Аб узмацненні посту і малітвы аб беларускім народзе
27 жніўня 2020Дарагія айцы, браты і сёстры!
Тлумачачы змест слова, з якім епіскап Веніямін, абраны мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, звярнуўся да веруючых дзяцей Беларускай Праваслаўнай Царквы 26 жніўня гэтага года, робім наступнае тлумачэнне.
Заклік Яго Праасвяшчэнства падоўжыць на тры дні пост звернуты перш за ўсё да тых, хто па тых ці іншых прычынах не выконваў Успенскі пост. Такім прапануецца прыступіць да яго не адкладаючы. Тыя хрысціяне, што старанна трываюць пост, заклікаюцца да ўзмацнення сваёй духоўнай дзейнасці ў астатні час ўстрымання.
Разам з гэтым лічым важным нагадаць, што пост — гэта не толькі і нават не столькі ўстрыманне ад пэўнага роду страў, колькі засяроджаная малітва, больш удумлівае чытанне Свяшчэннага Пісання, узмацненне добрых спраў і больш дбайнае стаўленне да царкоўнага богаслужэння.
Па благаславенню Патрыяршага Экзарха ва ўсіх праваслаўных храмах і манастырах Беларусі 30 жніўня ў 17:00 будзе здзяйсняцца малебны спеў аб Беларусі.
Уладыка Веніямін заклікае ўсіх як мага часцей маліцца аб беларускім народзе. Свае звароты да Бога можна ўзносіць як уласнымі словамі, так і словамі рэкамендаванай для богаслужэбнага выкарыстання малітвы.
У завяршэнне посту Патрыяршы Экзарх заклікаў усіх ачысціць сваю душу пакаяннем і прычасціцца Святых Хрыстовых Тайн — як для ўмацавання духоўных і цялесных сіл, так і для яднанне ўсіх вернікаў адзін з адным у Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым.
Прэс-служба Беларускай Праваслаўнай Царквы