- Гісторыя Беларускай Царквы
- Бабруйская епархія
- Барысаўская епархія
Гісторыя Пінскай епархіі
Пачатак гісторыі Пінскай епархіі выпадае на першую палову XI стагоддзя, што звязана з заснаваннем Тураўскай епархіі. Першае згадванне аб Тураўскай епархіі адносіцца да 1005 года. Пад гэтай датай згадваецца Тураўскі епіскап Фама, пад 1072 – епіскап Сімяон. Але бясспрэчна адно, што хрысціянства ў Тураў трапіла і распаўсюдзілася пры святым князі Уладзіміры.
Рад Тураўскіх епіскапаў з канца XII стагоддзя да пачатку XIV стагоддзя перарываецца. З гэтага можна зрабіць вынік, што з татара-мангольскім нашэсцем Тураўская епархія перастала існаваць. Да пачатку XIV стагоддзя цэнтрам Тураўскай епархіі становіцца г. Пінск і епіскапы ужо называюцца Пінскімі і Тураўскімі.
З пачатку Брэсцкай уніі (1596г.) наступае ганенне на праваслаўных. Некаторы час епіскапы не пастаўляліся. Нягледзячы на тое, што ў 1620 годзе епіскапам Тураўскім быў прызначаны грэк Аўраамій Лецыда (1621 – 1633 гг.), праваслаўе тут доўга не пратрымалася. Пасля яго епархія адпала ў унію. У 1793 годзе епархія ўвайшла ў склад наноў утворанай Праваслаўнай Мінскай архіепіскапіі.
Адноўлена Пінская епархія ў 1918 годзе. Свяцейшым патрыярхам Ціханам у Пінск быў прызначаны епіскап Панцеляймон (Ражноўскі) з тытулам Пінскі і Навагрудскі, з правам кіравання цэрквамі ўсіх паветаў былой Мінскай губерні, якія апынуліся на тэрыторыі Польшчы. У 1922 годзе за пярэчанне аўтакефаліі Польскай Праваслаўнай Царквы епіскап Панцеляймон быў пазбаўлены кафедраў і сасланы на спакой у Жыровіцкі манастыр.
Пераемнікам архіепіскапа Панцеляймона па кафедры стаў епіскап Аляксандр (Іназемцаў) з тытулам Пінскі і Палескі.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны тэрыторыя Пінскай епархіі адышла да Украіны не столькі па этнічных, колькі па палітычных меркаваннях. Архіепіскап Аляксандр прысутнічаў у Луцку (1941 г.) на саборы, на якім была ўтворана Украінская Праваслаўная аўтакефальная Царква. На гэтым саборы архіепіскап Аляксандр атрымаў ад Палікарпа Сікорскага белы клобук. З адступленнем немцаў пайшоў з імі на захад.
У пасляваенны час Пінскай епархіяй кіравалі Праасвяшчэнныя: Анісіфор (Панамароў) (1945-1946 гг.), Данііл (Юзвюк) (1946-1950 гг.), Паісій (Абразцоў) (1950-1952 гг.). Пасля гэтага Праасвяшчэнныя на Пінскую кафедру не прызначаліся.
Застойны перыяд доўжыўся амаль 40 гадоў. З 1980 года вікарныя епіскапы Мінскай мітраполіі – Праасвяшчэнныя Афанасій (Кудзюк) (1980-1984 гг.) і Канстанцін (Хоміч) (1987 - 1990 гг.) тытулаваліся Пінскімі.
Вызначэннем Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы ад 6 ліпеня 1989 г. Пінская епархія адроджана. Сінодам Беларускага Экзархату ад 16 лютага 1990 года вызначана кіраўніку Пінскай епархіяй мець тытул «епіскап Пінскі і Лунінецкі». Свяшчэнным Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы ад 19-20 лютага 1990 года епіскапам Пінскім і Лунінецкім пастаноўлена быць намесніку Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра і рэктарам Мінскай духоўнай семінарыі архімандрыту Сцяфану (Корзуну).
Пінская епархія адроджана 6 ліпеня 1989 года, аб'ядноўвае прыходы на тэрыторыі 8 раёнаў Брэсцкай вобласці Рэспублікі Беларусь (Баранавіцкага, Ганцавіцкага, Іванаўскага, Івацэвіцкага, Лунінецкага, Ляхавіцкага, Пінскага, Столінскага). Кафедральны горад – Пінск. Кафедральны сабор – святой вялікамучаніцы Варвары г. Пінска, настаяцель – протаіерэй Канстанцін Балакай.
Правячы архіерэй – архіепіскап Сцяфан (Корзун), на кафедры з 4 сакавіка 1990 года.