Зварот Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ў сувязі з пагрозай распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі

10 красавіка 2020

top.jpg

Дарагія айцы, браты і сёстры!

На нашу зямлю прыйшло выпрабаванне — каронавірусная інфекцыя. Колькасць хворых людзей перавысіла тысячу, ёсць памерлыя. Захворванне працягвае распаўсюджвацца.

Абавязак Царквы — малітва аб людзях. І ў гэтыя дні Беларуская Праваслаўная Царква горача моліцца аб тым, каб Гасподзь адвёў бяду ад народа Беларусі.

Мы молімся аб больш хуткім выздараўленні заражоных каронавірусам; аб упакаенні памерлых ад гэтай хваробы; аб дараванні здароўя і суцяшэння родным і блізкім усіх, хто так ці інакш пацярпеў ад інфекцыі, — і аб тым, каб небяспечная пошасць як мага хутчэй спынілася.

Асаблівыя малітвы Царква ўзносіць за ўсіх працаўнікоў медыцынскіх устаноў. Знаходзячыся на пярэднім краі барацьбы з эпідэміяй, медыцынскія работнікі ўсіх узроўняў здзяйсняюць штодзённы подзвіг, значнасць якога ўся сусветная супольнасць ацэньвае па заслугах. Царква просіць Лекара душ і целаў — Хрыста Збавіцеля ўмацаваць фізічныя і душэўныя сілы ўсіх урачоў, іх родных і блізкіх, саўдзельнікаў у подзвігу выратавання чалавечых жыццяў.

Прыемна ўсведамляць, што ўсё больш і больш маладых людзей па загадзе сваіх сэрцаў прымаюць удзел у барацьбе з эпідэміяй на добраахвотных пачатках. Царква заклікае благаславенне Божае на дабравольцаў і вітае ўсе формы пасільнай дапамогі ўрачам у іх служэнні людзям.

Кожны з нас у дадзенай сітуацыі, закліканы нанава ўсвядоміць каштоўнасць і кволасць чалавечага жыцця. Настаў час згуртаваць, аб'яднаць сілы, забыць пра дробязны разлад, дараваць адзін аднаму крыўды, пакрыць любоўю ўсе канфлікты і бязладдзе.

У цяперашні час, як і ва ўсе часы, Царква заклікае людзей да пакаяння, выпраўлення свайго ранейшага заганнага ладу жыцця, і нагадвае сваім верным дзецям пра дзве галоўныя запаведзі Божыя: «Узлюбí Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім ... і бліжняга твайго, як самога сябе» (Мф. 22:37-39). Цяпер вельмі важна, каб кожны пастараўся крыху менш думаць пра сябе і крыху больш клапаціцца пра блізкіх. Гасподзь чакае ад нас спагады, міласэрнасці, дабрыні да тых, хто знаходзіцца з намі побач.

Ніякія страхі, ніякая роспач ці адчай не павінна авалодваць нашай свядомасцю ў гэтыя дні. Гасподзь наш Іісус Хрыстос кажа апосталу Пятру, а разам з ім — і нам: «Не бойся, толькі веруй!» (Мк. 5:36). З верай у чалавекалюбства Божае, з малітвай на вуснах, спакойна і разважліва нам належыць здзяйсняць свой жыццёвы шлях. Тыя, хто цяпер свядома спрыяюць нагнятанню панікі, распаўсюджваючы сумнеўную інфармацыю аб вірусе і здабываючы з гэтага сваю карыслівую выгаду, здзяйсняюць злачынства перад людзьмі і Усявышнім Богам.

