- Гісторыя Беларускай Царквы
- Бабруйская епархія
- Барысаўская епархія
Гісторыя Полацкай епархіі
Полацкая епіскапская кафедра была ўтворана ў 992 годзе і стала першай на тэрыторыі Белай Русі. Гэта падзея адносіцца да часу праўлення князя Ізяслава, сына роўнаапостальнага Уладзіміра і полацкай князёўны Рагнеды.
У X-XIII стагоддзях у яе склад уваходзіла тэрыторыя з гарадамі Віцебск, Мінск, Ізяслаўль, Лагойск, Слуцк, Друцк, Навагрудак, Орша, Лукомль.
Летапіснае згадванне аб першым праваслаўным полацкім храме – царкве Прасвятой Багародзіцы –датуецца 1007 годам. У сярэдзіне ХІ стагоддзя ў Полацку быў узведзены чацвёрты ў хрысціянскім свеце Сафійскі сабор. Адсюль пачала свой праведны шлях праўнучка князя Уладзіміра князёўна Прадслава – святая прападобная Еўфрасіння, ігумення Полацкая. Яна перапісвала кнігі, будавала храмы і манастыры, была прымірыцелькай і асветніцай зямлі Беларускай. А епіскапы таго часу – Міна (1105 год), Дыянісій (1183 год) і Сімяон (1289 год) – ўдастоіліся царкоўнага праслаўлення ў шэрагу мясцовашанаваных святых.
У XIV-XVI стагоддзях, калі Полацкія землі ўваходзілі ў склад ВКЛ, епархія мела статус архіепіскапіі. Полацкія епіскапы выбіраліся на мітрапалічую кафедру. З 50 манастыроў, якія дзейнічалі на тэрыторыі ВКЛ, 15 належылі Полацкай епархіі.
Пасля Лівонскай вайны Полацкая епархія з 1563 па 1579 гады ўваходзіла ў склад Маскоўскай мітраполіі, што садзейнічала далейшаму ўмацаванню праваслаўя.
Разруха пачалася ў 1580 годзе, калі горадам авалодаў польскі кароль Стафан Баторый. Праваслаўныя храмы перадаваліся езуітам, а з 1596 г. Полацкая епархія стала ўніяцкай. Праваслаўе захавалася толькі ў Брацкім Богаяўленскім манастыры.
І толькі праз 200 гадоў, калі беларускія землі былі далучаны да Расіі, пачалося вяртанне ўніятаў ва ўлонне Праваслаўнай Царквы. У 1833 годзе была адноўлена Полацкая епархія, якая ўключала ў сябе Віцебскую, Віленскую і Курляндскую губерні. Архірэі таго часу –Васіль (Лужынскі) – 1840-1870 гады, Аляксандр (Закіс) — 1898 год, Серафім (Мешчаракоў) – 1910 год – пакінулі прыкметны след у гісторыі развіцця і ўмацавання епархіі. Адрадзіўся Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, будаваліся храмы, адкрылася жаночае духоўнае вучылішча, а ў 1839 годзе была заснавана Полацкая духоўная семінарыя. У 1870 годзе ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр была ўрачыста перавезена часцінка мошчаў святой прападобнай Еўфрасінні. З 1874 года пачалі выходзіць «Полацкія епархіяльныя ведамасці». У 1896-1897 гадах было пабудавана яшчэ 17 цэркваў. А ў 1910 годзе паводле найвышэйшага наказу імператара Мікалая II з Кіева ў Полацк былі ўрачыста перанесеныя святыя мошчы прападобнай Еўфрасінні Полацкай.
У 1914 годзе ў Полацкай епархіі налічвалася 310 прыходаў, 546 цэркваў, 135 капліц, 636 чалавек духавенства (з іх 359 святароў), 872 384 вернікаў, 442 царкоўна-прыходскіх школы, 297 бібліятэк.
Падчас Першай сусветнай вайны Полаччына апынулася ў памежнай зоне. Аднак гэта бедства было непараўнальным з тым духоўным разбурэннем, якое пачалося ў 1917 годзе. Зачыняліся храмы і манастыры, была разрабавана царкоўная маёмасць, пачаліся рэпрэсіі супраць духавенства. У 1921-1922 гадах былі канфіскаваныя крыж і срэбраная рака прападобнай Еўфрасінні. Яе святыя мошчы былі выкрытыя і адпраўленыя на атэістычную выставу ў Маскву.
Да пачатку Другой сусветнай вайны на Полацкай зямлі не засталося ніводнага дзеючага храма. Епархія спыніла сваё існаванне.
Падчас вайны царкоўнае жыццё некалькі ажывілася. Была адноўлена Полацка-Віцебская кафедра. Адкрылася некалькі храмаў і Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр. У 1943 годзе былі вернуты ў манастыр святыя мошчы прападобнай Еўфрасінні.
У 1955 годзе ў Віцебскай вобласці налічвалася 26 цэркваў. Але 10 з іх і Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр былі зачыненыя ў 60-е гады.
Царкоўнае жыццё пачало аднаўляцца толькі праз 30 гадоў. Зноў была ўтворана Полацка-Віцебская кафедра, хіратанісаны ў епіскапа архімандрыт Дзімітрый (Драздоў). Межы епархіі былі вызначаныя адміністрацыйнымі межамі Віцебскай вобласці. А ў год свайго 1000-годдзя (1992 год) Полацкая епархія атрымала самастойнасць.
У цяперашні час Полацкая епархія ўключае ў сябе тэрыторыю Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Міёрскага, Полацкага, Пастаўскага, Расонскага, Ушацкага, Шаркаўшчынскага раёнаў Віцебскай вобласці.