Адышоў да Госпада адзін з найстарэйшых клірыкаў Барысаўскай епархіі — настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Турэц Чэрвеньскага раёна протаіерэй Аляксандр Кісялёў

04 лістапада 2021

DSC6202.jpg

3 лістапада 2021 года, на 79-м годзе жыцця, пасля працяглай хваробы адышоў да Госпада протаіерэй Аляксандр Кісялёў, настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Турэц Чэрвеньскага раёна.

Аляксандр Іванавіч Кісялёў нарадзіўся 15 мая 1943 года ў вёсцы Бранчыцы Салігорскага раёна Мінскай вобласці.

Перш чым стаць святаром, айцец Аляксандр служыў у шэрагах Савецкай арміі, скончыў Мінскі кааператыўны тэхнікум Белкаапсаюза, Мінскі дзяржаўны інстытут імя М. Горкага (цяпер – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка). Працаваў на розных пасадах у структуры Белкаапсаюза. Выхаваў з жонкай Аленай Уладзіміраўнай сына і дачку.

30 снежня 2001 года мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, у Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска рукапалажыў Аляксандра Іванавіча ў свяшчэнніка.

У 2002 годзе айцец Аляксандр быў прызначаны настаяцелем храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Турэц Чэрвеньскага раёна, у якім і праслужыў без малога 20 гадоў.

У 2008 годзе па сумяшчальніцтве прызначаны настаяцелем парафіі святых бяссрэбранікаў Касмы і Даміяна ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна з даручэннем будаўніцтва там храма. У 2012 годзе яго працаю будаўніцтва было скончана і храм асвяцілі.

У 2012 годзе айцец Аляксандр быў удастоены сана протаіерэя.

Протаіерэй Аляксандр быў удастоены многіх свецкіх і царкоўных узнагарод. Да дня 75-годдзя яго ўзнагародзілі ордэнам свяціцеля Кірылы Тураўскага II-й ступені, а да дня Святой Пасхі 2021 года — правам служэння Бажэственнай літургіі з адкрытымі царскімі варотамі па «Іжэ херувімы...».

Айцец Аляксандр застанецца ў памяці ведаўшых яго людзей простым і добрым пастырам, які напаўняў сваё жыццё сапраўдным служэннем Богу і блізкім.

Няхай упакоіць Гасподзь са святымі ў Сваіх селішчах новаспачылага протаіерэя Аляксандра!

Адпяванне протаіерэя Аляксандра Кісялёва адбудзецца 5 лістапада ў храме свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Турэц Чэрвеньскага раёна. Пачатак Літургіі ў 8:00. Пачатак адпявання ў 10:00. Пахаваны святар будзе каля храма, у якім і праслужыў да канца сваіх дзён.

Барысаўская епархія/Church.by