У Мінскай духоўнай семінарыі адбылася прэзентацыя энцыклапедыі «Жыровічы: пад святым пакровам»

01 лістапада 2021

top.jpg

31 кастрычніка 2021 года ў актавай зале Мінскай духоўнай семінарыі адбылася прэзентацыя энцыклапедыі «Жыровічы: пад святым пакровам».

Выданне пабачыла свет у 2020 годзе, будучы прымеркаваным да святкавання 550-годдзя знойдзення цудатворнага Жыровіцкага абраза Божай Маці і 500-годдзя з дня заснавання Успенскага Жыровіцкага манастыра. Кніга змяшчае каля 200 артыкулаў, большай часткай на беларускай, а таксама на рускай і англійскай мовах, і звыш 200 ілюстрацый. Энцыклапедычныя артыкулы прысвечаныя праваслаўным царкоўным дзеячам, помнікам архітэктуры, літаратуры і мастацтва, якія маюць непасрэднае дачыненне да гісторыі Жыровіцкага манастыра.

Амаль усе артыкулы, большасць з якіх друкуюцца ўпершыню, забяспечаныя спісам выкарыстаных крыніц і літаратуры.

Кніга стала плёнам працы прадстаўнікоў Беларускай Праваслаўнай Царквы, выкладчыкаў і даследчыкаў Мінскай духоўнай семінарыі, Мінскай духоўнай акадэміі, а таксама шэрагу свецкіх спецыялістаў у галіне беларускай канфесійнай гісторыі. Сярод аўтараў — кіраўнік навукова-рэдакцыйнага савета, намеснік Жыровіцкага манастыра архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, рэктар Мінскай духоўнай акадэміі іераманах Афанасій (Сакалоў), першы прарэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі прафесар С. П. Стрэнкоўскі, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі іерэй Гардзей Шчаглоў, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Г. А. Лаўрэцкі, выкладчык Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі протадыякан Павел Бубноў, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі А. А. Суша і інш.

Прэзентацыю правёў прарэктар па навуковай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі дацэнт А. В. Слесараў — аўтар шэрагу артыкулаў і складальнік энцыклапедыі. У час сустрэчы са студэнтамі ён распавёў пра гісторыю стварэння названага навукова-даведачнага выдання, яго канцэпцыю і змест. Мерапрыемства суправаджалася фотапрэзентацыяй.

minds.by/Church.by