Кіраўнік моладзевага руху AGIOS правёў сустрэчу са студэнтамі сталічных ВНУ
21 лютага 202116-20 лютага 2021 адбыліся сустрэчы кіраўніка моладзевага руху «Агіас» Мікалая Камарчука са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, медыцынскага дзяржаўнага ўніверсітэта і навучэнцамі Ліцэя БДУ і сталічнай сярэдняй школы №4.
Тэма гутарак тычылася шанавання бацькоў. «Шануй бацьку твайго і маці тваю... каб падоўжыліся дні твае, і каб добра было табе на той зямлі» — так гучыць пятая запаведзь Закона Божага. Размова насіла характар плённых дыскусій. Слухачы задавалі пытанні як тэалагічнага, так і практычнага, жыццевага характару: «Чаму Гасподзь абяцае даўгавечнасць за шанаванне бацькоў?»; «У Евангеллі гаворыцца: два ў плоць адзіную, а як жа дзеці?», «Калі бацькі не хочуць прымаць дзяўчыну і не даюць благаславення на шлюб, як дзейнічаць у такім выпадку?»; «Бацькі шмат умешваюцца ў маю асабістую прастору, мне 20 гадоў, ці магу я нешта рабіць самастойна без ведама бацькі і маці?».
Размова аб фізічных бацьках у нейкі момант змянілася тэмай аб мітрапаліце Філарэце, які нядаўна спачыў, які для многіх веруючых людзей нашай краіны стаў сапраўды духоўным бацькам. У наяўнасці вялікая жывая цікавасць у свецкай моладзі да феномена яго асобы: слухачоў цікавіла і асабістае жыццё ўладыкі Філарэта як хрысціяніна, і яго багатыя дзелавыя якасці, якія, без астатку, ён прысвяціў служэнню Царкве: дыпламатычнасць, упартасць, працавітасць, міласэрнасць, і, галоўнае, бязмежная адданасць Царкве.
Адкрытасць дыялогу заключалася яшчэ і ў тым, што шчыра абмяркоўваліся і цяжкія пытанні, праблемныя месцы: «Царква – кансерватар. Моладзь — наватары. Царква не можа працаваць з моладдзю» — такім быў пасыл вялікай часткі аўдыторыі. Каб растлумачыць гэту ўяўную супярэчнасць, спікер пастараўся паказаць сітуацыю з іншага ракурсу: «Трэба адрозніваць паміж сабой мэты, задачы і сродкі дасягнення. Царква кансерватыўная ў сваёй мэце. Але гэтая ж мэта — «памнажэнне любові ў людзях» — уласцівая і ўсім маладым людзям. Задачы ў Царквы і ў моладзі, вядома, адрозніваюцца. А вось сродкі дасягнення планаў у нас могуць быць аднолькавымі, таму што ў іх аб'яднаўчай аснове знаходзіцца мірнае жыццё нашага беларускага народа».
У канцы гутарак навучэнцкая моладзь зацікавілася жыццём моладзевага руху «Агіас» і падпісалася на іх сацыяльныя сеткі.