- Гісторыя Беларускай Царквы
- Бабруйская епархія
- Барысаўская епархія
Беларуская Праваслаўная Царква ў канцы ХХ - ХХІ стагоддзях
У канцы 80-х гадоў 20 стагоддзя ў Беларусі, як і на ўсёй тэрыторыі СССР, пачаўся працэс адраджэння царкоўнага жыцця. У першую чаргу гэта выявілася ў масавым адкрыцці прыходаў, дзякуючы выключнаму энтузіязму веруючага народа. Ужо ў 1989 годзе на тэрыторыі БССР дзейнічала 477 прыходаў, у канцы 1990 года— больш за 660. У 1989 годзе Царкве былі перададзены жаночыя манастыры Спаса-Ефрасіннеўскі ў Полацку і Раства-Багародзічны ў Гродна. 1 верасня 1989 года аднавіліся заняткі ў Мінскай Духоўнай семінарыі, якая, як і раней, размясцілася ў Жыровіцкім Успенскім манастыры. У гэтым жа годзе ў Мінску пачало сваю працу Духоўнае вучылішча для падрыхтоўкі псаломшчыкаў і рэгентаў царкоўных хораў.
У кастрычніку 1989 года Архіерэйскім Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы ў межах Беларусі быў заснаваны Беларускі Экзархат (гл.: «Беларускі Экзархат»). Мінска-Беларуская епархія спыніла сваё існаванне. Да 1993 г. колькасць епархій у Беларускім Экзархаце дасягнула 10-ці. У 1992 годзе ў Мінску, Заслаўі і Полацку адбыліся ўрачыстасці з нагоды 1000-годдзя заснавання Полацкай епіскапскай кафедры, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі 7-мі Памесных правасл. Цэркваў. У 1993 годзе шырока святкавалася 200-годдзе Мінскай епархіі, у гэтым жа годзе Сінод Беларускага Экзархату прыняў рашэнне аб адкрыцці Мінскай Духоўнай Акадэміі, якая пачала сваю дзейнасць у 1996 годзе пры Жыровіцкім манастыры Успення Прасвятой Багародзіцы. У 2015 годзе Акадэмія пераведзена ў Мінск і размешчана ў новазбудаваным комплексе будынкаў Духоўна-адміністрацыйнага і адукацыйнага цэнтра Беларускай Праваслаўнай Царквы. Сістэму духоўных навучальных устаноў дапоўнілі духоўныя вучэльні ў Віцебску (1998) і Слоніме (2000), ф-т тэалогіі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ў Мінску (1993, цяпер Інстытут тэалогіі Белдзяржуніверсітэта), школа катэхізатараў у Мінску (1996, цяпер аддзяленне катэхізатараў Мінскага духоўнага вучылішча). У пачатку 2000 года была адкрыта першая ў гісторыі Беларусі школа царкоўных званароў пры Мінскім епархіяльным упраўленні (цяпер аддзяленне званароў Мінскага духоўнага вучылішча). У цяперашні час у Беларускай Праваслаўнай Царкве дзейнічаюць наступныя духоўныя навучальныя ўстановы: Мінская духоўная акадэмія; Мінская духоўная семінарыя; Інстытут тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта; Віцебская духоўная семінарыя; Аршанскае духоўнае вучылішча; Віцебскае (жаночае) духоўнае вучылішча; Мінскае духоўнае вучылішча; Слонімскае духоўнае вучылішча.
