«Яго нельга было не любіць». У Мінску адбылася сустрэча ў памяць аб архіепіскапе Вроцлаўскім Іераміі

28 красавіка 2017

top.jpg

27 красавіка ў мінскім прыходзе ў гонар іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» адбылася сустрэча ў памяць аб архіепіскапе Вроцлаўскім і Шчэцінскім Іераміі, які адышоў да Госпада ў ноч з 16 на 17 красавіка пасля доўгай цяжкай хваробы.

Сустрэча прайшла ў цёплай нефармальнай атмасферы і пачалася з памінальнай ліціі ў дамавой царкве ў гонар святых мучанікаў немаўлят Віфлеемскіх, у вучэбным корпусе прыхода «Усіх тужлівых Радасць».

Уладыка Іерамія на працягу многіх гадоў актыўна ўдзельнічаў у сумесных сацыяльных і асветніцкіх праектах Польскай і Беларускай Праваслаўных Цэркваў. Будучы выхадцам з невялікай вёскі Адрынкі на Беласточчыне, ён заўсёды падкрэсліваў свае этнічныя беларускія карані.

Малітоўна ўшанаваць ўладыку, падзяліцца ўспамінамі пра яго, яго павучаннямі прыйшлі настаяцель прыхода «Усіх тужлівых Радасць» протаіерэй Ігар Карасцялёў, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Сергій Лепін, прафесар Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі протаіерэй Сергій Гардун, клірык прыхода храма Петра-Паўлаўскага сабора Мінска протаіерэй Юрый Залоска, парафіяне і члены брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў (Мінск) на чале са старшынёй брацтва Міколай Матрунчыкам, з якімі ўладыка Іерамія меў найбольш цесныя зносіны. З Польшчы прыехалі Яўген Чыквін — шматгадовы дэпутат польскага Сейма, адзін з заснавальнікаў Брацтва праваслаўнай моладзі Польшчы, галоўны рэдактар польскага часопіса «Праваслаўны агляд» і Ганна Радзюкевіч, дырэктар фонду імя князя Канстанціна Астрожскага ў Беластоку, рэдактар часопіса «Праваслаўны агляд».

Прафесар Мінскіх духоўных школ протаіерэй Сергій Гардун не раз сустракаўся з уладыкам Іераміем пры жыцці. Па яго словах, гэта былі цёплыя сустрэчы, пасля якіх у душы запаноўваў мір і спакой.

— Гэта быў чалавек выхаваны адразу ў царкоўнай праваслаўнай традыцыі, які свядома ўсё сваё жыццё жыў у Царкве і працаваў дзеля Царквы і ў славу Гасподнюю. Я ведаю, што калісьці міранінам ён вёў актыўную працу сярод праваслаўнай моладзі ў Польшчы, потым прыняў манаства, пачалося ў хуткім часе яго пастырскае і епіскапскае служэнне. Гэта быў чалавек вялікай духоўнай адукацыі. Багасловы ёсць. Але не так шмат супадзенняў, калі мы бачым архіерэя і разам з тым багаслова, адукаванага на найвышэйшым сусветным узроўні. У яго быў такі ўзровень. Яго ведаюць як выкладчыка, ён быў цудоўным прапаведнікам. Яго пропаведзі былі вельмі прадуманыя, падрыхтаваныя, па майму ўражанню, у нечым яны набліжаліся да лекцый. Гэта не была пропаведзь на 5-10 хвілін, а значна больш. Гэта быў духоўны аналіз тэмы з глыбокім разглядам Свяшчэннага Пісання, са зваротам да святых айцоў, з навуковым каментарыем тэкста Свяшчэннага Пісання, ён часам спасылаўся на грэчаскі арыгінал.

