- Гісторыя Беларускай Царквы
- Бабруйская епархія
- Барысаўская епархія
Шлях служэння
Биография митрополита Филарета (Вахромеева), первого Патриаршего Экзарха всея Беларуси
Мітрапаліт Філарэт, першы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, (свецкае імя Кірыл Варфаламеевіч Вахрамееў) нарадзіўся 21 сакавіка 1935 года ў Маскве, у сям'і служачых.
Дзед, Аляксандр Іванавіч, вядомы яраслаўскі купец, з 1913 года з'яўляўся спачынным дваранінам па ўласных заслугах. Бацька, Варфаламей Аляксандравіч (1904-1984), выкладчык Гнесінскага музычнага вучылішча пры Маскоўскай кансерваторыі, аўтар падручніка «Элементарная тэорыя музыкі». За складанне падручніка царкоўных спеваў для духоўных школ узнагароджаны ордэнам св. князя Уладзіміра II ступені.
Маці, Аляксандра Фёдараўна Вахрамеева (1903-1981), і старэйшая сястра, Вольга Варфаламееўна Вахрамеева (1925-1997), таксама з'яўляліся педагогамі маскоўскіх музычных школ.
Увосень 1953 года Кірыл Вахрамееў скончыў сярэднюю школу № 557 і паралельна музычную школу Бауманского раёна горада Масквы па класе харавых спеваў і кантрабаса.
У 1953 годзе пасля заканчэння сярэдняй і музычнай школы паступіў у Маскоўскую духоўную семінарыю.
У 1954-1961 гадах нёс послух іпадыякана Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія I і мітрапаліта Круціцкага Мікалая (Ярушэвіча).
У 1957 годзе скончыў Маскоўскую духоўную семінарыю і паступіў у Маскоўскую духоўную акадэмію. 3 красавіка 1959 года быў пастрыжаны ў манаства з нарачэннем імя ў гонар святога праведнага Філарэта Міласцівага.
26 красавіка 1959 года Свяцейшым Патрыярхам Аляксіем I быў рукапаложаны ў іерадыякана.
Увесну 1961 года скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя і стаў выкладчыкам маскоўскіх духоўных школ.
14 снежня 1961 года Свяцейшы Патрыярх Аляксій I рукапалажыў іерадыякана Філарэта ў іераманаха.
У 1962 годзе быў прызначаны старэйшым памочнікам інспектара, а ў 1963 годзе — інспектарам Маскоўскіх духоўных акадэміі і семінарыі.
4 жніўня 1963 года быў узведзены ў сан ігумена, а 8 кастрычніка таго ж года — у сан архімандрыта.
Увосень 1963 года быў прызначаны загадчыкам аспірантуры Маскоўскай духоўнай акадэміі і сакратаром камісіі Свяшчэннага Сінода па пытаннях хрысціянскага адзінства.
Пастановай Свяшчэннага Сінода ад 8 кастрычніка 1965 года архімандрыт Філарэт быў абраны епіскапам Ціхвінскім, вікарыем Ленінградскай епархіі. Архіерэйская хіратонія была здзейснена 24 кастрычніка 1965 года ў Троіцкім саборы Аляксандра-Неўскай лаўры.
З 14 мая 1966 года — епіскап Дзмітраўскі, вікарый Маскоўскай епархіі, рэктар Маскоўскай духоўнай акадэміі.
28 лістапада 1968 года быў прызначаны другім намеснікам старшыні Аддзела знешніх царкоўных зносін Маскоўскага Патрыярхату.
Удзельнічаў у дзейнасці камісіі па падрыхтоўцы і правядзенні Памеснага сабора 1971 года, у гэтыя ж дні часова выконваў абавязкі намесніка Троіца-Сергіевай Лаўры.
З 6 верасня 1971 па 25 жніўня 1972 года часова кіраваў Калінінскай епархіяй.
9 верасня 1971 года быў узведзены ў сан архепіскапа.
З 18 красавіка 1973 года — архіепіскап Берлінскі і Сярэднееўрапейскі, Патрыяршы Экзарх Сярэдняй Еўропы.
У 1974 годзе абраны ганаровым членам Маскоўскай і Ленінградскай духоўных акадэмій.
15 красавіка 1975 года ўзведзены ў сан мітрапаліта.