Адпаведнымі дзеяннямі Сінода Беларускага Экзархату былі прылічаныя да ліку святых угоднікаў Божых: у 1992 г. архіеп. Магілёўскі і Беларускі Георгій (Каніскі), у 1997 г. настаяцель Свята-Пакроўскага храма в. Карма Гомельскай епархіі а. Іван Глушкевіч (св. прав. Іаан Кармянскі), у 1999 г. праслаўлены як новамучанікі 23 клірыкі Мінскай епархіі, якія здзяйснялі сваё служэнне і па-пакутніцку пацярпелі ў 20-м стагоддзі. Усе яны былі ўключаны ў Сабор Беларускіх святых, у склад якога на пачатак 2015 года ўваходзілі:
- Свяціцель Міна, епіскап Полацкі (†1116);
- Свяціцель Дыянісій, епіскап Полацкі (†1182);
- Свяціцель Сімяон, епіскап Полацкі (†1289);
- Свяціцель Кірыл, епіскап Тураўскі (†1183);
- Свяціцель Лаўрэнцій, епіскап Тураўскі (†1194);
- Свяціцель Георгій, архіепіскап Магілёўскі (†1795);
- Свяціцель Гаўрыіл, архіепіскап Разанскі (†1862);
- Свяшчэннамучанік Макарый, мітрапаліт Кіеўскі (†1497) – 1 / 14.5
- Свяшчэннамучанік архідыякан Нікіфар (†1599) – 6 / 19.10
- Мучанікі Антоній, Іаан і Яўстафій Віленскія (†1347) – 14 / 27.4; 13 / 26.7
- Мучанік немаўля Гаўрыіл Беластоцкі (†1690) – 20.4 / 3.5
- Прападобнамучанік Афанасій, ігумен Брэсцкі (†1648) – 20.7 / 2.8; 5 / 18.9
- Прападобнамучанік Макарый, ігумен Пінскі (†1678)
- Прападобны Марцін Тураўскі († пасля 1146);
- Прападобны Елісей Лаўрышаўскі († 1250);
- Прападобны Фёдар, князь Астрожскі;
- Прападобны Генадзій Магілёўскі (†1565);
- Прападобны Ляонцій, архімандрыт Віленскі, вызнаўца (†1620);
- Прападобная Еўфрасіння, ігумення Полацкая (†1173);
- Прападобная Харыціна, князёўна Літоўская (†1281);
- Прападобная Манефа Гомельская (†1984);
- Праведная Юліанія, князёўна Гальшанская († каля 1550);
- Праведная Сафія, княгіня Слуцкая (†1612);
- Праведны Иаан, прасвітар Кармянскі (†1917);
- Блажэнная Валянціна Мінская (†1966);
- Дабраверны князь Барыс Тураўскі (†1158);
- Дабраверны князь Расціслаў Смаленскі (†1167);
- Дабраверны княгіня Яўпраксія Пскоўская (†1243);
- Свяціцель Ціхан (Белавін), Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Расіі (†1925);
- Свяціцель Агафангел (Праабражэнскі), мітрапаліт Яраслаўскі (†1928);
- Свяшчэннамучанік Пётр (Палянскі), мітрапаліт Круціцкі (†1937);
- Свяшчэннамучанік Ціхан (Ніканораў), архіепіскап Варонежскі († 1919);
- Свяшчэннамучанік Аляксандр (Пятроўскі), архіепіскап Харкаўскі (†1940);
- Свяшчэннамучанік Гермаген (Далганаў), епіскап Табольскі (†1918);
- Свяшчэннамучанік Паўлін (Крошачкін), архіепіскап Магілёўскі (†1937);
- Свяшчэннамучанік Иаан (Помер), архіепіскап Рыжскі (†1934);
- Свяшчэннамучанік Мітрафан (Краснапольскі), архіепіскап Астраханскі (†1919);
- Свяшчэннамучанік Іасаф (Жывахаў), епіскап Магілёўскі (†1937);
- Свяшчэннамучанік Іаан (Пашын), епіскап Рыльскі (†1938);
- Свяшчэннамучанік Іона (Лазараў), епіскап Веліжскі († 1937);
- Прападобнамучанік Серафім (Шахмуць), архімандрыт Жыровіцкі (†1946);
- Свяшчэннамучанік Уладзімір Хіраска, прасвітар Мінскай епархіі (†1933);
- Свяшчэннамучанік Васіль Ізмайлаў, прасвітар Мінскай епархіі (†1930);
- Свяшчэннамучанік Пётр Грудзінскі, прасвітар Мінскай епархіі (†1930);
- Свяшчэннамучанік Валерыян Навіцкі, прасвітар Мінскай епархіі (†1930);
- Свяшчэннамучанік Уладзімір Хрышчановіч, прасвітар Мінскай епархіі (†1933);
- Свяшчэннамучанік Іаан Вячорка, прасвітар Мінскай епархіі (†1933);
- Свяшчэннамучанік Сергій Радакоўскі, прасвітар Мінскай епархіі (†1933);
- Свяшчэннамучанік Уладзімір Талюш, прасвітар Мінскай епархіі (†1938);
- Свяшчэннамучанік Міхаіл Навіцкі, прасвітар Мінскай епархіі (†1935);
- Свяшчэннамучанік Парфірый Рубановіч, прасвітар Мінскай епархіі (†1943);
- Священномученик Михаил Плышевский, пресвитер Минской епархии (†1937);
