Пасланне Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі архіпастырам, кліру, манахам і міранам Беларускай Праваслаўнай Царквы ў сувязі са 180-годдзем Полацкага царкоўнага Сабора 1839 года
22 лютага 2019Узлюбленыя ў Госпадзе архіпастыры,
пачэсныя прасвітары і дыяканы,
багалюбівыя інакі і інакіні,
дарагія браты і сёстры!
180 гадоў таму, 12/25 лютага 1839 года, у Нядзелю Перамогі Праваслаўя, у горадзе Полацку адбылася сапраўды эпахальная падзея ў гісторыі нашай Царквы і нашай Айчыны. У гэты дзень уніяцкія іерархі і клірыкі, якія служылі на беларуска-літоўскіх землях, па закліку епіскапа Іосіфа (Сямашкі) сабраліся пад скляпеннямі старажытнага Сафійскага сабора, для таго каб абвясціць рашэнне аб адмене Брэсцкай уніі 1596 года і аб сваім добраахвотным вяртанні ў агароджу Праваслаўнай Царквы.
Дзеі Полацкага Сабора па гэты дзень уражваюць сваёй маштабнасцю. Дзякуючы Сабору з Праваслаўнай Царквой уз'ядналіся звыш адной тысячы шасцісот прыходаў, больш за паўтары тысячы свяшчэннікаў і больш за адзін мільён шэсцьсот тысяч чалавек.
Епіскап Іосіф (Сямашка), ініцыятар і натхняльнік Полацкага Сабора, усё сваё далейшае жыццё прысвяціў духоўнай асвеце ўз’яднанай паствы і ўмацаванню яе ў Святым Праваслаўі. Пасля ўзвядзення ў сан мітрапаліта Літоўскага і Віленскага, Праасвяшчэнны Іосіф нястомна прапаведаваў Евангелле, клапаціўся пра ўсебаковую адукацыю і маральны рост духавенства, заўсёды быў чулым і ўважлівым да патрэб простых вернікаў, паказваючы дзівосны прыклад адзінства слова і справы, моцы веры, стойкасці духу, любові да Бога і блізкіх. Людзі ішлі за ўладыкам Іосіфам, бачачы ў ім добрага пастыра, сапраўды гатовага душу сваю пакласці за авечак, паводле слова Госпада Іісуса Хрыста (Ін. 10:11). Шчырымі аднадумцамі і руплівымі паплечнікамі мітрапаліта Іосіфа былі архіепіскап Полацкі і Віцебскі Васілій (Лужынскі), архіепіскап Мінскі і Бабруйскі Антоній (Зубко), мноства свяшчэннаслужыцеляў і набожных міран, якія папрацавалі ў справе духоўнага адраджэння беларускага народа.
Усякае дрэва па сваім плодзе пазнаецца (Лк. 6:44), — вучыць Хрыстос Спасіцель. Добрае семя вернасці Праваслаўнай Царкве Хрыстовай, пасеянае на нашай зямлі мітрапалітам Іосіфам (Сямашкам) і яго паплечнікамі, дало ў хуткім часе багатыя ўсходы і дзівосныя плады святасці. Да духоўных спадкаемцаў айцоў Полацкага Сабора можна ў поўнай меры аднесці новамучанікаў Беларускіх, блажэнную Валянціну Мінскую і вялікае мноства не вядомых нам падзвіжнікаў, што свята захоўвалі веру ў цяжкія гады выпрабаванняў, якія прынясло нашаму народу трагічнае ХХ стагоддзе. Подзвіг удзельнікаў Полацкага Сабора стаў краевугольным каменем, на якім квітнее цяпер Беларуская Праваслаўная Царква.
Галоўны вынік Полацкага Сабора відавочны і бясспрэчны: большасць жыхароў Богам сцеражонай краіны нашай з'яўляюцца праваслаўнымі хрысціянамі. Полацкі Сабор выказаў народнае імкненне да адзінства з Маці-Царквой, пацвердзіўшы, што ніякай зямной сіле не дадзена знішчыць праўду і Царкву Хрыстову. Менавіта гэтае абяцанне Божае ў дачыненні Царквы Хрыстовай з'явілася крыніцай поспеху і жыццяздольнасці саборнага рашэння. Дзеяннямі сабаран кіраваў не эгаістычны пошук асабістай выгады, а Сам Дух Святы — Дух мудрасці і розуму, які накіроўвае да славы Божай і да спасення людзей, якія жывуць на зямлі.