Праваслаўныя хрысціяне павінны служыць грамадству прыкладам здаровага сэнсу і сацыяльнай адказнасці. Менавіта таму Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы заклікае пастыраў і ўсіх верных сваіх дзяцей строга прытрымлівацца санітарных нормаў, рэкамендаваных Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Людзям, якія выявілі ў сябе або ў сваіх блізкіх сваякоў прыкметы сезонных вірусных захворванняў (павышаную тэмпературу цела, насмарк, боль у горле, цяжкасці з дыханнем і т .д.) благаслаўляецца ўстрымацца ад удзелу ў грамадскіх богаслужэннях, звярнуцца да ўрачоў і строга прытрымлівацца іх ўказанняў.

Міранам, якія дзеля клопату пра здароўе блізкіх пераходзяць на рэжым самаізаляцыі і ў сувязі з гэтым прыпыняюць свой удзел у грамадскіх богаслужэннях на час эпідэміі, такія паводзіны не ставяцца ў грэх. Царква нагадвае, што ў электронных СМІ арганізаваны анлайн-трансляцыі богаслужэнняў. Кожны жадаючы можа далучыцца да прагляду і, тым самым, прыняць удзел у агульнацаркоўнай малітве.

Праваслаўная Царква працягвае несці ў беларускім грамадстве сваю спасіцельную місію. Храмы Божыя не будуць закрывацца, асабліва ў велікодныя дні, але гэтае становішча ўскладае яшчэ большую адказнасць на епіскапат, святароў і ўсіх царкоўных працаўнікоў.

Духавенству Беларускай Праваслаўнай Царквы пры здзяйсненні богаслужэнняў у храмах і манастырах варта строга кіравацца Інструкцыяй, зацверджанай Свяшчэнным Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы ад 17 сакавіка 2020 года. У епархіях, дзе эпідэміялагічны ўзровень больш складаны, Праасвяшчэнны архіпастыр можа прымяніць больш строгія санітарныя нормы падчас здзяйснення богаслужэнняў і трэб.

Настойліва раім у дні агульнацаркоўных святаў Вербнай нядзелі і Вялікадня асвячэнне вербаў і велікоднай ежы здзяйсняць выключна на прыхрамавых тэрыторыях пад адкрытым небам.

Набожнай пастве належыць словам і справай падтрымліваць сваіх пастыраў, якія здзяйсняюць скоаданую місію служэння Царкве і суцяшэння людзей.

Пачынаючы з 10 красавіка і аж да завяршэння эпідэміі, ва ўсіх храмах і манастырах Беларускай Праваслаўнай Царквы будзе здзяйсняцца штодзённы перазвон па наступным распарадку: у 9:00, 12:00, 15:00 і 18: 00 належыць здзяйсняць 12 удараў у вялікі звон, пасля якіх на працягу 10 хвілін ажыццяўляць перазвон ва ўсе званы.

Усіх вернікаў, жыхароў Рэспублікі Беларусь, падчас гучання званоў у гэтыя гадзіны просім узнесці просьбы і малітву аб спыненні распаўсюджвання шкоднаснай пошасці, якую зацвердзіў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.

Набліжаецца да завяршэння Вялікі пост. Наперадзе Вялікдзень — Светлае Хрыстова Уваскрасенне. Верым: Гасподзь і Спасіцель наш Іісус Хрыстос, Які прынёс сябе на крыжы ў ахвяру за грахі ўсяго свету і Сваім трохдзённым Уваскрасеннем разбурыў смерць, не пакіне нас, веруючых у Яго!

Сёння мы як ніколі павінны з'яднацца ў малітве да Бога, каб дараваць адзін аднаму ўзаемныя крыўды і з чыстым сэрцам, выконваючы Запаведзі Хрыстовы, працягваць ісці па жыцці, успамінаючы настаўленне Спасіцеля свету выконваць усё, што Ён запаведаў нам; і Ён будзе з намі ва ўсе дні да сканчэння веку. Амінь. (Мф. 28:19).

Гасподзь памілуе, захавае, ўмацуе і выратуе нас малітвамі Прачыстай Уладычыцы нашай Багародзіцы і ўсіх святых, якія ў зямлі Беларускай праславіліся! 

Church.by