У праваслаўных хрысціян 14 жніўня пачаўся Успенскі пост

14 жніўня 2021

top.jpg

У праваслаўных хрысціян 14 жніўня пачаўся Успенскі пост — адзін з чатырох пастоў Праваслаўнай Царквы. Ён доўжыцца ўсяго 2 тыдні — з 14 па 27 жніўня, але з'яўляецца адным з самых строгіх. Гэты пост прысвечаны апошнім дням жыцця Божай Маці, таму і заканчваецца святам Успення Прасвятой Багародзіцы.

У апошнія гады жыцця Божая Маці знаходзілася ў Іерусаліме і малілася аб тым, каб хутчэй уз'яднацца з Хрыстом. Аднойчы Ёй з'явіўся архангел Гаўрыіл і паведаміў, што праз 3 дні скончыцца тэрмін Яе зямнога жыцця. Увесь гэты час Прасвятая Багародзіца правяла ў пасце і малітве за апосталаў і ўсіх, каго Яна пакідае. Прачыстая Дзева абяцала ніколі не спыняць маліцца аб усім свеце, як спяваецца ў трапары Успення: «Падчас нараджэння Хрыста дзявоцтва захавала ты, і пры смерці свету не пакінула ты Багародзіца».

У перыяд Успенскага посту Царква заклікае нас пераймаць прыклад Божай Маці, імкнуцца да Яе чысціні і ахвярнасці, і нагадвае, што асновай посту з'яўляецца не знясільванне цела, а ўстрыманне дзеля Хрыста. Варта памятаць, што абмежаванне ў ежы служыць для дасягнення перамогі ў духоўнай барацьбе, якую вядзе хрысціянін, каб з дапамогай Божай перамагчы свае недахопы, стаць чысцей і дабрэй. Пры гэтым кожны хрысціянін павінен падыходзіць да посту індывідуальна, сувымяраючы яго са сваімі духоўнымі і фізічнымі магчымасцямі, сваім ладам жыцця, пытаючыся сябе дзеля чаго ён гэта робіць.

Church.by