У памяць пра дзеі Полацкага Сабора быў адчаканены медаль з надпісам: «Адарваныя гвалтам (1596) уз’яднаны любоўю (1839)». У гэтых словах заключаецца асаблівы ўрок, які патрабуе самага глыбокага ўразумення і асэнсавання. Унія, якая ўкаранялася шляхам грубага сілавога ціску, хлусні і падману, стала прычынай мноства бед і пакут для ўсходніх славян, а ў гістарычнай перспектыве аказалася домам, пабудаваным на пяску (Мф. 7:26), які натуральным чынам бясслаўна разваліўся. Гісторыя сведчыць, што такі канец наканаваны ўсім, хто замахваецца на Царкву Хрыстову.
Нягледзячы на горкі ўрок гісторыі мінулых стагоддзяў, сёння ў брацкай Украіне, на радзіме незабыўнага мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі), разгортваюцца падзеі, якія да болю нагадваюць пра даўнія ганенні з боку ўніятаў, а затым і багаборніцкай атэістычнай улады на праваслаўных хрысціян. Дзяржаўная ўлада ў саюзе з Канстанцінопальскім Патрыярхатам адкрыта парушае адзінства ўкраінскага Праваслаўя, уносіць яшчэ большы падзел і ўзмацняе пакуты кананічнай Праваслаўнай Царквы Украіны. Спрыяючы створанай з раскольнікаў псеўдацаркоўнай структуры, яны правакуюць акты гвалту ў дачыненні да кананічнай Украінскай Праваслаўнай Царквы.
У сітуацыі, якая склалася, лічым сваім абавязкам зноў і зноў узвысіць свой голас у падтрымку Блажэннейшага мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Ануфрыя. Заклікаем верных дзяцей Беларускай Праваслаўнай Царквы ўзмацніць малітвы за братэрскі ўкраінскі народ. Цвёрда спадзяёмся, што Міласэрны Гасподзь захавае Украінскую Праваслаўную Царкву, наставіць на розум і прывядзе да пакаяння тых, што чыняць зараз зло, варожасць і падзел, а на зямлі Украіны запануе благаславёны мір, як ён запанаваў на Белай Русі пасля Полацкага Сабора ў 1839 годзе.
Промыслам Божым мы, адзначаючы 180-ю гадавіну ўз'яднання з Царквой адпаўшых ад яе дзяцей, з падзякай Госпаду сведчым, што Полацкі Сабор усяляк спрыяў вяртанню сотняў тысяч беларусаў з «далёкай краіны» ў Бацькоўскі дом. Уз'яднанне уніятаў з Праваслаўнай Царквой паклала канец векавому падзелу і варожасці на рэлігійнай глебе, што азмрочвалі жыццё многіх пакаленняў беларускага народа, і з'явілася трывалай асновай міру ў нашым сучасным грамадстве Белай Русі.
Полацкі Сабор стаў знакам прымірэння і згоды, крыніцай духоўнага і культурнага абуджэння нашага народа, паказаўшы ва ўсёй паўнаце прыгажосць і славу Праваслаўнай Царквы і славянскай цывілізацыі. Ад таго моманту мы не чужынцы і не прыхадні, а суграмадзяне святых і дамачадцы Бога (Эф. 2:19). Усведамляючы веліч дзей Сабора, мы пакліканы працягваць справу яго айцоў, рупліва захоўваючы веру праваслаўную і адзінства святой Царквы Хрыстовай, адзінства духу ў саюзе міру (Эф. 4:3), наказанае Апосталам. Малітвамі свяціцеля Іосіфа (Сямашкі) і ўсіх святых зямлі Беларускай няхай дапаможа нам у гэтым Гасподзь!
+ Павел,
мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі