У Польшчы вызначаны лаўрэаты прэміі імя князя Канстанціна Астрожскага

01 лютага 2019

top.jpg

Архіепіскап Тыранскі і ўсёй Албаніі Анастасій (Янулатас), праваслаўны святар са Швейцарыі Мішэль Кено, польскі навуковец Анджэй Раманоўскі, польскі журналіст Ян Смык, а таксама Саюз праваслаўных журналістаў Украіны сталі ў гэтым годзе лаўрэатамі прэстыжнай прэміі імя князя Канстанціна Астрожскага, якая прысуджаецца ўжо ў 30-ы раз.

Пасяджэнне журы пад старшынствам Яўгена Чыквіна, галоўнага рэдактара часопіса «Przegląd Prawosławny» («Праваслаўны агляд»), які выдаецца Фондам імя князя Канстанціна Астрожскага, адбылося 26 студзеня.

Архіепіскап Тыранскі і ўсёй Албаніі Анастасій (Янулатас) удастоены прэміі за місіянерскую дзейнасць у глабальным маштабе. Нарадзіўся ў 1929 годзе ў грэчаскім горадзе Пірэй, вывучаў багаслоўе ў Афінах, затым — гісторыю рэлігіі, місію, этналогію і афрыканістыку ў нямецкіх універсітэтах. Архіепіскап Анастасій свабодна валодае старажытнагрэчаскай, англійскай, французскай, нямецкай, албанскай мовамі, ведае лацінскую, італьянскую, іспанскую і рускую мовы, а таксама мову суахілі. Гэтая інтэлектуальная аснова, відавочна, і зрабіла яго чалавекам місіі. Уладыка ў поўнай меры выкарыстаў сваю эрудыцыю спачатку ў структурах сусветнага праваслаўнага моладзевага руху Сіндэсмас, затым у агульнаправаслаўным місіянерскім цэнтры Парэфтэндэс (Porefthendes), старшынёй якога з'яўляўся. У 1963 годзе пачаў працу ў Сусветным савеце цэркваў, узначальваючы розныя місіянерскія структуры, у 2006 годзе стаў ганаровым прэзідэнтам Сусветнай канферэнцыі «Рэлігіі за мір». У Грэцыі заснаваў цэнтр місіянерскіх даследаванняў пры Афінскім універсітэце і кіраваў ім. Развіваў замежную місію, шмат разоў выязджаючы ва Усходнюю Афрыку, дзе арганізаваў Патрыяршую школу архіепіскапа Кіпрскага Макарыя III і ўзначальваў яе на працягу 10 гадоў. Рукапалажыў у сан 62 праваслаўных афрыканскіх свяшчэнніка, кіраваў падрыхтоўкай катэхізатараў, удзельнічаў у перакладзе Літургіі на чатыры афрыканскіх мовы, садзейнічаў умацаванню ста пяцідзесяці праваслаўных прыходаў і абшчын, кіраваў будаўніцтвам некалькіх дзесяткаў праваслаўных цэркваў, стварыў сем місіянерскіх цэнтраў, кіраваў працэсам стварэння школ і медыцынскіх цэнтраў.

З 1992 года ўладыка Анастасій з'яўляецца Прадстаяцелем Албанскай Праваслаўнай Царквы. Пасля многіх гадоў жорсткага камуністычнага праўлення ён заняўся аднаўленнем Царквы ў Албаніі. Пры архіепіскапе Анастасіі было адроджана больш за 400 прыходаў, створана Багаслоўская акадэмія, адкрыліся праваслаўныя яслі, дзіцячыя сады, школы і пяцьдзесят моладзевых цэнтраў. Пачата будаўніцтва пяцідзесяці новых храмаў, узнаўленне шасцідзесяці гістарычных будынкаў і аднаўленне ста шасцідзесяці разбураных. Створаны выдавецтвы, майстэрні і мастацкія атэлье.

