Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён: рашэнне прыпыніць малітоўнае памінанне за богаслужэннем Канстанцінопальскага Патрыярха не азначае поўнага разрыву Еўхарыстычных зносін
14 верасня 201814 верасня 2018 года пасля завяршэння экстраннага пасяджэння Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы, удзельнікі якога абмеркавалі надзвычайную сітуацыю, звязаную з незаконным уварваннем Канстанцінопальскага Патрыярхату на кананічную тэрыторыю Рускай Праваслаўнай Царквы, адбыўся брыфінг для журналістаў.
На пытанні прадстаўнікоў СМІ адказаў старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліт Валакаламскі Іларыён. У сваім выступленні ўладыка паведаміў пра тое, што Свяшчэнны Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы прыняў рашэнне аб спыненні памінання Патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея за богаслужэннем у Рускай Праваслаўнай Царкве. Таксама будзе прыпынена саслужэнне з іерархамі Канстанцінопальскага Патрыярхату і ўдзел ва ўсіх структурах, у якіх старшынствуюць або сустаршыніствуюць прадстаўнікі Канстанцінопаля. «Гэта ўключае епіскапскія асамблеі ў краінах так званай дыяспары, тэалагічныя дыялогі», — удакладніў старшыня АЗЦС.
Па словах Мітрапаліта Іларыёна, прычыны, якія прымусілі Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы прыняць такое рашэнне, заключаюцца ў тым, што «Канстанцінопальскі патрыярх незаконна, насуперак царкоўным канонам уварваўся на кананічную тэрыторыю Маскоўскага Патрыярхату, прызначыўшы двух сваіх экзархаў у Кіеў».
Іерарх таксама падкрэсліў, што сваё антыкананічнае дзеянне Канстанцінопальскі Патрыярхат абгрунтоўвае своеасаблівай гістарыясофіяй, якая была абвергнута ў заяве Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы. Уладыка, у прыватнасці, сказаў:
«Гістарычна Руская Праваслаўная Царква на працягу некалькіх стагоддзяў існавала як адзіная мітраполія з цэнтрам у Кіеве. І нават пасля таго, як кіеўскія мітрапаліты пераехалі спачатку ва Уладзімір, а затым у Маскву, яны працягвалі называцца кіеўскімі. У 1448 годзе на Саборы рускіх епіскапаў быў абраны свяціцель Іона, які стаў першым кіраўніком Рускай Праваслаўнай Царквы, абраным без згоды Канстанцінопальскага Патрыярхату. Гэта адбылося не таму, што Руская Царква захацела парваць зносіны з Канстанцінопалем, а таму, што Канстанцінопальскі патрыярх на той момант знаходзіўся ў уніі з Рымам, гэта значыць праваслаўнага патрыярха ў Канстанцінопалі не было. З гэтага моманту вядзе сваё аўтакефальнае быццё Руская Праваслаўная Царква.
Праз дзесяць гадоў, у 1458 годзе, былы Канстанцінопальскі патрыярх Грыгорый Мама, які прыняў унію і пражываў у Рыме, прызначыў у Кіеў мітрапаліта-ўніята Грыгорыя Балгарына. І з гэтага моманту пачалося самастойнае быццё Кіеўскай кафедры па-за саставам Рускай Царквы, якое працягвалася больш за дзвесце гадоў.
У 1686 годзе адбылося ўз'яднанне дзвюх частак Рускай Праваслаўнай Царквы: Кіеўская мітраполія зноў увайшла ў склад Рускай Царквы, якая цяпер ужо мела статус Патрыярхату, прызнанага іншымі ўсходнімі Патрыярхамі. Уваходжанне Кіеўскай мітраполіі ў склад Маскоўскага Патрыярхату было пацверджана Граматай Канстанцінопальскага Патрыярха Дыянісія IV. У гэтай грамаце не гаварылася ні аб якім часовым уваходжанні Кіеўскай мітраполіі ў склад Маскоўскага Патрыярхату. І на працягу больш за 300 гадоў гэты статус Кіеўскай мітраполіі ў складзе Маскоўскага Патрыярхату не аспрэчваўся.
