Вярхоўная Рада Украіны не разглядала антыправаслаўныя законапраекты
19 мая 2017Народныя дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны не разгледзелі антыцаркоўныя законапраекты № 4128 і № 4511, паведамляе Pravoslavie.ru са спасылкай на інфармацыйны партал Украінскай Праваслаўнай Царквы.
На 18 мая ў Вярхоўнай Радзе Украіны быў прызначаны разгляд двух антыправаслаўных законапраектаў (№ 4511 і № 4128), якія маглі абвясціць існаванне Украінскай Праваслаўнай Царквы па-за законам, а таксама стварыць юрыдычныя ўмовы, якія садзейнічаюць раскольнікам для захопу праваслаўных храмаў. У сувязі з гэтым мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, заклікаў кожнага ўзнесці ўзмоцненыя малітвы аб Украінскай Праваслаўнай Царкве, а таксама звярнуўся да Прэзідэнта Беларусі і Прэзідэнта Украіны з просьбай стаць на абарону правоў і свабоды веравызнання ўкраінскага народа.
У самой Украіне 18 мая з 8 раніцы і да заканчэння пленарнага пасяджэння праваслаўныя вернікі маліліся ля Вярхоўнай Рады аб Украінскай Праваслаўнай Царкве Маскоўскага Патрыярхату. Акрамя шматлікіх кіяўлян, сабраліся праваслаўныя вернікі, якія прыехалі з розных епархій Украінскай Праваслаўнай Царквы. Большасць з іх выехалі ў Кіеў яшчэ напярэдадні 18 мая, каб раніцай злучыцца ў супольнай малітве да Госпада аб працверажэнні розуму народных дэпутатаў, галасаванне якіх магло вырашыць лёс Царквы на Украіне.
Па завяршэнні пасяджэння, на якім планавалася разгледзець законапраекты № 4128 і № 4511, да вернікаў выйшлі народныя дэпутаты, якія паведамілі, што ў Вярхоўнай Радзе разгляду гэтых праектаў законаў не было.
Пасля гэтага ад імя Блажэннейшага мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Ануфрыя архіерэі падзякавалі духавенству і міранам за мужнасць у вызнаванні сваёй веры.