Падведзены вынікі VII Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання»

17 лістапада 2021

top.jpg

15 лістапада 2021 года на базе прыходу іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» горада Мінска былі падведзены вынікі VII Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання».

У конкурсе прынялі ўдзел 17 работ ад публічных бібліятэк Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і бібліятэк Беларускай Праваслаўнай Царквы. Лепшыя работы з усіх рэгіёнаў Беларусі, паводле інструкцыі аб парадку правядзення рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання», прынялі ўдзел у адборы на абласным і ведамасным узроўнях. Работы, якія занялі першыя месцы сярод публічных бібліятэк Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і бібліятэк Беларускай Праваслаўнай Царквы былі прадстаўлены на суд кампетэнтнага журы рэспубліканскага этапу конкурсу.

Падчас пасяджэння рэспубліканскага журы былі вызначаны пераможцы ў чатырох намінацыях: «Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і моладзі», «Гісторыя Праваслаўя роднага краю», «Сям'я — спадчынніца маральных і духоўных каштоўнасцяў», «Патрыятычнае выхаванне на праваслаўных традыцыях». У выніку намініравана 15 конкурсных работ. 

1.jpg

У пасяджэнні журы прынялі ўдзел: пратаіерэй Ігар Карасцялёў, Старшыня Сінадальнага аддзела БПЦ па ўзаемадзеянні з казацтвам, старшыня Сінадальнага аддзела БПЦ па царкоўнаму мастацтву, архітэктуры і рэстаўрацыі, благачынны 2-й Мінскай гарадской акругі, настаяцель прыхода храма іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» горада Мінска (старшыня журы); намеснік старшыні Каардынацыйнага савета па бібліятэчнай дзейнасці Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі БПЦ Вольга Рынкевіч (сакратар журы), сакратар Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы Тамара Самайлюк, вядучы бібліятэкар НІА бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Кацярына Сяднёва і члены Каардынацыйнага савета па бібліятэчнай дзейнасці Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі БПЦ Святлана Вінаградава і Тамара Квасава.

Пасля зацвярджэння пратакола пасяджэння журы мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, інфармацыя аб пераможцах будзе размешчана на афіцыйным сайце Беларускай Праваслаўнай Царквы (http://church.by), Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (http://nlb.by), Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі БПЦ (http://oroik.by) і сайце «Праваслаўныя бібліятэкі Беларусі» (http://biblioteka-hram.by).

Цырымонія ўзнагароджання пройдзе ў рамках Калядных чытанняў 28 лістапада 2021 года ў храме Усіх Святых горада Мінска. 

3.jpg

***

Штогадовы рэспубліканскі конкурс «Бібліятэка – цэнтр духоўна-маральнай асветы і выхавання» заснаваны Беларускай Праваслаўнай Царквой для ўдасканалення дзейнасці царкоўных і свецкіх бібліятэк, актывізацыі работы па выхаванні патрыятызму і грамадзянскасці дзяцей і моладзі на аснове праваслаўных традыцый. Суарганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Удзел у конкурсе прымаюць таксама бібліятэкі, якія знаходзяцца ў ведамстве іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання. 

Праваслаўныя бібліятэкі Беларусі/Church.by