Архіепіскап Анастасій падтрымлівае таксама будаўніцтва і рамонт дарог, мастоў, вадаправодаў, медыцынскіх устаноў, гасцініц і школ. Ён клапоціцца аб развіцці сельскай гаспадаркі, культуры, экалогіі, адукацыі, сацыяльнага забеспячэння.

У 2000 годзе яго кандыдатура была вылучана на суісканне Нобелеўскай прэміі міру.

Уладыка Анастасій атрымаў прызнанне ў міжнародных колах. Васемнаццаць універсітэтаў або ўніверсітэцкіх факультэтаў узнагародзілі яго ганаровай доктарскай ступенню.

Па словах архіепіскапа, місіянерская дзейнасць неабходная для таго, каб не згубіцца, таму што самаізаляцыя хрысціян у рамках абмежаванай групы, вялікай або малой, вядзе да самазнішчэння.

Айцец Мішэль Кено (Michel Quenot) узнагароджаны прэміяй за папулярызацыю праваслаўнай багаслоўскай думкі ў Заходняй Еўропе і ва ўсім свеце. Ён — спецыяліст у галіне гуманітарных навук і лінгвістыкі. Прымаў удзел у гуманітарнай місіі ў час грамадзянскай вайны ў Паўночным Емене (Аравійскі паўвостраў). Мясцовая праваслаўная Абшчына абрала яго святаром, калі ён быў ужо ў сталым узросце. У 2003 годзе Мішэль Кено быў рукапаложаны ў іерэйскі сан мітрапалітам швейцарскім Іераміяй (Каліёргісам). З'яўляецца настаяцелем праваслаўнага прыхода Пакрова Прасвятой Багародзіцы і прападобнага Сілуана Афонскага ў Фрайбургу ў Швейцарыі, які аб'ядноўвае вернікаў розных нацыянальнасцяў. Атрымаў міжнароднае прызнанне дзякуючы шматлікім працам, прысвечаным праблемам праваслаўнай іканаграфіі. Падтрымліваў кантакты з архімандрытам Сафроніем (Сахаравым) з манастыра Святога Іаана Хрысціцеля ў Вялікабрытаніі, вучнем прападобнага Сілуана Афонскага.

Святар Мішэль Кено з'яўляецца аўтарам 27 кніг па багаслоўю іконы, гісторыі Царквы і праваслаўнай духоўнасці. Многія з іх перакладзены, у прыватнасці, на англійскую, нямецкую, грэчаскую, рускую і румынскую мовы. На польскай мове маюцца наступныя: «Ikona. Okno ku wieczności » («Ікона. Акно ў вечнасць»), «Zmartwychwstanie i ikona» («Уваскрасенне і ікона»), «Ikona i kosmos: inne spojrzenie na dzieło stworzenia» («Ікона і космас: іншы погляд на творчы працэс стварэння»).

Прафесар Анджэй Раманоўскі ўдастоены прэміі імя князя Канстанціна Астрожскага за шырокае і глыбокае даследаванне ўсходняга памежжа польскай літаратуры, за распаўсюджванне старанна аргументаванай ідэі аб разнастайнасці культуры Рэчы Паспалітай, асабліва ў сферы літаратуры. Летась выйшла ягоная кніга «Wschodnim pograniczem literatury polskiej. Od Średniowiecza do Oświecenia» («Усходнім памежжам польскай літаратуры. Ад Сярэднявечча да эпохі Асветы»), у якой ён аналізуе літаратуру на ўсходнеславянскіх мовах, створаную ў Рэчы Паспалітай. Ардынарны прафесар, загадчык кафедры літаратурнай культуры памежжа на факультэце польскай літаратуры Ягелонскага ўніверсітэта, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Польскай акадэміі навук, член Камітэта па літаратурных навуках. З 2003 года — галоўны рэдактар польскага біяграфічнага слоўніка, з'яўляецца на гэтай пасадзе пераемнікам выдатнага гісторыка і тэарэтыка літаратуры, прафесара Генрыка Маркевіча. Апублікаваў больш за дзесяць кніг. Дасведчаны публіцыст, з 1976 года супрацоўнічае з часопісам «Tygodnik Powszechny» (у 1990-2002 гадах — на пастаяннай аснове), а таксама з іншымі часопісамі. Спрыяе дыялогу людзей і культур.

