Пасланне Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ў сувязі з 850-годдзем прастаўлення прападобнай Еўфрасінні, ігуменні і князёўны Полацкай
05 чэрвеня 2023Узлюбленыя ў Госпадзе ўсячэсныя пастыры, манахі, інакіні
і ўся богалюбівая Беларуская паства!
Сёння, у дзень Святога Духа, уся паўната Беларускай Праваслаўнай Царквы шануе памяць прападобнай маці нашай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай: вялікай падзвіжніцы, асветніцы і малітоўніцы за беларускі народ.
Восем з паловай стагоддзяў споўнілася з таго дня, калі падчас свайго паломніцтва на Святую Зямлю прападобная Еўфрасіння перайшла з часовага жыцця ў вечнасць. «У Іерусаліме плоццю памёршы, у Іерусалім нябесны духам перасялілася і там заўжды за нас моліцца», — спяваецца ў акафісце святой. Удалечыні ад родных мясцін, на зямной радзіме Збавіцеля свету, вымавіла прападобная свае апошнія малітвы. У «бачанні ангельскім» было дадзена ёй даведацца аб надыходзячым сконе. Здзейсніўшы подзвіг узыходжання да духоўных вышынь і прычасціўшыся Святых Хрыстовых Таін, аддала святая сваю несмяротную душу ў рукі Госпада. Пасля смерці ёй было падаравана вялікае права і магчымасць хадайнічаць каля прастола Божага за сваіх нашчадкаў і ўсіх, хто шануе яе памяць.
Жыццё прападобнай Еўфрасінні Полацкай — яркае сведчанне глыбокай веры і падзвіжніцкай працы, нястомнай барацьбы са старым чалавекам у сабе і ўзрастання ў цнотах, узор мудрага духоўнага кіраўніцтва і дзейнага стварэння, і перш за ўсё, прыклад няспыннай гарачай малітвы. «Без мяне не можаце рабіць нічога» (Ін. 15:5), — кажа Збаўца. Так і прападобная Еўфрасіння, як добрая галіна, прышчэпленая да Хрыста, засноўвала ўсё сваё спадзяванне ў Богу, а таму ўбачыла плён сваіх малітваў яшчэ пры зямным жыцці.
Ігумення Полацкая жыла ў няпросты час міжусобных войнаў і бязладдзя. Як сведчыць жыціе святой, «яна аддавала ўсе свае сілы, каб памірыць варагуючых: бо не хацела нікогла бачыць варагуючым, ні князя з князем, ні баярына з баярынам, ні ад простых каго са сваім сябрам, але ўсіх хацела бачыць як адзіную душу». Слова Еўфрасінні Полацкай мела такую сілу, у ім гучала такая ахвярная матчына любоў да ўсіх і кожнага, што яе слухаліся і князі, і воіны, і простыя людзі.
Прападобная назаўжды ўвайшла ў памяць народную як асветніца. Яна не проста апекавалася кніжным мастацтвам, але перапісвала кнігі сваімі рукамі, а ўсе сродкі, атрыманыя ад іх продажу, раздавала жабракам. Яе клопатам быў узведзены каменны Спаса-Праабражэнскі храм, упрыгожаны адухоўленымі роспісамі. Цудам Божым гэты храм дайшоў да нашых дзён як знак нятленнай прыгажосці Праваслаўя, радасць і суцяшэнне для паломнікаў з Беларусі і замежжа.
Па благаславенню прападобнай Еўфрасінні быў выраблены напрастольны крыж-каўчэг з часцінкай Дрэва Крыжа Гасподняга і кропляй Крыві Збавіцеля, часцінкамі камянёў ад Гроба Гасподняга і грабніцы Божай Маці, мошчаў многіх святых угоднікаў Божых. «Пачэснае Дрэва неацэннае», — абвяшчаў зроблены на ім надпіс. Гэты крыж стаў духоўным сімвалам Беларусі, вобразам крыжовага выбару і крыжовай славы нашага шматпакутнага набожнага народа. У 1997 годзе крыж прападобнай быў адноўлены, і сёння мы з глыбокай павагай пакланяемся гэтай вялікай святыні.
Усім сваім жыццём, ад юных гадоў і да апошняга ўздыху, выканала прападобная Еўфрасіння запаведзь Спасіцеля пра любоў да Бога і бліжніх. Была яна «памочніцай пакрыўджаным, тужлівым — суцяшэннем, голым — адзеннем, хворым — наведваннем і, проста сказаць, для ўсіх была ўсім».
Як пры жыцці святая Еўфрасіння з кожным годам ўзрастала ў цнотах, так узрасталі слава і шанаванне прападобнай, якія пачаліся пасля яе блажэннай смерці. Сведчанні мы знаходзім у сціхіры XII стагоддзя, прысвечанай «усячэснай Еўфрасінні», дзе яна характарызуецца як «цяністае дрэва і незямное карэнне Рускай зямлі». Жыціе святой Еўфрасінні Полацкай клопатам Наўгародскага архіепіскапа Макарыя, пасля мітрапаліта Маскоўскага, было ўключана ў склад Вялікіх Чецьіх-Міней.
Некаторы час мошчы угодніцы Хрыстовай знаходзіліся на Святой Зямлі, затым яе пачэснае цела перанеслі ў пячоры Кіева-Пячэрскай Лаўры. У 1910 годзе мошчы прападобнай былі ўрачыста перанесены з Кіева ў Полацк, дзе за выключэннем трагічных падзей ХХ стагоддзя, знаходзіліся і знаходзяцца па гэты дзень.
Так, праз стагоддзі, вярнуўшыся ў свой зямны надзел, прападобная Еўфрасіння пацвердзіла прарочыя словы, вымаўленыя ёю на парозе апошняга падарожжа ў Святую Зямлю: «не пакінуць я хачу вас, а памаліцца за сябе і за вас на тых святых месцах...».
У самыя страшныя багаборніцкія часы, сярод ваеннага ліхалецця, у гады рэпрэсій і запусцення Полацкая падзвіжніца была разам з нашым народам. І цяпер, калі ў адроджанай Спаса-Еўфрасіннеўскай абіцелі працягваецца манаскае жыццё, святая Еўфрасіння не пакідае нас сваім міласэрным заступніцтвам і малітоўнай дапамогай.
Жыццёвы шлях вялікай Полацкай ігуменні — яскравы прыклад таго, што Праваслаўная Царква моцная не чалавечай, але Божай сілай. Сёння многія сцвярджаюць, што рытм сучаснага жыцця не пакідае сіл для глыбокай духоўнай працы. Аднак прыклад прападобнай сведчыць, што кожны час, у які Гасподзь дае нарадзіцца чалавеку, зручны для яго спасення. Сапраўдны хрысціянін заўсёды можа быць верным Хрысту і Яго запаведзям насуперак усім цяжкасцям і спакусам.
Сёння мы малітоўна шануем памяць вялікай святой Беларускай зямлі — прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай, і просім яе хадайніцтва каля прастола Божага за ўвесь наш народ, каб Бог дараваў нам сваю дапамогу і дбайнасць пра духоўнае жыццё. Няхай па малітвах прападобнай Еўфрасінні Гасподзь захавае мір на нашай зямлі, падаруе мір і згоду брацкім народам, дапаможа кожнаму з нас імкнуцца да чысціні ўласнага сэрца і маральнай вышыні жыцця.
Прападобная і незабыўная, усяхвальная маці наша, Еўфрасіння, молі Бога за нас, грэшных!
СІНОД БЕЛАРУСКАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