21 верасня Праваслаўная Царква святкуе Нараджэнне Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі

21 верасня 2021

1.jpg

Сёння ў праваслаўных хрысціян адно з самых любімых святаў — Нараджэнне Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі. Гэта першае двунадзясятае свята ў царкоўным календары. Двунадзесятымі святамі называюцца дванаццаць самых важных святаў пасля Вялікадня.

Нараджэнне Багародзіцы называецца пачаткам нашага спасення, таму што нарадзілася Тая, Якой наканавана стаць Маці Спасіцеля ўсіх людзей. Яе нараджэнне прадказвалі старажытныя прарокі, а правобразам Самой Дзевы Марыі стала неапальная купіна — цярновы куст, які быў ахоплены полымем, але не згараў. Так і Багародзіца змагла змясціць боскую прыроду Хрыста і застацца непарушнай. Іншым правобразам Прачыстай стала лесвіца Іакава, якая злучыла неба і зямлю. Падобна ёй, Багародзіца стала мостам, праз які Спасіцель прыйшоў на зямлю, каб паказаць нам шлях у Царства Нябеснае.

Нараджэннем Божай Маці пачалося пераадоленне таго падзелу, які існаваў паміж Богам і чалавекам з моманту грэхападзення. Гэта стала магчымым таму, што Дзева Марыя даверыла сябе Богу і прысвяціла сваё жыццё выкананню Яго волі. За чысціню, пакору і лагоднае служэнне Богу Царква называе Яе пачэснейшай за херувімаў і слаўнейшай без параўнання за серафімаў, а абразы Багародзіцы асвячаюць кожны храм і кожны дом праваслаўнага хрысціяніна.

Сhurch.by