У Мінску праходзяць XXIII Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні
23 мая 201722 мая 2017 года ў канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё XXIII Міжнародных Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў, прысвечаных 500-годдзю беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.
У гэтым годзе тэма чытанняў — «Рэлігія і пісьменнасць як фактары фарміравання славянскай культуры». Арганізатарамі форуму выступілі: Беларуская Праваслаўная Царква, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла», ДУА «Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта», ДУА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў», Мінская духоўная акадэмія імя свяціцеля Кірыла Тураўскага.
Штогадовыя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні з'яўляюцца форумам, які на працягу вось ужо больш двух дзясяткаў гадоў аб'ядноўвае спецыялістаў з Беларусі і краін блізкага і далёкага замежжа, якія працуюць у галіне тэалогіі, гісторыі, філасофіі, рэлігіязнаўства і іншых гуманітарных дысцыплін. Канферэнцыя з'яўляецца прызнанай пляцоўкай міжкультурнага, міжканфесійнага і царкоўна-дзяржаўнага дыялогу.
Цырымонія адкрыцця чытанняў пачалася спяваннем трапара Уваскрасення Хрыстовага на грэчаскай, лацінскай і царкоўнаславянскай мовах і трапара роўнаапостальным Кірылу і Мяфодзію. Спевы выканаў хор выхаванцаў Мінскага духоўнага вучылішча пад кіраўніцтвам старэйшага выкладчыка Людмілы Яраславаўны Куцелай.
У прэзідыуме прысутнічалі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў; дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Сцяпанавіч Матульскі; намеснік загадчыка аддзела працы з грамадскімі аб'яднаннямі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Сяргей Сяргеевіч Герасіменя; намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена Іванаўна Радчанка; старшыня Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін; дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-Каталіцкай Царквы Юрый Касабуцкі; сакратар Савета Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, старшыня праўлення МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» іерэй Святаслаў Рагальскі.
З прывітальным словам звярнуўся да прысутных Патрыяршы Экзарх, які, цытуючы словы Свяцейшага Патрыярха Кірыла, сказаў: «Залішне казаць пра важнасць і значэнне пропаведзі двух братоў-асветнікаў, якія паклалі аснову нашаму алфавіту, мове, культуры і цывілізацыі ў цэлым. Іх асветніцкая місія неацэнная і працягваецца да гэтага дня. Царкоўнаславянская мова займае ў гісторыі і культуры славянскіх народаў галоўнае і асноватворнае значэнне. Створаны ў IX стагоддзі святымі роўнаапостальнымі братамі Мяфодзіем і Кірылам на аснове паўднёваславянскіх дыялектаў Салуні, ён быў адзінай мовай богаслужэння ў славян. І хоць жывая гаворка паўднёвых, усходніх і заходніх славян прыкметна адрозніваліся, мова праваслаўнага богаслужэння была агульнай для ўсіх. <...> Важна разумець, што царкоўнаславянская мова — гэта не далёкае мінулае, а наша сучаснасць. Мова богаслужэння, несумненна, можа перажываць і перажывае змены. Царкоўнаславянская мова, як і ўсякая мова, таксама развіваецца. Гэта добра відаць, калі робіш богаслужэнне, выкарыстоўваючы богаслужэбныя кнігі рознага часу. <...> Вядома, што мова, на якой сёння здзяйсняецца богаслужэнне ў Рускай Царкве, шмат у чым адрозніваецца ад мовы, створанай Кірылам і Мяфодзіем, і нават ад царкоўнаславянскай мовы 200-300-гадовай даўніны. <...> Гэта не музейная архаіка, а сучасная мова жывой богаслужэбнай традыцыі».
«Азіраючыся на гісторыю нашага народа, мы з упэўненасцю можам сказаць, што насенне, пасеянае роўнаапостальнымі Кірылам і Мяфодзіем, прынеслі багаты плён, які прымножыў Францыск Скарына. А нас Гасподзь спадобіў карыстацца гэтымі пладамі», — рэзюміраваў мітрапаліт Павел.
Патрыяршы Экзарх заклікаў Божае благаславенне на арганізатараў, удзельнікаў і гасцей Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў, пажадаўшы ім благадатнай дапамогі ад Госпада ў асветніцкіх працах.
Далей удзельнікаў і гасцей форуму віталі: Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў; намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена Іванаўна Радчанка; намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр Анатольевіч Яцко; Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь спадар Петэр Дэтмар; старшыня Усходнееўрапейскай камісіі Таварытсва даследчыкаў Новага Запавету, прафесар універсітэта горада Іены (Гнрманія) спадар Карл-Вільгельм Нібур; дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-Каталіцкай Царквы Юрый Касабуцкі; акадэмік Міжнароднай інжынернай акадэміі, заснавальнік і першы генеральны дырэктар ЗАТ «Галаграфічная індустрыя» Леанід Віктаравіч Танін.
Упаўнаважанымі асобамі былі зачытаныя прывітальныя адрасы Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Васільевіча Карпенкі, рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргея Уладзіміравіча Абламейкі, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Сурыкава Аляксандра Аляксандравіча.
На пленарным пасяджэнні з дакладамі выступілі:
- протаіерэй Сергій Гардун, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі, загадчык кафедры біблеістыкі і хрысціянскага веравучэння Інстытута тэалогіі БДУ — «Францыск Скарына, знакаміты і невядомы»;
- Валянціна Вячаславаўна Комлева, дэкан факультэта міжнароднага рэгіёназнаўства і рэгіянальнага кіравання Інстытута дзяржаўнай службы і кіравання Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі — «Роля рэлігійных інстытутаў у міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве».
У завяршэнне афіцыйнай часткі адбыўся канцэрт.
XXIII Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні працягнуцца да 26 мая ўключна. Прадугледжана другое пленарнае пасяджэнне, шэраг тэматычных секцый (у тым ліку студэнцкая), круглы стол «Духоўнасць і маральнасць асобы ў міжканфесійным дыялогу», арганізаваны Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі. Удзельнікі форуму наведаюць старажытны Полацк — радзіму Францыска Скарыны.