Архіепіскап Навагрудскі Гурый: Прападобнамучанік Серафім Жыровіцкі бязбоязна прапаведаваў Хрыста
07 верасня 20186 верасня 2018 года, у дзень памяці прападобнамучаніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага, архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, рэктар Мінскай духоўнай семінарыі, здзейсніў ва Успенскім саборы Жыровіцкага манастыра Бажэственную літургію ў саслужэнні епіскапа Лідскага і Смаргонскага Парфірыя.
Архіерэям саслужылі: насельнік манастыра архімандрыт Барыс (Пірог), сакратар Навагрудскай епархіі протаіерэй Анатоль Герасімук, а таксама духавенства Навагрудскай епархіі і брація манастыра ў свяшчэнным сане.
За літургіяй маліўся схіепіскап Дзятлаўскі Пётр, вікарый Навагрудскай епархіі.
Дыяканскі чын узначаліў клірык епархіі протадыякан Генадзь Малееў.
Богаслужэбныя спевы выканаў мужчынскі хор семінарыі пад кіраваннем протадыякана Андрэя Скробата.
Пасля сугубай екценні архіепіскап Гурый узнёс малітву аб міры ў Украіне.
Па заканчэнні Бажэственнай літургіі ад Успенскага сабора быў здзейснены хрэсны ход з абразом прападобнамучаніка Серафіма да Яўленскай царквы Жыровіцкага манастыра. Ля сцен Яўленскага храма быў адслужаны малебен з акафістам прападобнамучаніку. Затым хрэсны ход вярнуўся ў Успенскі сабор, дзе архіепіскап Гурый звярнуўся да вернікаў з пропаведдзю:
— Сёння мы святкуем памяць некалі насельніка гэтай святой абіцелі, а цяпер насельніка нябеснага прыстанішча — прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага.
Памятаеце словы Евангелля? «Кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмí, — кажа Хрыстос, — таго вызнаю і Я перад Айцом Маім, Які на нябёсах. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмí, ад таго адракуся і Я перад Айцом Маім, Які на нябёсах (Мф. 10: 33). У той час, калі жыў і падвізаўся прападобнамучанік Серафім, былі моцныя ганенні на праваслаўную царкву і многія, якія называюць сябе хрысціянамі, баяліся адкрыта гаварыць пра веру ў Бога.
Таму і праслаўляем мы прападобнамучаніка Серафіма, што ён бязбоязна прапаведаваў Хрыста. І не толькі падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі яго подзвіг пропаведзі дасягнуў апагею, але і да гэтага, як сведчыць яго жыціе, айец Серафім старанна і без страху вызнаваў Хрыста. Яго палымяная вера, подзвіг не былі пасаромленыя Госпадам, таму што ён здзяйсняў сваё служэнне з пакорай, а не ў цеплахладнасці праводзіў сваё жыццё.
Як сведчылі жыхары Жыровічаў, прападобнамучанік сыходзіў у Свята-Георгіеўскі неацяпляльны храм на могілках і там у малітве не толькі дзённай, але і начной праводзіў час. Каб не змерзнуць, ён здзяйсняў незлічоную колькасць паклонаў. Ён рыхтаваў сябе да подзвігу, і калі прыйшоў час, не адрокся ад Хрыста, але да смерці нават, будучы ў турме, прапаведаваў Спасіцеля…
Дарагія мае, мы не ведаем, што чакае кожнага з нас, таму будзем маліць Госпада, каб даў сілы не адмовіцца ад Яго!