У Афінах прайшлі ўрачыстасці ў гонар Вастрабрамскай іконы Божай Маці

20 лютага 2019

top.jpg

10 лютага ў праваслаўным прыходзе святой Марыны ў афінскім раёне Іліяполіс прайшлі ўрачыстасці ў гонар Вастрабрамскай іконы Божай Маці і святкаванне 100-годдзя аднаўлення польска-грэчаскіх дыпламатычных адносін.

Юбілейную Бажэственную літургію ўзначалілі епіскап Гайнаўскі Павел (Такаюк) і епіскап Фесалоніцкі Антоній. Богаслужэнне здзяйснялася на трох мовах: польскай, грэчаскай і царкоўнаславянскай, спевы выканаў мужчынскі квартэт пад кіраваннем вядомага музыказнаўцы-візантолага д-ра Марціна Абійскага. Падчас Літургіі была таксама ўзнесена падзячная малітва ў гонар стагоддзя польска-грэчаскіх адносін з прашэннямі Божага благаславення для абодвух народаў. Былі таксама памянуты усе, хто аддаў сваё жыццё за Айчыну. Настаяцель храма архімандрыт Серафім (Дзімітрыу) здзейсніў таксама паніхіду па двух паляках — маці і яе сыну немаўляці Касперу, якія загінулі падчас пажараў, якія бушавалі ў ваколіцах Афін летам мінулага года.

Пры ўрачыстасцях прысутнічала пасол Польшчы ў Афінах спадарыня Ганна Барбажак, якая ў шырокай прамове, падсумоўваючы адносіны паміж двума народамі, падкрэсліла, што яны маюць паміж сабой шмат агульнага. Яна таксама паведаміла, што ў бягучым годзе з афіцыйным візітам у Польшчу прыедзе прэзідэнт Грэцыі.

Кульмінацыяй свецкай часткі юбілейных урачыстасцяў стала ўзнагароджанне ордэнам «За заслугі» польска-грэчаскай абшчыны святой Марыны. Сярод узнагароджаных таксама было шмат гасцей, якія прыбылі з Польшчы: гэта протапрасвітар Сава (Яраслаў) Сычэўскі; протаіерэй Марэк Варвенюк, настаяцель храма Святога Іаана Багаслова ў Беластоку; кіраўнік Двухбаковай групы, дэпутат Томаш Шыманьскі; віцэ-старшыня ваяводскага самакіравання Падляшша спадар Станіслаў Дзерагайла; віцэ-мэр горада Беластока спадар Адам Мусюк; саветнік горада Беластока спадарыня Ксенія Юхімовіч, мастакі і грамадскія дзеячы спадар Яўген Чыквін, спадар Марцін Абійскі, спадар Адам Панасюк, спадар Лукаш Кабешка.

Пасля гэтага па вуліцах раёна Іліяполіс прайшла ўрачыстая працэсія са сцягамі Польшчы і Грэцыі. Епіскапы Павел і Антоній далі прысутным благаславенне.

— Сто гадоў таму мы здабылі незалежнасць, і сто гадоў таму, у сакавіку, мы паклалі пачатак нашым польска-грэчаскім узаемаадносінам. Грэцыя была адной з першых краін, якія прызналі нашу незалежнасць, — падкрэсліў дэпутат Томаш Шыманьскі.

Віцэ-старшыня ваяводскага самакіравання Падляшша Станіслаў Дзерагайла адзначыў, што Вастрабрамскі абраз Божай Маці злучае Падляшша, Вільню і Грэцыю.

— Мы сустрэліся пры Вастрабрамскай іконе Божай Маці і ўзнесьлі сумесныя малітвы, каб гэта плённае да гэтага часу супрацоўніцтва і далей забяспечвала выдатныя адносіны паміж нашымі народамі, — дадаў Адам Мусюк, віцэ-мэр Беластока.

Для грэчаскай абшчыны Афін другая нядзеля лютага з'яўляецца днём малітвы за Польшчу і палякаў, а таксама днём асаблівага ўспаміну супрацозніцтва паміж Эладскай і Польскай Праваслаўнымі Цэрквамі.

Падораная ў лютым 1997 года тагачасным архіепіскапам Беластоцкім і Гданьскім, а цяпер — мітрапалітам Варшаўскім і ўсяе Польшчы Савам, копія Вастрабрамскай іконы Божай Маці стала пачаткам больш інтэнсіўных кантактаў паміж Польшчай і Грэцыяй у рэлігійнай сферы. За гэтыя гады архімандрыт Серафім (Дзімітрыу), настаяцель храма святой Марыны ў Афінах, падтрымліваў адносіны з Польскай Праваслаўнай Царквой, шматкроць наведваў веруючых палякаў, а таксама прымаў іх у сябе. Ад самага свайго пачатку польска-грэчаскае супрацоўніцтва складвалася вельмі спрыяльна, а дзякуючы вялікай зацікаўленасці айца Серафіма грэчаская праваслаўная традыцыя стала больш вядомая на польскіх землях.

Ужо шмат гадоў у Афінах функцыянуе Культурны цэнтр святой Марыны. У Варшаве працуе Польскі фонд «Агія Марына», старшынёй якога з'яўляецца спадар Патрык Панасюк. Дзейнасць абедзьвюх структур служыць распаўсюджванню культуры і адукацыі, а таксама прасоўванню інавацый і сучасных сацыяльных рашэнняў.

Cerkiew.pl Church.by