Каля тысячы чалавек сабрала сямейнае свята «Дваровая сустрэча» ў Слоніме, якое праходзіць чацвёрты год па ініцыятыве Місіянерскага аддзела Навагрудскай епархіі
05 верасня 2023У апошнія дні школьных канікул у Слоніме прайшло сямейнае свята «Дваровая сустрэча», якое сабрала каля 1000 удзельнікаў ад малога да вялікага.
Ідэйным натхняльнікам і арганізатарам такіх сустрэч, якія на працягу чатырох гадоў ужо сталі добрай традыцыяй, выступае кіраўнік Місіянерскага аддзела Навагрудскай епархіі, клірык Свята-Троіцкага сабора горада Слоніма іерэй Мікалай Савіцкі.
На тэрыторыі паміж дамамі па вуліцы Еўфрасінні Полацкай, 27 і праспектам Незалежнасці, 27 размясціліся разнастайныя пляцоўкі ад суарганізатараў свята. Такімі выступілі РГА «Беларускі саюз жанчын», Слонімскае раённае аб'яднанне прафсаюзаў, Слонімскі РАНС, ФК «Слонім-2017».
Мерапрыемства ў такім фармаце праводзіцца, каб нагадаць пра каштоўнасць часу, добрае стаўленне да бліжняга, важнасць працы над сабой і ў сваіх сем'ях. Бо на свята збіраюцца дзеці, а разам з імі іх бацькі, бабулі і дзядулі. Сумеснае баўленне часу дорыць радасць абсалютна ўсім.
Моладзевым клубам «Сімфонія» пры Свята-Троіцкім саборы горада Слоніма быў арганізаваны танцавальны майстар-клас, дзе кожны паспрабаваў свае сілы як у сумесных танцах, так і парных.
РГА «Беларускі саюз жанчын» і Слонімскае раённае аб'яднанне прафсаюзаў прадставілі пляцоўку з дваровымі гульнямі, конкурсамі па маляванні, аніматарамі, дзе ўдзельнікі атрымлівалі не толькі радасныя эмоцыі, але і прызы.
На інтэрактыўнай пляцоўцы МНС дарослыя і дзеці ў гульнявой форме вывучалі правілы бяспекі жыццядзейнасці. Дзеці трэніраваліся ў аказанні дапамогі тапельцам і тушэнню ўмоўнага пажару. За паспяховае выкананне заданняў хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі размалёўкі і навучальныя кніжкі ад ратавальнікаў.
Прадстаўнікі футбольнага клуба «Слонім – 2017» пагулялі з хлопцамі ў міні-футбол і падзяліліся сваімі сакрэтамі паспяховай гульні.
Музычным госцем мерапрыемства стаў супрацоўнік Сінадальнага аддзела па працы з моладдзю Беларускай Праваслаўнай Царквы Дзяніс Цярохін. Дзяніс пад гітару выканаў мноства як вядомых, так і аўтарскіх песень. Сваё выступленне ў гонар свята Успення Божай Маці госць пачаў з выканання вядомай песні «Вера вечная ...», а завяршыў многалеццем усім удзельнікам і арганізатарам.
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,