10 кастрычніка 1978 года Свяшчэнным Сінодам быў прызначаны мітрапалітам Мінскім і Беларускім, а 12 кастрычніка — Патрыяршым Экзархам Заходняй Еўропы.
З 16 лістапада 1979 года часова кіраваў Корсунскай епархіяй.
З 1981 па 1988 год з'яўляўся намеснікам старшыні Камісіі па падрыхтоўцы і правядзенні урачыстасцяў, прысвечаных святкаванню 1000-годдзя Хрышчэння Русі, кіраўніком рабочай групы па ўдзелу ў святкаванні юбілею іншых Цэркваў і па грамадскіх праблемах.
14 красавіка 1981 года стаў старшынёй Аддзела знешніх царкоўных зносін Маскоўскага Патрыярхату і па пасадзе — пастаянным членам Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы.
З 26 жніўня 1981 года — член Цэнтральнага камітэта Сусветнага Савета Цэркваў. З'яўляўся старшынёй міжнароднага падрыхтоўчага камітэта, а затым старшынёй Сусветнай канферэнцыі «Рэлігійныя дзеячы за выратаванне свяшчэннага дару жыцця ад ядзернай катастрофы», якая адбылася ў маі 1982 года ў Маскве.
У 1980-я гады быў абраны старшынёй грамадскай камісіі Савецкага камітэта абароны міру па сувязях з рэлігійнымі коламі, якія выступаюць за мір; з'яўляўся віцэ-прэзідэнтам Таварыства «СССР-Грэцыя», віцэ-прэзідэнтам Асацыяцыі творчай інтэлігенцыі «Свет культуры», членам праўлення таварыства «СССР-Кіпр», уваходзіў у склад Савецкага камітэта за еўрапейскую бяспеку і супрацоўніцтва.
1 лютага 1984 года вызвалены ад пасады экзарха Заходняй Еўропы, згодна з прашэннем. 19 красавіка 1985 года яму было даручана акармленне праваслаўных прыходаў у Фінляндыі.
15 сьнежня 1988 года быў абраны ў склад выбарчай камісіі па выбарах народных дэпутатаў СССР ад Руху за мір, які ўзначальваўся Савецкім камітэтам абароны міру.
16 кастрычніка 1989 года ў сувязі з утварэннем новых епархій і пастановай Архіерэйскага Сабора аб утварэнні Беларускага Экзархату Маскоўскага Патрыярхату быў прызначаны Экзархам Беларусі з тытулам: «Мітрапаліт Мінскі і Гродзенскі, Патрыяршы экзарх Беларусі».
У сувязі з пашырэннем дзейнасці Беларускага Экзархату падаў прашэнне і 13 лістапада 1989 года быў вызвалены ад пасады старшыні Аддзела знешніх царкоўных зносін Маскоўскага Патрыярхату з захаваннем месца пастаяннага члена Свяшчэннага Сінода.
З 1990 па 1995 год з'яўляўся народным дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь; у 1990 годзе быў абраны старшынёй Камісіі Вярхоўнага Савета БССР па пытаннях дэпутацкай этыкі.
У тым жа годзе стаў сябрам Рады Беларускага аддзялення Міжнароднага фонду славянскай пісьменнасці і славянскіх культур.
9 мая 1990 года увайшоў у склад Сінадальнай Біблейскай камісіі Рускай Праваслаўнай Царквы.
16 ліпеня 1990 года быў прызначаны старшынёй камісіі Свяшчэннага Сінода па садзейнічанні намаганням у пераадоленні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Са студзеня па снежань 1991 года — народны дэпутат СССР.
З 18 лютага 1992 года тытулуецца мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, Свята-Успенскай Жыровіцкай абіцелі свяшчэннаархімандрытам.
З 28 снежня 1993 года быў прызначаны старшынёй Сінадальнай Багаслоўскай камісіі; у 1993-1994 гадах з'яўляўся старшынёй камісіі па хрысталагічнаму дыялогу са Старажытнаўсходнімі праваслаўнымі цэрквамі.
З 3 лютага 1994 года — свяшчэннаархімандрыт Благавешчанскага Лядзенскага манастыра.
З 28 снежня 1996 года па 17 ліпеня 1997 года часова кіраваў Полацкай, а з 28 лютага па 4 ліпеня 2002 года — Магілёўскай епархіямі.
