- Гісторыя Беларускай Царквы
- Бабруйская епархія
- Барысаўская епархія
Уз'яднанне ўніяцкага духавенства на Полацкім царкоўным саборы і іншыя падзеі 19 – пачатку 20 стст.
Пасля скону свяціцеля Георгія (Каніскага) і імператрыцы Кацярыны II сітуацыя змянілася. Пры імператары Паўле I (1796-1801), ўз'яднанне ўніятаў спынілася, і пераход іх у каталіцтва не забараняўся. У 1798 годзе імператар заснаваў 2 уніяцкія епархіі: Брэсцкую (для Мінскай і Літоўскай губерняў) і Луцкую (для Валынскай і Падольскай). Аднак, не лічачы грэка-каталіцкую Царкву кананічна самастойнай, ён падпарадкаваў яе каталіцкай калегіі. Наступствам гэтай палітыкі стала актыўная прапаганда каталіцызму і зварот у «лацінства» як уніятаў, так і праваслаўных. Тыя ж тэндэнцыі захаваліся ў канфесійнай палітыцы ў праўленне Аляксандра I (1801-1825).
У цараванне Мікалая I (1825-1855), які імкнуўся да ўмацавання кансерватыўных пачаткаў і ўзмацнення значэння праваслаўнай Царквы, канфесійная сітуацыя ў Беларусі рэзка змянілася. Новы курс расійскага ўрада супадаў з рэфарматарскімі настроямі часткі ўніяцкіх іерархаў, якія былі падтрыманы ва ўрадавых колах. Аднак удзел часткі уніяцкага духавенства ў польскім паўстанні 1830-1831 гг. не толькі спыніў гэта супрацоўніцтва, але і прывёў да ўзнікнення ідэі аб поўнай ліквідацыі грэка-каталіцкай Царквы. Гэтая ідэя атрымала сваё ўвасабленне на Полацкім Саборы, калі беларускія ўніяцкія біскупы і астатняе ўніяцкае духавенства падпісалі саборны акт аб злучэнні ўніяцкай Царквы з праваслаўнай (12 лютага 1839). 25 сакавіка акт быў зацверджаны імператарам. У 1839 годзе з Праваслаўем ўз'ядналася звыш 1600 прыходаў і больш 1 млн. 600 тыс. чалавек. У 1840 г. Сінод прадпісаў духавенству зах. губерняў чытаць пропаведзі па святах і нядзелях на зразумелай для прыхаджанаў мове, кіраўніцтву епархій больш клапаціцца аб развіцці народнай адукацыі. Пасля Полацкага сабора частка былых уніятаў перайшла ў каталіцызм, у 1842 Сінод загадаў далучаць іх да праваслаўя, што выклікала пратэст з боку каталіцкіх іерархаў.
У 2-й палове XIX — пач. XX ст. на тэрыторыі Беларусі існавала 5 епархій: Полацкая, Мінская, Магілёўская, Гродзенская, значная частка беларускіх зямель уваходзіла ў склад Віленскай епархіі. У 1907 годзе было адкрыта Беластоцкае вікарыяцтва Гродзенскай епархіі, рэзідэнцыяй архіерэя быў Супрасльскі манастыр; у 1910 г. заснавана Слуцкае вік-цтва Мінскай епархіі; у 1913 г. — Дзвінскае вікарыяцтва Полацкай епархіі, у 1914 г.— Гомельскае вікарыяцтва Магілёўскай епархіі. К 1914 году на тэрыторыі сучаснай Беларусі дзейнічала 3552 царквы, 470 капліц і 35 манастыроў. У Мінску, Вільні, Магілёве і Віцебску меліся духоўныя семінарыі. Пры ўсіх прыходах існавалі царкоўна-прыхадскія школы.
Важным фактарам царкоўнага жыцця ў Беларусі з'яўлялася дзейнасць правасл. брацтваў, адраджэнне якіх пачалося ў 60-х гг. XIX стагоддзя. Найбольш буйнымі з іх былі: Віленскае Свята-Духаўскае, Віцебскае св. Уладзіміра; Мінскае св. Мікалая; Магілёўскае Богаяўленскае; у Полацку — у імя свц. Мікалая і прп. Еўфрасінні. Брацтвы арганізоўвалі пазыковыя таварыствы, актыўна развівалі выдавецкую дзейнасць, публікавалі перыядычныя выданні, папулярныя кнігі па грамадзянскай і царкоўнай гісторыі Заходняй Русі, праводзілі публічныя багаслоўскія чытанні.