыццё і без таго шматпакутнай Рускай Праваслаўнай Царквы». Абставіны часу, перашкодзілі выпраўленню гэтай камісіі ў Маскву. Яе прыезд азначаў бы ўжо не проста ўмяшанне, але прамое ўварванне ў справы Рускай Праваслаўнай Царквы, якое мае месца ў цяперашні момант.

Цаною крыві многіх тысяч навамучанікаў Руская царква выстаяла ў тыя гады, імкнучыся пакрыць любоўю гэтую сумную старонку сваіх адносін з Канстанцінопальскай Царквой. Аднак у 1990-я гады, у перыяд новых выпрабаванняў Рускай Царквы, звязаных з глыбокімі геапалітычнымі ўзрушэннямі, нябрацкія паводзіны Канстанцінопальскай Царквы зноў у поўнай меры праявілі сябе.

У прыватнасці, нягледзячы на тое, што ў 1978 годзе патрыярх Канстанцінопальскі Дзімітрый абвясціў страціўшым сілу Томас 1923 года аб пераводзе ў канстанцінопальскую юрысдыкцыю Эстонскай Праваслаўнай Царквы, у 1996 годзе Канстанцінопальскі Патрыярхат антыкананічна распаўсюдзіў сваю юрысдыкцыю на Эстонію, у сувязі з чым Маскоўскі Патрыярхат быў вымушаны часова разарваць з ім еўхарыстычныя зносіны.

У той жа перыяд былі зроблены першыя спробы Канстанцінопальскага Патрыярхату ўмяшацца ва ўкраінскія царкоўныя справы. У 1995 годзе ў юрысдыкцыю Канстанцінопаля былі прыняты ўкраінскія раскольніцкія абшчыны ў ЗША і краінах дыяспары. У тым жа годзе патрыярх Канстанцінопальскі Варфаламей пісьмова даў абяцанне патрыярху Аляксію, што прынятыя абшчыны не будуць «супрацоўнічаць або мець зносіны з іншымі украінскімі раскольніцкімі групоўкамі».

Запэўніванні ў тым, што прадстаўнікі ўкраінскага епіскапату Канстанцінопальскага Патрыярхату не будуць уступаць у кантакт і саслужыць з раскольнікамі, не былі выкананы. Канстанцінопальскі Патрыярхат не прыняў захады для ўмацавання іх кананічнай свядомасці і быў імі ўцягнуты ў антыкананічны працэс легалізацыі расколу на Украіне шляхам стварэння паралельнай царкоўнай структуры і прадастаўлення ёй аўтакефальнага статусу.

Пазіцыя па пытанні аб аўтакефаліі, якую агучвае зараз Канстанцінопальская Патрыярхія, цалкам супярэчыць узгодненай пазіцыі ўсіх Памесных Праваслаўных Цэркваў, выпрацаванай у выніку няпростых дыскусій у рамках падрыхтоўкі да Святога і Вялікага сабора і зафіксаванай у дакуменце «Аўтакефалія і спосаб яе абвяшчэння», які быў падпісаны прадстаўнікамі ўсіх Памесных Цэркваў, у тым ліку Канстанцінопальскай Царквы.

Пры адсутнасці афіцыйнай просьбы аб аўтакефаліі з боку епіскапату Украінскай Праваслаўнай Царквы Патрыярх Варфаламей прыняў да разгляду просьбу, якая зыходзіць ад украінскага ўрада і раскольнікаў, што цалкам супярэчыць яго ўласнай пазіцыі, якую ён да апошняга часу займаў і пра якую неаднаразова заяўляў, у тым ліку публічна. У прыватнасці, у студзені 2001 года ў інтэрв'ю грэчаскай газеце «Неа Элада» ён казаў: «Аўтакефалія і аўтаномія даруецца ўсёй Царквой рашэннем Усяленскага Сабора. Паколькі ж па розных прычынах немагчыма скліканне Усяленскага Сабора, то Усяленская Патрыярхія, як каардынатар усіх Праваслаўных Цэркваў, даруе аўтакефалію або аўтаномію, пры ўмове, што яны гэта ўхваляць».

За апошнімі аднабаковымі дзеяннямі і выказваннямі Патрыярха Варфаламея стаяць чужыя Праваслаўю эклезіялагічныя ўяўленні. Нядаўна, выступаючы перад сходам іерархаў Канстанцінопальскага Патрыярхату, Патрыярх Варфаламей сцвярджаў, што «Праваслаўе не можа існаваць без Усяленскага Патрыярхату», што «для Праваслаўя Усяленскі Патрыярхат служыць закваскай, якая "заквашвае ўсё цеста" (Гал. 5: 9) Царквы і гісторыі». Гэтыя выказванні цяжка ацаніць інакш як спробу перабудаваць праваслаўную эклезіялогію па рымска-каталіцкай мадэлі.

Асаблівы смутак выклікала ў Рускай Праваслаўнай Царквы нядаўняе рашэнне Свяшчэннага Сінода Канстанцінопальскай Царквы аб дапушчальнасці паўторнага шлюбу для клірыкаў. Гэта рашэнне з'яўляецца парушэннем Святых канонаў (17 правіла святых Апосталаў, 3 правіла Трульскага сабора, 1 правіла Неакесарыйскага сабора, 12 правіла свяціцеля Васілія Вялікага), груба парушае ўсеправаслаўную згоду і фактычна з'яўляецца адмовай ад вынікаў Крыцкага сабора 2016 года, прызнання якога Канстанцінопальскі Патрыярхат гэтак актыўна дамагаецца ад астатніх Памесных Цэркваў.