Ён сапраўды быў багасловам і архіерэем усяленскага маштабу. І разам з тым быў чалавекам вельмі сціплым, вельмі добрым, заўжды даступным. З ім непасрэдна можна было абмяркоўваць любыя сітуацыі з жыцця царкоўнага і ў Польшчы, і ў Расіі, і ў Беларусі, і ва ўсяленскім Праваслаўі. Разам з тым у яго была нацыянальная свядомасць. Ён заўжды пазіцыяніраваў сабе беларусам. Памятаю, як пры ім нехта сказаў, што беларусы гэта людзі, якія гатовы ўсё цярпець, з усім змірыцца і нічога не хочуць змяніць. На гэта ён сказаў: “Не, я з гэтым не згаджаюся, мы, беларусы, можам доўга цярпець, але нас цяжка зламаць, мы будзем цярпець, але настойваць на сваім і жыць так, як лічым патрэбным. Мне здаецца, сам уладыка Іерэмія быў такім ціхім, спакойным, ён не ўступаў у гарачую палеміку, разам з тым у яго была цвёрдая пазіцыя праваслаўная, якую ён мог выказаць заўжды ў зразумелых і прымальных словах.

У старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэя Сергія Лепіна ўладыка Іерамія ў свой час быў навуковым кіраўніком пры напісанні доктарскай дысертацыі.

— Уладыка Іерамія быў чалавекам вельмі вялікага сэрца і не менш вялікіх ведаў. Пры першым знаёмстве мяне ўразіла яго адкрытасць і нейкая асаблівая цеплыня, пад уздзеяннем якой хацелася заставацца як мага даўжэй. Уладыка быў не проста добрым архіерэем, але і выдатным дыпламатам — ён карыстаўся павагай хрысціян розных канфесій, яго шанавалі і старакатолікі, і католікі, і евангелікі, і нават іудзеі. Ён адносіўся да дастаткова кансерватыўнага кола пастыраў, але гэта не перашкаджала яму, а, наадварот, натхняла на служэнне ў органах, якія займаюцца міжканфесійнымі справамі. Ён умеў злучаць у сабе рэўнасць за веру з надзвычайнай даступнасцю, памяркоўнасцю і талерантнасцю да ўсіх людзей, незалежна ад іх рэлігійных поглядаў і жыццёвых пазіцый. Такое спалучэнне якасцяў — кансерватызм і талерантнасць — было дзіўным. Перш за ўсё ўладыка быў кансерватыўны і патрабавальны да сябе. А да іншых ён быў добры, адкрыты, цярплівы і міласэрны. Гэта быў чалавек, якога нельга было не любіць. Дай Бог, каб сярод пастыраў і наогул хрысціян было як мага больш такіх людзей.

Старшыня брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Мікалай Матрунчык падзяліўся:

— Самым галоўным, чаму я навучыўся ад уладыкі Іерэміі, а супрацоўнічалі мы з ім больш за 20 гадоў, гэта пераадольваць усялякія неспадзеўкі любоўю і толькі любоўю.

Шматгадовы дэпутат польскага Сейма, галоўны рэдактар польскага часопіса «Праваслаўны агляд» Яўген Чыквін пазнаёміўся з уладыкам Іераміем у 1969 годзе, калі сам быў студэнтам політэхнічнага інстытута ў Варшаве, а архіепіскап Іерамія яшчэ не быў у духоўным сане. Менавіта па благаславенню ўладыкі Яўген Чыквін пайшоў у палітыку.

— Не знаходжу слоў, каб выказаць, кім для мяне быў уладыка Іерамія. Магу параўнаць яго з бацькамі. У 1969 годзе, уладыка, тады яшчэ свецкі чалавек, запрасіў пасля службы ў саборы нас, маладых студэнтаў, на сустрэчу-гутарку аб Царкве. Мы, праваслаўныя, былі меншасцю ў Польшчы, былі маладымі і шукалі адказу — хто мы. Мы вельмі хутка адчулі, што гэты чалавек вельмі аўтэнтычны ў тым, што кажа аб хрысціянстве, аб Праваслаўі і Царкве. Уладыка прысвяціў 10 гадоў свайго жыцця працы з моладдзю: 5 гадоў з намі і потым яшчэ 5 гадоў з наступным пакаленнем студэнтаў. З гэтага асяроддзя студэнтаў, якіх ён вёў (а сустракаліся мы амаль кожную нядзелю і не толькі — былі і паездкі, і ініцыятывы) у 1979 годзе афіцыйна ўтварылася Брацтва праваслаўнай моладзі Польшчы. Гэта быў вынік яго прац. Яго подзвіг. Стаўшы епіскапам і пазней архіепіскапам, ён падтрымліваў гэтую працу.

