- Гісторыя Беларускай Царквы
- Бабруйская епархія
- Барысаўская епархія
Гісторыя Гродзенскай епархіі
У 1900 г. з часткі Літоўскай праваслаўнай епархіі была створана Гродзенская праваслаўная епархія з тытулам правячага архіерэя «епіскап Гродзенскі і Брэсцкі». У 1900-1901 гады ў Гродзенскай губерні праваслаўныя складалі пераважную частку насельніцтва (896 914 чалавек на 1 600 000 усяго насельніцтва).
У 1923 годзе частка Гродзенскай епархіі (тэрыторыя Беластоцкага і Навагрудскага ваяводстваў) увайшла ў склад Польскай праваслаўнай аўтакефальнай царквы. Шмат цэркваў польскімі ўладамі было зачынена або перададзена католікам. Ва ўмовах палітыкі паланізацыі і акаталічвання беларускага насельніцтва праваслаўныя іерархі і частка святарства сталі на шлях супрацоўніцтва з уладамі і былі ўцягнутыя ў працэс паланізацыі Праваслаўнай Царквы. Набажэнствы на польскай мове ажыццяўляліся ў 1935 годзе ў кафедральным саборы ў Беластоку і ў гарнізоннай царкве ў Гродне. У 1938 годзе ў Гродне быў створаны Праваслаўны навукова-выдавецкі інстытут, які займаўся выдавецтвам прапагандысцкіх брашур выключна на польскай мове і ў польскім нацыянальным духу.
У 1939 годзе з пачаткам Другой сусветнай вайны на былых польскіх землях было створана так званае генерал-губернатарства, а Польская аўтакефальная царква страціла Валынскую, Віленскую, Палескую і большую частку Гродзенскай епархіі. Тая частка Гродзенскай епархіі, якая была ў складзе БССР, у 1939 годзе ўвайшла ў падпарадкаванне Маскоўскаму Патрыярхату. Гродзенская епархія налічвала тады каля 300 прыходаў і распаўсюджвалася на тэрыторыю былых епархій Палескай і Гродзенскай. Але з 1941 года ва ўмовах нямецкай акупацыі сувязь з Масквой была перарвана. У 1942 годзе на саборы беларускіх епіскапаў было прынята рашэнне на тэрыторыі акупаванай Беларусі стварыць шэсць праваслаўных епархій, у тым ліку Гродзенскую, якія ўваходзілі ў склад «Праваслаўнай Беларускай аўтакефальнай царквы» (1942-1944 гады). Для кіраўніцтва прыходамі Гродзеншчыны, далучанымі нямецкімі акупацыйнымі ўладамі да Усходняй Прусіі, быў прызначаны епіскап Венядзікт (Навіцкі). Пасля вызвалення тэрыторыі вобласці ад нямецкай акупацыі епархія перайшла ў кананічнае падпарадкаванне Маскоўскаму Патрыярхату.
У 1953 годзе ў сувязі з антырэлігійнай палітыкай савецкай улады Гродзенская епархія перастала існаваць, а яе тэрыторыя ўвайшла ў склад Мінска-Беларускай праваслаўнай епархіі. На працягу толькі аднаго 1960 года ў Гродзенскай вобласці перасталі дзейнічаць 53 храмы, да 1985 г. іх было закрыта 156.
З другой паловы 1980-х гадоў пачалося паступовае адраджэнне царкоўнага жыцця. У 1992 годзе была адноўлена Гродзенская епархія.
У цяперашні час Гродзенская епархія ўключае ў сябе тэрыторыю Гродзенскага, Бераставіцкага, Ваўкавыскага, Зэльвенскага, Мастоўскага, Свіслацкага, Шчучынскага і часткова Воранаўскага раёнаў Гродзенскай вобласці.