1 сакавіка 2006 года быў удастоены звання «Герой Беларусі» за шматгадовы асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне беларускага народа, умацаванне дружбы і брацкіх сувязяў паміж народамі, развіццё міжканфесійнага дыялогу.
25 студзеня 2009 года Архіерэйскім Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы ў Маскве абраны адным з трох кандыдатаў на Патрыяршы пасад, аднак 27 студзеня 2009 года зняў сваю кандыдатуру з выбараў.
З 27 ліпеня 2009 года — член Міжсаборнай прысутнасці Рускай Праваслаўнай Царквы.
21 сакавіка 2010 года быў узнагароджаны правам пераднясення крыжа за богаслужэннем у межах Беларускага Экзархату.
31 мая 2010 года Свяшчэнны Сінод, заслухаўшы прашэнне мітрапаліта Філарэта аб залічэнні на спачын па дасягненні 75-гадовага ўзросту, пастанавіў прасіць яго працягнуць кіраванне Мінскай епархіяй і кіраўніцтва Беларускім Экзархатам з выказваннем падзякі за шматгадовую працу па акармленні праваслаўнай паствы Беларусі.
5 кастрычніка 2011 года вызвалены ад пасады старшыні Сінадальнай біблейска-багаслоўскай камісіі.
У 2013 годзе прыняў удзел у падрыхтоўцы і святкаванні на тэрыторыі Беларусі 1025-годдзя Хрышчэння Русі. Царкоўныя ўрачыстасці, якія прайшлі ў Маскве і Кіеве, завяршыліся 29 ліпеня 2013 года на Мінскім замчышчы Бажэственнай літургіяй, за якой мітрапаліт Філарэт саслужыў Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу і Прадстаяцелям і прадстаўнікам Памесных Праваслаўных Цэркваў.
25 снежня 2013 года Свяшчэнны Сінод задаволіў паўторнае прашэнне Высокапраасвяшчэннага мітрапаліта Філарэта аб сыходзе на спачын, прызначыўшы яго ганаровым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, захаваўшы за ім права ўдзелу ў працы Свяшчэннага Сінода і ганаровае пратакольнае месца за богаслужэннямі і ў афіцыйных цырымоніях.
Свяшчэнны Сінод выказаў сардэчную падзяку за «35-гадовае архіпастырскае акармленне Беларусі, якое адзначана выдатнымі царкоўнымі дасягненнямі, такімі як адкрыццё 10 епархій, шматразовае павелічэнне колькасці прыходаў, адкрыццё новых манастыроў, духоўных школ, усталяванне добразычлівага і канструктыўнага дыялогу з дзяржаўнай уладай і грамадскім арганізацыямі, падтрыманне годнага ўзроўню міжканфесійных адносін, удзел у знешняй дзейнасці Маскоўскага Патрыярхату».
За 35-гадовы перыяд знаходжання мітрапаліта Філарэта на чале Беларускага Экзархату былі адроджаны гістарычныя і заснаваны новыя праваслаўныя епархіі. Адкрыты 24 жаночых і 10 мужчынскіх манастыроў. У некалькі разоў павялічылася колькасць праваслаўных прыходаў, пабудаваны сотні новых і адноўлены многія разбураныя храмы і царкоўныя будынкі.
Уладыка ўзначаліў архіерэйскія хіратоніі дзевяці пастыраў для беларускіх кафедр і рукапалажыў у свяшчэнны сан сотні верных дзяцей Царквы Хрыстовай.
Беларускай Праваслаўнай Царквой былі праслаўлены многія мясцовашаваныя святыя. Устаноўлены святкаванні Сабора Беларускіх святых (а пазней у склад яго ўключаны імёны 14 угоднікаў Божых, якія падзвізаліся на Беларускай зямлі) і Сабора новамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай.
Духоўнаму ўздыму спрыяла адраджэнне Мінскай духоўнай семінарыі і адкрыццё Мінскай духоўнай акадэміі. З'явіліся духоўныя вучылішчы ў Мінску, Слоніме і Оршы, Школа званароў пры Мінскім епархіяльным упраўленні і Школа катэхізатараў Мінскай епархіі. Была адкрыта семінарыя ў Віцебску і заснаваны тэалагічны факультэт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, ператвораны з часам у Інстытут тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2015 годзе пабудаваны Духоўна-адукацыйны цэнтр Беларускай Праваслаўнай царквы, куды пераехала духоўная акадэмія.
