У Віцебску адбыліся V Кірыла-Мяфодзіеўскія адукацыйныя чытанні маладых даследчыкаў
21 мая 2017У Віцебску адбыліся V Кірыла-Мяфодзіеўскія адукацыйныя чытанні маладых даследчыкаў «Славянская культура: вывучэнне, захаванне, прымнажэнне».
Арганізатарамі V Кірыла-Мяфодзіеўскіх адукацыйных чытанняў выступілі: Віцебская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама, аддзел па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Віцебскага аблвыканкама, ДУДАД «Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі», УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава», Віцебская духоўная семінарыя, Віцебскае гарадское грамадскае аб'яднанне «Цэнтр праваслаўнай асветы прападобнай Еўфрасінні Полацкай».
Канферэнцыя праходзіла на некалькіх пляцоўках: у Віцебскай духоўнай семінарыі, у храме Праабражэння Гасподняга, УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава» і ДУА «Сярэдняя школа №10».
Пленарнае пасяджэнне пачалося з прывітальнага слова архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя, якое абвясціў старшыня аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Віцебскай епархіі протаіерэй Андрэй Смольскі. Таксама з прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся: прарэктар Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Аляксандр Яўгенавіч Гілясін, дэкан юрыдычнага факультэта ВДУ Бачкоў Аляксандр Аляксандравіч, галоўны спецыяліст аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Віцебскага аблвыканкама Сяргей Мікалаевіч Фадзеенкаў.
Усяго ў чытаннях прынялі ўдзел больш за 150 чалавек: навучэнцы ўстаноў адукацыі ва ўзросце ад 14 да 22 гадоў, выкладчыкі вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, навуковыя кіраўнікі выступоўцаў, святары, работнікі адукацыі і культуры, студэнты, прадстаўнікі грамадскасці.
У рамках канферэнцыі працавала пяць секцый: «Праваслаўная культура і сучаснае грамадства», «Праваслаўнае краязнаўства: храмы, святыні, асобы», «Праваслаўе ў гісторыі і культуры Беларусі», «Духоўны патэнцыял рускай і беларускай літаратуры», «Праваслаўная традыцыя і яе асэнсаванне ў гісторыка-культурным і сацыяльна-эканамічным аспектах».
На чытаннях было прадстаўлена 60 даследчых прац і дакладаў навучэнцаў з розных рэгіёнаў вобласці. Актыўны ўдзел у канферэнцыі прынялі ўстановы адукацыі Глыбоцкага раёна (10 дакладаў), Оршы (7 дакладаў) і горада Полацка (7 дакладаў).
Тэматыка выступленняў закранала пытанні гісторыі Праваслаўя на беларускіх землях, гісторыю праваслаўных святынь, храмаў і манастыроў Віцебскай вобласці, лёсы і біяграфіі святароў, гістарычных асоб нашага краю, духоўны патэнцыял рускай і беларускай літаратуры. На студэнцкай секцыі «Праваслаўная традыцыя і яе асэнсаванне ў гісторыка-культурным і сацыяльна-эканамічным аспектах» былі закрануты актуальныя пытанні маральнасці і духоўнасці, сацыяльна-эканамічныя прававыя праблемы сучаснага жыцця, праблемы і перспектывы ювенальнай юстыцыі, гендэрнай роўнасці ў Рэспубліцы Беларусь і замежных краінах.
Сатўшыя ўжо традыцыйнымі, Кірыла-Мяфодзіеўскія адукацыйныя чытанні праводзяцца штогод у мэтах духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення шляхам прыцягнення яго да айчыннай духоўнай культуры, папулярызацыі святкавання Дня славянскай пісьменнасці і культуры, аб'яднання намаганняў дзеячаў навукі, адукацыі, культуры, мастацтва і святароў дзеля далейшага адраджэння культурнай і гістарычнай памяці беларускага народа.
Удзельнікі V Віцебскіх Кірыла-Мяфодзіеўскіх юнацкіх адукацыйных чытанняў прадэманстравалі высокі ўзровень падрыхтоўкі даследчых прац і дакладаў. Аргкамітэт канферэнцыі выказаў глыбокую падзяку навуковым кіраўнікам усіх удзельнікаў і адзначыў лепшыя даследчыя працы дыпломамі: I ступені (13 чалавек); II ступені (12 чалавек); III ступені (17 чалавек). Астатнія дакладчыкі былі ўзнагароджаны дыпломамі ўдзельнікаў V Кірыла-Мяфодзіеўскіх адукацыйных чытанняў.
Па выніках канферэнцыі была прынятая рэзалюцыя, у якой сфармуляваны прапановы па далейшаму развіццю праваслаўнай адукацыі і выхавання, умацаванню ўзаемадзеяння з органамі дзяржаўнай улады, а таксама выказана пажаданне штогадовага правядзення падобных канферэнцый, прычым у больш шырокіх межах — дэкады славянскай пісьменнасці і культуры, якая ўключае ў сябе культурна-масавыя асветніцкія мерапрыемствы не толькі на базе ўстаноў адукацыі, але і устаноў культуры: бібліятэк, музеяў.