- Свяшчэннамучанік Дзмітрый Паўскі, прасвітар Мінскай епархіі (†1937);
- Свяшчэннамучанік Іаан Варанец, прасвітар Мінскай епархіі (†1937);
- Свяшчэннамучанік Леанід Біруковіч, прасвітар Мінскай епархіі (†1937);
- Свяшчэннамучанік Аляксандр Шалай, прасвітар Мінскай епархіі (†1937);
- Свяшчэннамучанік Мікалай Мацкевіч, прасвітар Мінскай епархіі (после †1937);
- Свяшчэннамучанік Іаан Панкратовіч, прасвітар Мінскай епархіі (†1937);
- Свяшчэннамучанік Уладзімір Зубковіч, прасвітар Мінскай епархіі (†1938);
- Свяшчэннамучанік Дзмітрый Плышэўскі, прасвітар Мінскай епархіі (†1938);
- Свяшчэннамучанік Уладзімір Пастэрнацкі, прасвітар Мінскай епархіі (1938);
- Свяшчэннамучанік Мацвей Крыцук, прасвітар Мінскай епархіі (†1950);
- Свяшчэннамучанік Мікалай Васюковіч, прасвітар Мінскай епархіі (†1937);
- Свяшчэннамучанік Мікалай Акаловіч, прасвітар Мінскай епархіі (†1934);
- Святы Уладзімір Елянеўскі, вызнаўца Віцебскі (†1954);
- Свяшчэннамучанік Канстанцін, прасвітар Шаркаўшчынскі (Полацкая епархія) (†1919);
- Свяшчэннамучанік Аляксій, прасвітар Лельчыцкі (Тураўская епархія) (†1937);
- Свяшчэннамучанік Кіпрыян, прасвітар Ятранскі (Навагрудская епархія) (†1942);
- Свяшчэннамучанік Яраслаў Савіцкі, прасвітар Гродзенскага Краснастоцкага манастыра (†1937);
- Свяшчэннамучанік Аляксандр Саульскі, прасвітар Навагрудскай епархіі (†1938);
- Свяшчэннамучанік Афанасій Кіслаў, прасвітар Пскоўскай епархіі (†1937);
- Свяшчэннамучанік Іосіф Счэнсновіч, дыякан Маскоўскай епархіі (†1937);
- Прападобнамучанік Анатолій (Бацвіннікаў), іераманах Цвярской епархіі (†1937);
- Прападобнамучанік Галактыён (Урбановіч-Новікаў), іераманах Маскоўскай епархіі (†1937);
- Мучанік Дзмітрый Уласенкаў, псаломшчык Віцебскай епархіі (†1942).
Сведчаннем непарыўнай сувязі са сваёй беларускай паствай заўсёды з'яўляліся Першасвяціцельскія візіты ў Беларусь і малітоўныя зносіны з вернікамі Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія Другога і яго пераемніка на Маскоўскім Патрыяршым прастоле Свяцейшага Патрыярха Кірыла. Першы з гэтых візітаў Патрыярх Аляксій Другі ажыццявіў з 15 па 20 чэрвеня 1991 года і звязаны ён быў, у асноўным, з наведваннем Кіраўніком РПЦ раёнаў пацярпелых ад ядзернай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Гэта быў першы візіт Патрыярха Маскоўскага на беларускую зямлю за ўсю яе тысячагадовую гісторыю. Другі візіт Свяцейшага Патрыярха, які адбыўся 22-26 ліпеня 1995 года, быў ажыццёўлены ў сувязі з 50-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне з фашызмам. Яго Свяцейшасць наведаў Мінскую, Гродзенскую і Брэсцкую епархіі. Падчас трэцяга наведвання Беларускага Экзархату, які праходзіў 24-27 верасня 1998 года, Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі пабываў у Мінскай, Віцебскай і Полацкай епархіях і ўзначаліў урачыстасці ў гонар Уздзвіжання Пачэснага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга ў Полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім ман-ры. У перыяд з 23.06. па 27.06.2001 года адбыўся чацвёрты візіт Свяцейшага Патрыярха ў Беларусь, які быў звязаны з 60-мі ўгодкамі з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. На гэты раз яго Свяцейшасць наведаў межы Брэсцкай, Пінскай, Тураўскай і Гомельскай епархій. У пяты раз Свяцейшы Патрыярх наведаў Беларусь 18.05-20.05.2002 года для таго, каб прыняць удзел у святкаванні Жыровіцкай іконы Божай Маці ў Успенскім мужчынскім манастыры і ў цырымоніі адкрыцця будынка Дома міласэрнасці ў Мінску. За час візіту Свяцейшы маліўся разам са сваёй беларускай паствай у храмах і манастырах Мінскай, Навагрудскай і Пінскай епархій Беларускага Экзархату. Апошні візіт, Патрыярх Аляксій Другі здзейсніў у канцы кастрычніка 2008 года,незадоўга да свайго скону.