У апошні час для таго, каб абгрунтаваць свае дзеянні на Украіне, гэты статус стаў аспрэчвацца, і Канстанцінопальскі Патрыярх цяпер кажа, што Украінская Царква заўсёды, аказваецца, была ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага Патрыярхату, які нібыта мае поўнае права ў аднабаковым парадку даць ёй аўтакефалію. Мы з гэтай пазіцыяй катэгарычна не згодныя. Тым больш што ў 1993 годзе было прынята Усеправаслаўнае рашэнне аб тым, што ў далейшым любая аўтакефалія будзе прадастаўляцца толькі з адабрэння ўсіх Памесных Праваслаўных Цэркваў. А з боку Памесных Праваслаўных Цэркваў няма ніякага адабрэння тых дзеянняў, якія цяпер прадпрымае Канстанцінопаль у Украіне».
Мітрапаліт Іларыён нагадаў аб тым, што ў пачатку XX стагоддзя, калі быў арыштаваны Патрыярх Ціхан і абнаўленцы, раздзіраючы Царкву, патрабавалі яго звяржэння, Канстанцінопальскі Патрыярх Грыгорый VII стаў на іх бок. На працягу прыкладна дзесяці гадоў прадстаўнік Канстанцінопальскага Патрыярхату ў Маскве архімандрыт Васіль (Дзімапула) падтрымліваў абнаўленцаў, служыў у абнаўленчых храмах, а Патрыярх Грыгорый VII патрабаваў, каб Патрыяршаства ў Рускай Царкве было хаця б часова скасавана.
«Мы не сталі б успамінаць аб гэтай старонцы ў гісторыі нашых узаемаадносін з Канстанцінопалем, калі б гэтыя сумныя падзеі не паўтарыліся сёння — сказаў уладыка. — Ледзь не кожны раз, калі Руская Праваслаўная Царква аказвалася ў цяжкіх абставінах, замест брацкай дапамогі і салідарнасці мы атрымлівалі ад Канстанцінопальскага Патрыярхату ўдары ў спіну. У 20-я гады Канстанцінопальскі Патрыярхат у аднабаковым парадку прадаставіў аўтакефалію Польскай Царкве, стварыў свае структуры на тэрыторыі Фінляндыі і Эстоніі, хоць да таго гэтыя краіны ўваходзілі ў кананічную юрысдыкцыю Рускай Праваслаўнай Царквы».
Як далей падкрэсліў мітрапаліт Іларыён, рашэнне Свяшчэннага Сінода Рускай Царквы аб прыпыненні саслужэння з іерархамі Канстанцінопальскага Патрыярхату і аб спыненні ўдзелу ў структурах пад старшынствам Канстанцінопаля было вымушаным:
«Мы вельмі хацелі пазбегнуць гэтага, на працягу многіх гадоў спрабавалі вырашаць праблемы з дапамогай дыялогу. Апошняй такой спробай была паездка Патрыярха Кірыла ў Стамбул, дзе падчас давернай і брацкай гутаркі Яго Свяцейшасць выклаў пазіцыю Рускай Праваслаўнай Царквы і перасцярог свайго Канстанцінопальскага сабрата ад тых дзеянняў, якія, на жаль, цяпер здзяйсняюцца. Але як толькі Патрыярх Кірыл з'ехаў са Стамбула, — мы пра гэта даведаліся пазней, — Патрыярх Варфаламей сабраў Свяшчэнны Сінод, і падчас пасяджэння было вырашана не прымаць прапановы, якія паступілі ад нашай Царквы. Затым Патрыярх Варфаламей сабраў Сінод іерархіі Канстанцінопальскага Патрыярхату, дзе зачытваліся даклады аб тым, як трэба дзейнічаць на Украіне, пасля чаго рушыла прызначэнне экзархаў.
Мы адрэагавалі на прызначэнне экзархаў ужо 8 верасня і папярэдзілі, што меры ў адказ адбудуцца ў самы бліжэйшы час. Сёння мы сабраліся для таго, каб іх абмеркаваць і сфармуляваць. У абмеркаванні прымалі ўдзел усе члены Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы. Блажэннейшы мітрапаліт Кіеўскі Ануфрый, які па стане здароўя не змог прыбыць на пасяджэнне Сінода, удзельнічаў у дыскусіі па скайпе».
Далей старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў адказаў на пытанні прадстаўнікоў СМІ.
— Вы кажаце аб прыпыненні малітоўнага памінання. Гэта ж не азначае спыненне еўхарыстычных зносін? Гэта значыць вернікі могуць па-ранейшаму прычашчацца разам?
— Рашэнне Свяшчэннага Сінода прыпыніць малітоўнае памінанне за богаслужэннем Канстанцінопальскага Патрыярха не азначае поўнага разрыву еўхарыстычных зносін. Тыя міране, якія прыязджаюць на Афон або аказваюцца ў храмах Канстанцінопальскага Патрыярхату, могуць у іх прычашчацца. Але мы адмаўляемся ад саслужэння з іерархамі Канстанцінопальскага Патрыярхату, паколькі кожны раз за богаслужэннем яны памінаюць свайго Патрыярха, а яго памінанне мы прыпынілі.
— Гэта значыць Канстанцінопальскі Патрыярх больш не лічыцца першым сярод роўных? Гэта неяк мяняе яго месца ў дыпціху?
— За богаслужэннем, якое здзяйсняе Свяцейшы Патрыярх Кірыл, памінанне будзе пачынацца адразу з Александрыйскага Патрыярха, а не з Канстанцінопальскага, як гэта было да цяперашняга часу.
— Скажыце, калі ласка, на Вашую думку, чаму менавіта зараз было прынята такое рашэнне і ці ёсць надзея, што ўдасца ўсё ж нешта змяніць, пра штосьці дамовіцца, ці гэта ўжо канчатковае рашэнне?
— Мяркую, што рашэнне накіраваць экзархаў у Кіеў прынята менавіта цяпер таму, што Канстанцінопаль вельмі спяшаецца завяршыць працэс прадастаўлення аўтакефаліі, пакуль ва ўладзе знаходзіцца цяперашні прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, які актыўна яго падтрымлівае. Не думаю, вядома, што ўсё гэта канчаткова закрывае дзверы для дыялогу, але наша сённяшняе рашэнне — гэта сігнал Канстанцінопальскага Патрыярхату аб тым, што калі дзеянні падобнага роду будуць працягвацца, мы будзем вымушаны цалкам разарваць еўхарыстычныя зносіны.
Канстанцінопальскі Патрыярхат пазіцыянуе сябе як свайго роду лідар 300-мільённага праваслаўнага насельніцтва планеты, так пра яго кажуць сродкі масавай інфармацыі. Але пасля разрыву еўхарыстычных зносін, па меншай меры, палова ад гэтага 300-мільённага насельніцтва больш не будзе яго прызнаваць нават у якасці першага сярод роўных.
— Скажыце, калі ласка, ці няма ў Свяшчэннага Сінода боязі негатыўнага сцэнарыя развіцця падзей ва Украіне ў сувязі з абвяшчэннем магчымай аўтакефаліі? У прыватнасці, напрыклад, захопу святынь Рускай Праваслаўнай Царквы, Кіева-Пячэрскай Лаўры і гэтак далей?
— Мы не можам гэтага выключаць, бо захопы храмаў на Украіне ўжо адбываюцца, і ўжо каля 50 храмаў кананічнай Украінскай Праваслаўнай Царквы захопленыя раскольнікамі. Калі гэты аўтакефальны праект будзе працягвацца, калі раскол будзе легітымізаваны, то мы можам прагназаваць самыя сумныя наступствы для Украінскай Царквы, бо гэтыя пагромы, хутчэй за ўсё, будуць працягвацца. Раскольнікі ўжо цяпер заяўляюць аб тым, што Кіева-Пячэрская Лаўра павінна быць перададзена так званай адзінай украінскай памеснай царкве, і яны не хаваюць сваіх дамаганняў на святыні, манастыры і храмы, якія знаходзяцца цяпер у юрысдыкцыі Украінскай Праваслаўнай Царквы.
— Уладыка, ці будзе нейкая ўсеагульная малітва за вылячэнне расколу на Украіне?
— Мы прынялі рашэнне аб тым, каб ва ўсіх храмах Рускай Праваслаўнай Царквы за Бажэственнай літургіяй узносіць малітвы аб адзінстве святога Праваслаўя. І мы сфармулявалі малітоўныя просьбы, якія таксама сёння будуць апублікаваны.
Мы таксама звярнуліся ў сваёй заяве да Прадстаяцеляў, кіраўнікоў Памесных Праваслаўных Цэркваў з заклікам ініцыіраваць усеправаслаўнае абмеркаванне царкоўнай сітуацыі ва Украіне. Мы глыбока перакананыя ў тым, што, калі гэтае пытанне будзе вырашацца не ў аднабаковым парадку Канстанцінопальскім Патрыярхатам, а ў брацкім абмеркаванні Памесных Праваслаўных Цэркваў, можа быць знойдзена такое рашэнне, якое і ўсіх супакоіць, і ўсіх прымірыць, і дапаможа цалкам вылячыць раскол.