Выйшаў новы нумар навуковага часопіса «Працы Мінскай духоўнай акадэміі»

18 лютага 2019

777.jpg

У першых чыслах лютага Выдавецтва Мінскай духоўнай акадэміі выпусціла новы нумар навуковага часопіса «Працы Мінскай духоўнай акадэміі» (2018, № 15), які падводзіць вынікі навуковай працы беларускіх царкоўных даследчыкаў у 2018 годзе.

Адкрывае нумар раздзел «Біблеістыка», у якім рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў) апублікаваў артыкул «Праведнага і паганца будзе судзіць Бог: праблемы тлумачэння і перакладу (Экл. 3:17)». Артыкул змяшчае каментарый на 17-й сціх трэцяга раздзела біблейскай кнігі Эклезіяста. Аўтар аналізуе агульны змест сціха, разглядае гэты сціх у кантэксце трэцяга раздзела і ў кантэксце ўсёй Кнігі Эклезіяста. Звяртаецца ўвага на паралелі са старажытнай блізкаўсходняй літаратуры мудрасці, на тлумачэнне дадзенага верша ў Старажытнай іудзейскай і хрысціянскай традыцыях.

Дыякан Іаан Ляшчанка апублікаваў артыкул «Пазабіблейскія згадкі тэрміна «другая смерць» і іх сувязь з Кнігай Апакаліпсіса», прысвечаную праблематыцы эсхаталагічнага заканчэння быцця грэшніка, якое называецца ў кнізе Апакаліпсіса «другой смерцю». Разглядаюцца экстрабіблейскія паралелі гэтаму выразу ў літаратуры Егіпта, Грэцыі і ў іудаістычных крыніцах. Аналізуецца магчымасць запазычання дадзенай канцэпцыі аўтарам Апакаліпсіса.

У раздзеле «Патралогія» выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі, загадчык кафедры рэлігіязнаўства Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта А. В. Данілаў апублікаваў артыкул «Антрапалагічныя погляды свяшчэннамучаніка Ірынея Ліёнскага». Аўтар прыходзіць да высновы, што падобна апалагетам свяшчэннамучанік Ірынэй кажа пра першага чалавека як пра дзіця па розуму, якому трэба прайсці шэраг прыступак выхавання. Чалавек у працэсе развіцця і ўдасканалення  некалі стане здольны сузіраць Бога, чым здабудзе неўміручасць. Маецца на ўвазе нейкая салідарнасць, ідэнтычнасць паміж Адамам і яго дзецьмі: паўтарэнне ўслед за праайцом негатыўнага вопыту.

Загадчык кафедры багаслоўя Мінскай духоўнай семінарыі, старшы выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі іерэй Аляксандр Палхоўскі апублікаваў пераклад з сірыйскай мовы «Словы пра нявіннасць» прападобнага Яфрэма Сірына. У гэтым творы прападобны, умела карыстаючыся сваім паэтычным талентам і выдатным веданнем Свяшчэннага Пісання, раскрывае такую важную для раннесірыйскага хрысціянства тэму, як дзявоцкі лад жыцця.

У раздзеле «Рэлігійная філасофія» выкладчык семінарыі ігумен Ермаген (Панасюк) апублікаваў артыкул «Рацыянальнае абгрунтаванне міфа ў К. Хюбнера ў параўнанні з канцэпцыяй міфа ў А. Ф. Лосева». У артыкуле праводзіцца аналіз спробы нямецкага вучонага Курта Хюбнера абгрунтаваць рэальнасць і рацыянальнасць міфа як асаблівай формы вопыту і мыслення. Для гэтага робіцца агляд асноўных метадалагічных падыходаў Хюбнера, якія змяшчаюцца ў яго кнігах «Ісціна міфа» і «Вера і мысленне». Пазіцыя Хюбнера супастаўляецца з канцэпцыяй міфа рускага філосафа А. Ф. Лосева. У выніку праведзенага аналізу робіцца выснова аб згодзе двух навукоўцаў па многіх прыкметах вызначэння міфічнага быцця: нерэдукаванасць, суб'ект-аб'ектная тоеснасць, тоеснасць ідэальнага і матэрыяльнага, роля імёнаў у міфе.

У раздзеле «Кананічнае права» выкладчык кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін іерэй Дзмітрый Каўрыга апублікаваў артыкул «Праблема аднясення christifideles да Царквы «sui iuris» у праве Рымска-каталіцкай Царквы». Аўтар аналізуе такое паняцце, як «Ecclesia sui iuris» («Царква свайго права») у святле спадчыны II Ватыканскага Сабора і пытанне аднясення канкрэтнага верніка да той ці іншай «Царквы», г.зн. абшчыны. Дадзеная праблематыка з'яўляецца вельмі актуальнай, паколькі ад таго, да якой Царквы прыпісаны christifideles, наўпрост залежыць яго ўдзел у літургічным жыцці, атрыманні Таінстваў.