Абраны на Памесным Саборы Рускай Праваслаўнай Царквы, які праходзіў 27-28 студзеня 2009 года, Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл наведаў сваю беларускую паству ў верасні 2009 года і ў кастрычніку 2012 года, а таксама ў ліпені 2013 года, калі разам з Кіраўнікамі і прадстаўнікамі Памесных Праваслаўных Цэркваў, узначаліў у сталіцы Рэспублікі Беларусь, горадзе Мінску ўрачыстасці, прысвечаныя 1025-годдзю Хрышчэння Русі, У год святкавання 1000-годдзя блажэннага скону святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра і 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Свяцейшы Патрыярх Кірыл здзейсніў 20-22 чэрвеня 2015 года свой чацвёрты Першасвяціцельскі візіт у Рэспубліку Беларусь. На гэты раз ён пабываў у Мінску і ў Брэсце.
Рашэннем Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы ад 25 снежня 2013 г. Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт быў залічаны на спачын у сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту. Сінод вызначыў быць мітрапаліту Філарэту «Ганаровым Патрыяршым экзархам усяе Беларусі», захаваўшы за ім права ўдзелу ў працы Святога Сінода і ганаровае пратакольнае месца за набажэнствамі і ў афіцыйных цырымоніях. Новым Патрыяршым экзархам усяе Беларусі, тады ж быў абраны мітрапаліт Разанскі і Міхайлаўскі Павел (Панамароў), якому быў прысвоены тытул «Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі». У кастрычніку 2014 года, у сувязі са з'яўленнем у Беларускім Экзархаце новых самастойных епархій і удакладненнем межаў Мінскай епархіі, Свяшчэнны Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы засвоіў Патрыяршаму Экзарху, мітрапаліту Паўлу новы тытул: «Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі».
Рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 26 лютага 2014 года быў заснаваны Духоўна-адміністрацыйны цэнтр – Мінская Экзархія, як орган па кіраванні Беларускім Экзархатам, які аб'ядноўвае Упраўленне спраў Мінскай Экзархіі і 17 профільных Сінадальных аддзелаў. У кастрычніку 2014 года ў межах Беларусі было створана некалькі новых самастойных епархій: Барысаўская, Маладзечанская і Слуцкая, шляхам выдзялення іх са складу Мінскай епархіі. Для каардынацыі дзейнасці кіруючых архіерэяў новаствораных епархій была ўтворана Мінская мітраполія ў складзе Мінскай, Барысаўскай, Маладзечанскай і Слуцкай епархій. У снежні 2014 года была ўтвораны Лідская епархія і Дзятлаўскае вікарыяцтва Навагрудскай епархіі.
Такім чынам, на пачатак 2015 года ў Беларускай Праваслаўнай Царкве было 14 епархій: Мінская і Заслаўская, Полацкая і Глыбоцкая; Пінская і Лунінецкая; Магілёўская і Мсціслаўская; Брэсцкая і Кобрынская; Гомельская і Жлобінская; Навагрудская і Слонімская; Гродзенская і Ваўкавыская; Тураўская і Мазырская; Віцебская і Аршанская; Барысаўская і Мар'інагорская; Слуцкая і Салігорская; Маладзечанская і Стаўбцоўская; Лідская і Смаргонская, і налічвалася 1612 царкоўных прыходаў з правам юрыдычнай асобы і 35 манастыроў. Сваё служэнне здзяйснялі 15 архіерэяў, 1691 свяшчэннік, 216 дыяканаў, 432 манахаў і манахінь.