Ян Смык удастоены прэміі за сумяшчэнне прафесіі радыёжурналіста з грамадскай працай на карысць Праваслаўнай Царквы. З'яўляецца сузаснавальнікам і пастаянным членам праўлення брацтва святых Кірыла і Мяфодзія, створанага трыццаць гадоў таму па благаславенню архіепіскапа Беластоцкага і Гданьскага Савы (цяпер мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы). Брацтва Кірыла і Мяфодзія — самае значнае аб'яднанне праваслаўных вернікаў у Польшчы. Яно мае 11 мясцовых філіялаў па ўсёй краіне. Пад патранажам брацтва працуюць дзіцячы сад, пачатковая і сярэдняя школы, у розных гарадах арганізуюцца асветніцкія лекцыі (у тым ліку ў рамках Праваслаўнага ўніверсітэта культуры). Брацтва выдае інфармацыйны бюлетэнь, арганізуе паломніцкія туры, ініцыіруе прынясенне ў Польшчу мошчаў шануемых у праваслаўным свеце святых. Ян Смык з'яўляецца адным з арганізатараў гэтых мерапрыемстваў. Мае шэраг узнагарод, сярод якіх — ордэн Польскай Праваслаўнай Царквы святой Марыі Магдаліны II ступені. З'яўляецца членам прыхадскога савета храма святога Георгія Перамаганосца ў Беластоку. Клапоціцца аб умацаванні Праваслаўя ў сваёй роднай вёсцы Дабраводзе, удзельнічаючы ў будаўніцтве храма і капліцы каля крыніцы са святой вадой. Адзін з вядучых польскіх радыёжурналістаў, аўтар некалькіх сотняў рэпартажаў. Лаўрэат міжнародных конкурсаў, чатырохразовы намінант Prix Italia, уладальнік «Залатога мікрафона» (1994) і звання радыёрэпарцёра года (2010). Выпусціў два аўтарскіх кампакт-дыска з унікальнымі музычнымі запісамі: «A oto gwiazda» («А вось і зорка») і «Supraski Irmologion» («Супрасльскі Ірмалагіён»). У канцы мінулага года склаў фундаментальную «Анталогію польскага радыёрэпартажу» (408 старонак, дадатак з двух кампакт-дыскаў з 333 запісамі).

Саюз праваслаўных журналістаў Украіны удастоены прэміі імя князя Канстанціна Астрожскага за дзейнасць на карысць кананічнай Украінскай Праваслаўнай Царквы і аб'ектыўнае адлюстраванне рэлігійнай сітуацыі ў Украіне.

Супрацьстаянне паміж раскольнікамі і кананічнай Царквой, якое працягваецца з пачатку 1990-х гадоў, у сучаснай Украіне ператвараецца ў палітычны і рэлігійны канфлікт. Моцнымі фактарамі эскалацыі напружанасці сталі дараванне Канстанцінопальскай патрыярхіяй раскольніцкім структурам томаса аб аўтакефаліі і прыняцце ўкраінскім парламентам законаў, якія санкцыянуюць прамое ўмяшанне ва ўнутраныя справы Царквы. Саюз праваслаўных журналістаў Украіны распаўсюджвае ў Інтэрнэце (www.spzh.news) дакументы, думкі, каментарыі як іерархаў кананічнай Царквы, так і простых вернікаў, што дазваляе чытачам выпрацаваць незалежнае самастойнае меркаванне пра рэлігійнае жыццё ў Украіне на сённяшнім этапе.

«Радонеж» / Church.by