На новы ўзровень выйшла выдавецкая і асветніцкая дзейнасць: было арганізавана Выдавецтва Беларускага Экзархату, адроджаны і заснаваны царкоўныя газеты, часопісы і альманахі; заснаваны шэраг царкоўна-грамадскіх аб'яднанняў, такіх як, да прыкладу, міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла». Была закладзена традыцыя правядзення штогадовых форумаў і канферэнцый з удзелам багасловаў, творчай і навуковай інтэлігенцыі, рэлігійных дзеячаў Беларусі, Расіі, Украіны, блізкага і далёкага замежжа, а таксама прадстаўнікоў дзяржаўных органаў. Мітрапаліт Філарэт неаднаразова выступаў на беларускіх і замежных канферэнцыях з дакладамі, выказваўся ў сродках масавай інфармацыі па актуальных і вострых праблемах сучаснасці.
Ключавую ролю адыграў мітрапаліт Філарэт у адраджэнні дзейнасці сястрыцтваў міласэрнасці ў Беларусі, распачатае ў снежні 1988 года, калі пад яго старшынствам адбыўся ўстаноўчы сход Сястрыцтва ў гонар святой праведнай Сафіі Слуцкай пры Мінскім кафедральным саборы. Неўзабаве сталі ўтварацца і праваслаўныя брацтвы, адным з найстарэйшых з'явілася Мінскае брацтва Віленскіх мучанікаў.
Мітрапаліт Філарэт ініцыяваў правядзенне царкоўна-навуковых пошукаў па гісторыі Праваслаўя ў Беларусі і благаславіў працы па перакладзе Свяшчэннага Пісання на сучасную беларускую мову.
Знакавай падзеяй найноўшага этапу царкоўнага жыцця ў Беларусі стала аднаўленне Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Асвячоная ў 1997 годзе святыня стала сапраўды сімвалам духоўнага адраджэння Беларускіх зямель. За гэтыя гады па благаславенню Экзарха ўзноўлена сярэбраная рака для мошчаў прападобнай Еўфрасінні Полацкай, пабачыла свет факсімільнае выданне рукапіснага Слуцкага Евангелля, помніка XVI стагоддзя.
Мітрапаліт Філарэт прыняў актыўны асабісты ўдзел у распрацоўцы праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», у новай рэдакцыі Закона была зафіксавана фармулёўка аб вызначальнай ролі Праваслаўнай Царквы ў развіцці духоўных, дзяржаўных і культурных традыцый беларускага народа.
Заключанае ў 2003 годзе Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой заклала аснову царкоўна-дзяржаўных адносін у Беларусі і не мела аналагаў на постсавецкай прасторы; на яго аснове заключаюцца пагадненні і падпісваюцца праграмы супрацоўніцтва апошніх дзесяцігоддзяў.
Пасля сыходу на спачын мітрапаліт Філарэт прымаў удзел у значных царкоўных урачыстасцях, грамадскіх і дзяржаўных мерапрыемствах і прысутнічаў на пасяджэннях Сінода Беларускага Экзархату, у тым ліку на праведзеным упершыню ў Мінску 15 кастрычніка 2018 года пасяджэнні Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы.
Апошнія гады жыцця праводзіў богаслужэнні ў дамовым храме ў гонар Сабора Беларускіх святых Мінскага епархіяльнага ўпраўлення. Апошнім разам мітрапаліт Філарэт маліўся за Літургіяй 14 снежня 2020 года ў дамовым храме Мінскага епархіяльнага ўпраўлення ў гонар Сабора Беларускіх святых у дзень сваіх тэзаімянінаў.
У снежні 2020 года ў сувязі з пагоршаным самаадчуваннем быў шпіталізаваны і 12 студзеня 2021 года, на 86-м годзе жыцця, памёр у бальніцы ад наступстваў каронавіруснай інфекцыі.
15 студзеня 2021 года ў Свята-Духавым кафедральным саборы быў здзейснены чын адпявання мітрапаліта Філарэта, які ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін у саслужэнні мітрапаліта Белацаркоўскага і Багуслаўскага Аўгусціна і архіерэяў Беларускага Экзархату.
Пахаваны на малых брацкіх могілках за алтаром Крыжаўздзвіжанскага храма Успенскага Жыровіцкага манастыра.