Выпускнік Мінскай духоўнай акадэміі, прадстаўнік Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі пры Патрыярху Александрыйскім і ўсяе Афрыкі іерэй Віктар Кулага апублікаваў артыкул «Царкоўнае адзінства і кананічная традыцыя». У артыкуле выкладаецца праблема разумення адзінства Царквы ў заходнім багаслоўі, а таксама ў сучасным праваслаўным багаслоўі з боку еўхарыстычнай эклезіялогіі. Нягледзячы на станоўчы ўклад для праваслаўнага вучэння пра Царкву з боку еўхарыстычнай эклезіялогіі, аўтар паказвае на яе слабыя бакі і разглядае тэму адзінства Царквы ў спалучэнні з яе кананічнай традыцыяй.

У раздзеле «Гісторыя Царквы» выкладчык семінарыі протадыякан Павел Бубноў апублікаваў артыкул «Старажытнейшыя рукапісныя царкоўныя кнігі Солтана Аляксандравіча Жыровіцкага XV ст.» У артыкуле вывучаюцца рукапісныя царкоўныя кнігі, напісаныя ў 1471-1488 гадах па замове заснавальніка першага храма ў Жыровічах — Солтана (Аляксандра) Аляксандравіча, балярына вялікага князя літоўскага Казіміра IV Ягайлавіча. Да нашых дзён дайшлі «Тлумачальны Псалтыр» (1471), мінеі служэбныя на студзень-люты (1487), сакавік-красавік (1487), май-чэрвень (1488).

У раздзеле «Місіялогія» аспірант Мінскай духоўнай акадэміі Дз. А. Усцімчук апублікаваў артыкул «Тэрмін «місіянерскае поле» ў дакументах Рускай Праваслаўнай Царквы». Артыкул прысвечаны аналізу тэрміна «місіянерскае поле», зафіксаванага ў розных афіцыйных дакументах Рускай Праваслаўнай Царквы. Місіянерская дзейнасць Царквы як у цэлым, так і прыхода, або асобнага місіянера ажыццяўляецца ў межах пэўнай тэрыторыі. У дакументах Рускай Праваслаўнай Царквы такую тэрыторыю прынята называць «місіянерскае поле». Аднак, тэрмін «місіянерскае поле» разумеецца неадназначна і трактуецца па-рознаму. Паколькі ён важны для вызначэння стратэгіі місіянерскай працы, яе форм і метадаў, неабходна вызначыцца з трактоўкай паняцця «місіянерскае поле».

У раздзеле «Раскалазнаўства» прарэктар па навуковай рабоце дацэнт А. В. Слесараў апублікаваў артыкул «Працэс развіцця царкоўнага расколу беларускай дыяспары і фарміраванне іерархіі БАПЦ у 1949-1968 гг.». Артыкул прысвечаны разгляду гісторыі развіцця царкоўнага расколу беларускай эміграцыі ў 1949-1968 гадах. Апісваюцца рэакцыя царкоўнай і грамадзянскай супольнасці на ўзнікненне епіскапату Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ) і абставіны распаўсюджвання ўплыву БАПЦ на беларускія суполкі ў дыяспары. Асобная ўвага надаецца гісторыі развіцця канфліктнай напружанасці ў беларускім епіскапаце, звязанай з пытаннем пастаўлення новых архіерэяў, якая і прывяла да зацяжнога ўнутранага крызісу ў БАПЦ.

Навуковы часопіс «Працы Мінскай духоўнай акадэміі» арыентаваны на праваслаўных святароў і міран, выкладчыкаў і студэнтаў багаслоўскіх навучальных устаноў, а таксама ўсіх, хто цікавіцца пытаннямі біблеістыкі, багаслоўя, царкоўнай гісторыі, кананічнага права і іншых напрамкаў царкоўнай навукі.

Часопіс рэкамендаваны да публікацыі Выдавецкім саветам Беларускай Праваслаўнай Царквы (ІС Б17-701-0019), уключаны ў Расійскі індэкс навуковага цытавання (РІНЦ) і ў Агульнацаркоўны пералік рэцэнзуемых выданняў, у якіх павінны публікавацца вынікі даследаванняў суіскальнікаў царкоўных вучоных ступеняў доктара багаслоўя, доктара царкоўнай гісторыі і кандыдата багаслоўя.

Галоўны рэдактар: архімандрыт Сергій (Акімаў), рэктар Мінскай духоўнай акадэміі, загадчык кафедры біблеістыкі Агульнацаркоўнай аспірантуры і дактарантуры, доктар багаслоўя, прафесар.

Адказны рэдактар: Слесараў Аляксандр Валер'евіч, прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі, кандыдат багаслоўя, дацэнт.

МінДА / Church.by