У спробах зацвердзіць свае неіснуючыя і ніколі не існаваўшыя ўладныя паўнамоцтвы ў Праваслаўнай Царкве Канстанцінопальскі Патрыярхат у цяперашні час ўмешвацца ў царкоўнае жыццё на Украіне. У сваіх заявах іерархі Канстанцінопальскай Царквы дазваляюць сабе называць «антыкананічным» мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Ануфрыя на той падставе, што ён не памінае Канстанцінопальскага Патрыярха. Між тым, раней на сходзе Прадстаяцеляў Памесных Цэркваў у Шамбезі ў студзені 2016 года Патрыярх Варфаламей публічна называў мітрапаліта Ануфрыя адзіным кананічным Прадстаяцелем Праваслаўнай Царквы на Украіне. Тады ж Прадстаяцель Канстанцінопальскай Царквы даў абяцанне, што ні падчас Крыцкага сабора, ні пасля яго не будуць зроблены ніякія намаганні, каб легалізаваць раскол або ў аднабаковым парадку даць камусьці аўтакефалію.

З жалем даводзіцца канстатаваць, што дадзенае абяцанне цяпер парушана. Аднабаковыя, антыкананічныя дзеянні Канстанцінопальскага прастола на тэрыторыі Украіны, якія здзяйсняюцца пры поўным ігнараванні Украінскай Праваслаўнай Царквы, з'яўляюцца прамой падтрымкай украінскага расколу. Сярод шматмільённай паствы Украінскай Праваслаўнай Царквы выклікае крайнюю спакусу той факт, што Канстанцінопальскі Патрыярхат, лічачы сябе Царквой-Маці для Украінскай Царквы, падае сваёй дачцэ замест хлеба камень і замест рыбы змяю (Лк. 11: 11).

Глыбокая заклапочанасць Рускай Праваслаўнай Царквы памылковым і скажоным уяўленнем Канстанцінопальскай Царквы аб тым, што адбываецца на Украіне была асабіста данесена Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам да Патрыярха Варфаламея 31 жніўня 2018 г. Аднак, як паказалі далейшыя падзеі, голас Рускай Царквы не быў пачуты і праз тыдзень пасля сустрэчы Канстанцінопальскі Патрыярхат апублікаваў антыкананічнае рашэнне аб прызначэнні ў Кіеў сваіх «экзархаў».

У крытычнай сітуацыі, калі Канстанцінопальскі бок практычна адмовіўся вырашаць пытанне шляхам дыялогу, Маскоўскі Патрыярхат вымушаны прыпыніць малітоўнае памінанне Канстанцінопальскага Патрыярха Варфаламея за богаслужэннем і з глыбокім шкадаваннем прыпыніць саслужэнне з іерархамі Канстанцінопальскага Патрыярхату, а таксама спыніць удзел Рускай Праваслаўнай Царквы ў Епіскапскіх асамблеях, таксама як і ў багаслоўскіх дыялогах, шматбаковых камісіях і ўсіх іншых структурах, у якіх старшынствуюць або сустаршынствуюць прадстаўнікі Канстанцінопальскага Патрыярхату.

У выпадку працягу антыкананічнай дзейнасці Канстанцінопальскага Патрыярхату на тэрыторыі Украінскай Праваслаўнай Царквы мы будзем вымушаныя цалкам разарваць еўхарыстычныя зносіны з Канстанцінопальскім Патрыярхатам. Уся паўната адказнасці за трагічныя наступствы гэтага падзелу ляжа асабіста на Патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея і архіерэяў, якія падтрымліваюць яго.

Усведамляючы, што тое, што адбываецца, уяўляе небяспеку для ўсяго сусветнага Праваслаўя, звяртаемся ў гэты цяжкі час за падтрымкай да Памесных аўтакефальных цэркваў, заклікаем Прадстаяцеляў цэркваў пранікнуцца разуменнем нашай агульнай адказнасці за лёс сусветнага Праваслаўя і ініцыіраваць братэрскае усеправаслаўнае абмеркаванне царкоўнай сітуацыі на Украіне.

Звяртаемся да ўсёй паўнаты Рускай Праваслаўнай Царквы з заклікам да гарачай малітвы аб захаванні адзінства Святога Праваслаўя.

***

[1] — Ахоплены шчырым жаданнем падтрымаць Праваслаўе, якое знаходзіцца ў меншасці і часам у досыць няпростай сітуацыі, Маскоўскі Патрыярхат са свайго боку прадаставіў у 1948 годзе аўтакефальныя правы Праваслаўнай Царкве ў Польшчы і пацвердзіў аўтаномны статус Праваслаўнай Царквы ў Фінляндыі, прадстаўлены Свяцейшым Патрыярхам Ціханам у 1921 годзе, пагадзіўшыся ў 1957 годзе аддаць забыццю ўсе кананічныя спрэчкі і непаразуменні паміж Фінляндскай Праваслаўнай Царквой і Рускай Праваслаўнай Царквой, прызнаць фінскую архіепіскапію ў існуючым статусе і перадаць у яе юрысдыкцыю Нова-Валаамскі манастыр, пасля чаго былі адноўлены малітоўна-кананічныя зносіны.

Патрыярхія.ru / Church.by