Заява Свяшчэннага Сінода ў сувязі з рашэннем уладаў Турцыі аб пераглядзе статусу храма Святой Сафіі
17 ліпеня 2020На пасяджэнні Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы, які адбыўся 16-17 ліпеня 2020 года, была прынята Заява ў сувязі з рашэннем уладаў Турцыі аб пераглядзе статусу храма Святой Сафіі, якая публікуецца ніжэй.
Свяшчэнны Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы выказвае глыбокае шкадаванне ў сувязі з рашэннем дзяржаўнага кіраўніцтва Турцыі пазбавіць храм Святой Сафіі музейнага статусу і перадаць яго ў богаслужэбнае карыстанне мусульманскай абшчыны.
Азначанае рашэнне прынята без уліку хадайніцтваў і ясна выказанай пазіцыі Прадстаяцеляў і іерархаў Праваслаўных Памесных Цэркваў, прадстаўнікоў замежных дзяржаў, шматлікіх міжнародных грамадскіх і праваабарончых арганізацый, духоўных асоб розных канфесій і рэлігійных традыцый. Яно закранае рэлігійныя пачуцці мільёнаў хрысціян ва ўсім свеце, што можа прывесці да парушэння міжрэлігійнага балансу і ўзаемаразумення паміж хрысціянамі і мусульманамі не толькі ў самой Турцыі, але і ў іншых месцах.
Ва ўмовах, калі хрысціянства з'яўляецца гнанай рэлігіяй у многіх месцах на планеце, калі працягваецца зыход хрысціян з краін Блізкага Усходу, дадзенае рашэнне турэцкіх уладаў прычыняе асаблівы боль. Храм Святой Сафіі быў пабудаваны ў гонар Хрыста Збавіцеля, у свядомасці мільёнаў хрысціян ён працягвае заставацца храмам. Для Праваслаўнай жа Царквы гэты храм мае асаблівае гістарычнае і духоўнае значэнне.
Звяртаючыся да брацкіх Памесных Цэркваў, з асаблівым смуткам адзначаем, што такая бязрадасная для Святой Праваслаўнай Царквы падзея праваслаўны свет сёння сустракае раз'яднаным, што стала прамым наступствам антыкананічнай легалізацыі расколу на Украіне і што аслабіла нашы магчымасці сумесна супрацьстаяць новым духоўным пагрозам і цывілізацыйным выклікам. Зараз, у эпоху нарастаючай хрысціянафобіі і ўзмацненага ціску секулярнага грамадства на Царкву, адзінства неабходна яшчэ больш, чым раней. Мы заклікаем брацкія Памесныя Царквы разам, у духу міру і любові ў Хрысце, шукаць выхад з крызісу.
Спадзяемся, што турэцкія ўлады прыкладуць неабходныя намаганні для захавання цудам ацалелых неацэнных хрысціянскіх мазаік і будуць забяспечваць доступ да іх хрысціянскіх паломнікаў.
Выказваючы надзею на далейшае захаванне і ўмацаванне ўзаемнай павагі і ўзаемаразумення паміж вернікамі розных сусветных рэлігій, звяртаемся і да сусветнай супольнасці з заклікам аказаць усялякае садзейнічанне ў захаванні асаблівага статусу храма Святой Сафіі, які мае вечнае значэнне для ўсіх хрысціян.