Памятаю, як ён, калі яшчэ не быў у сане, падчас стварэння нашага брацтва папярэдзіў нас аб магчымай небяспецы ў сувязі з яго арганізацыяй, на што я сказаў, што калі нехта пацерпіць, то, напэўна, першым будзе ён. А ён задумаўся і сказаў: «О, калі б Бог даў мне пакутніцкі вянец!»... І мы адчулі, што ён гэтага хоча. Бог даў яму цяжкі крыж — на землях, дзе ён служыў, былі вельмі маленькія абшчыны праваслаўныя. Ён дапамагаў ім фінансава за кошт сродкаў, якія ён атрымліваў як рэктар акадэміі і за выступленні з дакладамі на Захадзе. Калі перад смерцю ён доўга і цяжка хварэў, адчувалася, што ён адчувае духоўную радасць.

Ён не любіў цырымоній, заўсёды, калі нас прымаў, не дазваляў, каб хтосьці падаваў чай, але ён сам усё гэта рабіў. Заўсёды пры магчымасці служыў іншым людзям.

Думаю, акрамя літургічнага жыцця, мэтай уладыкі было прывесці міран да разумення, што такое сапраўднае Праваслаўе і сапраўднае хрысціянства. Што кожны з нас закліканы да царскага свяшчэнства. І ён нам гэта ўкладваў, што няма ў Царкве анталагічнай розніцы — усе ахрышчаныя роўныя, але ёсць розныя служэнні (епіскапства, свяшчэнства, дыяканства і іншыя), што святарства і міране роўныя ў сваім пакліканні змяняць свет. А як яго змяняць? Перш за ўсё выкараняючы грахі ў сваім асабістым жыцці, а потым і ў грамадскім.

Усімі спосабамі ён спрабаваў перадаць нам, што міране павінны быць актыўнымі ў жыцці Царквы, але з іншага боку ён быў вельмі паслядоўны і катэгарычны адносна Уставу, адносна іерархіі паміж святарамі і прыхаджанамі.

Я ніколі не думаў ісці ў палітыку, але ўладыка благаславіў мяне, сказаў, што гэта трэба. Што для хрысціяніна няма розніцы: працаваць у царкоўнай або грамадскай сферы — усё накіравана да аднаго. Дзякуючы ўладыку мая жонка прыняла Праваслаўе і, думаю, што і сын пад уплывам уладыкі паступіў у семінарыю і прыняў свяшчэнства.

Часта думаю: якім было б маё жыццё і жыццё праваслаўных Польшчы без уладыкі Іераміі? Маё жыццё было б зусім іншым. Я б ніколі не быў старшынёй брацтва, не ведаю, было б брацтва без яго, ніколі б не быў дэпутатам, не ініцыіраваў бы стварэнне нашага праваслаўнага часопіса.

Уладыка часта казаў, што шчасце для хрысціяніна — адысці ў пасхальны перыяд. Ведаю, што ў пятніцу Тыдня Пакут Гасподніх лекары сказалі, што засталіся гадзіны і ён адыдзе, але тым, хто прыйшоў з ім развітацца ўладыка сказаў: «Не, я пажыву да Вялікадня». Так і здарылася.

З аднаго боку — смутак, што ўладыка пайшоў, але з другога — пачуццё такой радасці, што ўладыка быў у нашым жыцці!

Аб уладыку ўспамінае дырэктар фонду імя князя Канстанціна Астрожскага ў Беластоку, рэдактар часопіса «Праваслаўны агляд» Ганна Радзюкевіч:

— Уладыка Іерамія злучаў у сабе вялікі інтэлект, розум і мудрасць са змірэннем. Здзіўляла яго любоў да чалавека, нават да самага простага, нават да алкаголіка, да злодзея. Да любога — любоў. Побач з уладыкам ніхто не адчуваў, што ён высокі іерарх. Любоў і змірэнне, розум і вера — ён усе гэтыя якасці ў сабе злучаў.

* * *

Пахавалі ўладыку Іерамію ў Варшаве на могілках пры храме святога Іаана Лесвічніка.

Sobor.byChurch.by